×

Таленавітая Сафія

05.02.2020 13:03,

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Гэта мудрае выслоўе напоўнена глыбокім сэнсам і геніяльнай прастатой. На працягу стагоддзяў яно неаднаразова знаходзіла гэтаму пацвярджэнне, увасабляючыся ў жыцці і творчасці вялікіх мастакоў, музыкаў, акцёраў і навукоўцаў. Разам з тым у процівагу выказвання існуе народная думка, што талент — гэта 5% спадчыннасці і 95% карпатлівай і штодзённай працы. 

Сапраўды, за кожнай з выбітных асоб — звычайны чалавек, які ў юным узросце днямі напралёт займаўся любімай справай і стараўся рабіць гэта прафесійна, з максімальнай самааддачай. У выніку гады стараннасці і настойлівасці ўвасобіліся ва ўнікальныя здольнасці, якія мы называем талентам. Пра такога звычайнага незвычайнага чалавека і пойдзе гаворка. 

Вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа № 12 Магілёва — установа ўнікальная. Тут ужо на працягу 15 гадоў існуюць класы ваенна-патрыятычнага кірунку. У такія класы навучэнцы трапляюць з 9 па 11 клас. Пераважна гэта хлопчыкі. Спецыфіка класаў такая, што навучэнцы носяць ваенную форму, маюць дадатковыя заняткі па ваеннай і страявой падрыхтоўцы, рыхтуюцца стаць студэнтамі адпаведных устаноў вышэйшай адукацыі. Аднак, нягледзячы на строгія нормы навучання і выхавання, знаходзіцца месца і для творчасці.

У 9 “А” класе навучаецца Сафія Натсiдзiс, незвычайна яркі, светлы, разумны і таленавіты чалавек. Чым толькі не займаецца яна ў вольны ад вучобы час: іграе на домры, вучыцца маляванню алоўкам і акварэллю, спявае, піша апавяданні і вершы. Здавалася б, такі прадмет, як фізіка, і любое творчае пачынанне несумяшчальныя. Але нам удалося даказаць адваротнае. Так, забыўся прадставіцца. Мяне завуць Алег Вячаслававіч, я працую ў гэтай школе настаўнікам фізікі і астраноміі ўжо пяць гадоў. У мяне атрымалася разгледзець у Сафіі не толькі здольную вучаніцу, але і таленавітага чалавека, наладзіць з ёй узаемаадносіны ў сістэме “настаўнік — вучань”, якія потым перараслі ў сістэму “настаўнік — напарнік”. Мы сталі разам прыдумляць ідэі для конкурсаў па фізіцы і не толькі. Адзін з нас распрацоўваў сцэнарый, другі ўвасабляў яго на відэа ці на лістах паперы. Хтосьці заўсёды выступаў у якасці рэцэнзента і крытыка.

Раскажу пра ўдзел у конкурсах больш падрабязна. Кожны год праходзіць рэспубліканскі конкурс “Энергамарафон”. Конкурс пераважна выхаваўчай накіраванасці і арыентаваны на прапаганду беражлівага спажывання энергіі. У гэтым конкурсе ёсць намінацыя “Відэаролік”. Я быў прыемна здзіўлены, што Сафія акрамя ўсяго іншага ўмее здымаць і манціраваць невялікія відэафрагменты. Яна самастойна напісала сцэнарый да роліка, зрабіла раскадроўку, зняла і зманціравала відэа. Праца атрымала назву “Беражыце ваду як сваю свабоду”. На гарадскім этапе конкурсу яе відэаролік узяў дыплом ІІ ступені.

У студзені ў сярэдняй школе № 21 Магілёва прайшоў гарадскі этап конкурсу “Дзеці. Тэхнiка. Творчасць”. Для ўдзелу ў конкурсе Сафія зрабіла прэзентацыю, дзе прадставіла родную школу, а таксама ваенна-патрыятычныя класы. У параднай вайсковай форме Сафія годна і з гонарам распавядала журы пра значэнне патрыятызму ў жыцці сучаснага падлетка. Закранула дзяўчынка і тэму 75-годдзя з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Праца была ацэнена дыпломам ІІІ ступені.

У цяперашні час мая вучаніца рыхтуе кароткаметражны фільм для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе, які арганізоўваецца МУС да Дня міліцыі. Намінацыя называецца “Я б у міліцыю пайшоў...”. У фільме — адразу тры пакаленні: вучань пачатковых класаў, навучэнец сярэдняга звяна з ваенна-патрыятычнага класа і выпускнік школы. Усе яны іграюць ролю аднаго і таго ж героя — хлапчука Сцяпана, які хоча звязаць свой лёс са службай у міліцыі. Аповед (голас за кадрам) будзе весці сама Сафія. Прычым тэкст запланаваны ў вершаванай форме па матывах выдатнага твора Сяргея Міхалкова “Дзядзька Сцёпа міліцыянер”.

Кожны раз, удзельнічаючы ў тым ці іншым конкурсе, Сафія кажа: “Я адчуваю незвычайнае пачуццё радасці і шчасця, знаходзячыся ў творчым працэсе стварэння відэароліка, прэзентацыі або малюнка”. А гэта і ёсць галоўная місія педагога для навучэнцаў: выхаваць іх гарманічнымі, шчаслівымі асобамі.

Зразумела, такога поспеху ў Сафіі не было б без падтрымкі бацькоў, якія вераць у яе, накіроўваюць, разумна крытыкуюць і проста любяць. Дзякуй ім за гэта. Мне вельмі пашанцавала з такой разумнай і таленавітай вучаніцай. Выдатна, што мы можам рэалізоўваць сумесныя творчыя праекты, у працы над якімі мы навучаем і накіроўваем адно аднаго, спрыяючы уласнаму самаразвіццю.

Алег РЫЖКОЎ,
настаўнік фізікі і астраноміі дзіцячага сада — сярэдняй школы № 12 Магілёва.