×

Тэрыторыя здароўя

08.06.2019 12:15,

Захаванне здароўя вучняў — адзін з кірункаў дзейнасці Каменскага вучэбна-педагагічнага комплексу Чавускага раёна. Уся дзейнасць педагагічнага калектыву накіравана на захаванне паўнавартаснага здароўя навучэнцаў, навучанне асновам здаровага ладу жыцця, фарміраванне здароўезберагальнага асяроддзя.

З гэтай мэтай у школе праводзіцца работа па павышэнні фізічнай актыўнасці: дынамічныя перапынкі, дні здароўя, спартландыі, спартыўныя святы. Асабісты прыклад педагогаў спрыяе фарміраванню патрэбнасці ў занятках спортам, у сувязі з гэтым праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы паміж навучэнцамі і педагогамі па настольным тэнісе, валейболе. Ва ўстанове арганізавана работа спартыўнай і трэнажорнай залы ў пазаўрочны час, якія запатрабаваны не толькі вучнямі, але і жыхарамі аг.Каменка.

Навучэнцы нашай школы паказваюць добрыя вынікі ў раённых спаборніцтвах, а таксама выязджаюць на абласныя. Менавіта на абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы быў адзначаны вучань нашай школы Дзмітрый Шарко, які цяпер вучыцца ў Бабруйскай школе алімпійскага рэзерву і паказвае высокія вынікі. Нашы дзеці хочуць быць падобнымі на алімпійскую чэмпіёнку Дзінару Алімбекаву, якая свае першыя крокі ў спорце зрабіла ў нашай школе.

З 2017 года на базе школы рэалізуецца міжведамасны праект “Школа — тэрыторыя здароўя”. Рэалізацыя праекта спрыяе павышэнню ўзроўню ведаў па пытаннях здаровага ладу жыцця, павышэнню долі падлеткаў, якія вядуць здаровы лад жыцця, як вынік — зніжэнню ўзроўню захваральнасці на грып і ВРВІ.

Мэтанакіраваная, цярплівая і паслядоўная праца дазваляе вырашаць задачы ўмацавання здароўя выхаванцаў, фарміравання ў іх устойлівых навыкаў здаровага ладу жыцця. Выхоўваючы ў дзяцей патрэб­насць штодня рухацца, выконваць фізічныя практыкаванні, быць у гармоніі з сабой і людзьмі, мы закладваем у іх трывалыя асновы добрага здароўя.

Наталля ВЫЧАНКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Каменскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна.