×

Трое ў лідарах

11.04.2019 15:34,

Рэгіянальны этап конкурсу “СуперТройка” сярод лідараў піянерскага руху адбыўся на Магілёўшчыне.

Як паведаміла стар­шыня абласнога савета БРПА Алена Малдавана­ва, творчае спа­бор­ніцтва аб’яд­нала 19 ка­манд з розных куткоў вобласці. У склад кожнай дружыны ўвайшлі акцябронак, піянер і старшы піянерважаты.

— На шляху да перамогі ­ўдзельнікам неабходна было прая­віць свае веды, навыкі і артыстызм у некалькіх заданнях. Усім членам кожнай каманды трэба было прадставіць партфоліа “Інтэрнэт-кейс важатага”, “Партфель лідара”, фотакалаж “Ранец акцябронка”. Таксама канкурсанты дэманстравалі журы відэаролікі з самапрэзентацыяй “Наш шлях да поспеху”. Творчыя здольнасці лідараў выяўляліся ў конкурсе “Разам мы сіла”, а ўзровень іх ведаў і эрудзіраванасці — у мазгавым штурме “Адгадаць за
60 секунд”, — расказала Алена Мікалаеўна.

Абсалютнымі пераможцамі конкурсу сталі прадстаўнікі гімназіі № 3 Бабруйска: педагог-арганізатар В.У.Шчарбакова, піянер Дар’я Белякова і акцябронак Леанід Прановіч. Прызёрамі конкурсу таксама сталі каманды з Мазалоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаў­скага раёна, сярэдніх школ № 31 і № 15 Магілёва. Усе лепшыя дружыны былі адзначаны ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. А каманда-пераможца ў найблі­жэйшы час прадставіць Магілёў­шчыну на заключным туры конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена абласным саветам БРПА.