×

Турнір для юных футбалістаў

03.09.2019 14:58,

У Глускім раёне ўсебакова папулярызуюць сярод моладзі здаровы лад жыцця, імкнуцца далучаць падрастаючае пакаленне да заняткаў фізкультурай і спортам. Па ініцыятыве мясцовага аддзела па адукацыі, спорце і турызме тут перыядычна праводзяцца разнастайныя масавыя спартыўныя мерапрыемствы.

— Уканцы летніх канікул у нас традыцыйна прайшлі турніры па футболе і міні-футболе сярод навучэнцаў устаноў агульняй сярэдняй адукацыі. Спаборніцтвы аб’ядналі звыш 80 удзельнікаў, — паведаміла начальнік раённага аддзела па адукацыі, спорце і турызме С.М.Лісіца.

Сёлета футбольны турнір праводзіўся дзясяты раз. За пераможныя кубкі змагалася восем каманд. Тры дружыны дэманстравалі свае здольнасці ў вялікім футболе, а яшчэ пяць спаборнічалі ў міні-футболе. Калі дакладней, у рамках турніру на стадыён выходзілі прадстаўнікі раённай гімназіі, сярэдніх школ № 1 і № 2 райцэнтра, а таксама Усцярхоўскага і Заеліцкага вучэбна-педагагічных комплексаў.

Спаборніцтвы за званне наймацнейшых доўжыліся на працягу трох тыдняў. Кожны матч праходзіў відовішчна і цікава. Усе юныя футбалісты заўзята імкнуліся да перамогі.

У спаборніцтвах па вялікім футболе найбольш пашанцавала ў гэтым годзе камандзе сярэдняй школы № 1. Прадстаўнікі раённай гімназіі і сярэдняй школы № 2 занялі 2-е і 3-е прызавое месца адпаведна. Лідарамі спаборніцтваў па міні-футболе сталі вучні раённай гімназіі. Другое месца заваявалі навучэнцы Усцярхоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу, а трэцяе дасталася прадстаўнікам сярэдняй школы № 1 райцэнтра.

Характэрна, што без прызоў турнір не пакінула ні адна з каманд. Пераможцам былі ўручаны пераходныя кубкі. Лепшая каманда па міні-футболе атрымала таксама камплекты новай футбольнай формы ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Астатнія былі адзначаны салодкімі падарункамі і футбольнымі мячамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.