×

У альма-матар праз 40 гадоў

07.08.2019 14:38,

Як жа даўно гэта было! А здаецца — быццам учора. Пры сустрэчы ў сацыяльна-гуманітарным каледжы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова часам было складана маментальна адрэагаваць на ўсмешку меркаванай аднагрупніцы. Толькі пры пільным разглядзе многія пазнавалі адна адну, выказваючы шчырае захапленне і абменьваючыся цёплымі абдымкамі. Тэм для размоў не злічыць!

Колькі дарагіх успамінаў прамільгнула ў кожнай з выпускніц тады яшчэ Магілёўскага педагагічнага вучылішча імя К.Д.Ушынскага, калі яны даведаліся аб запланаванай сустрэчы ў цяперашнім каледжы праз 40 гадоў! Пры сустрэчы кожнай хацелася расказаць тое самае важнае і дарагое, што засталося ў памяці і з любоўю пранесена па жыццёвым шляху.

Магілёў, Бабруйск, Салігорск, Светлагорск, Мінск, Рагачоў... Куды толькі ні раскідаў лёс выпускніц-педагогаў. У кожнай свой прафесійны шлях, але кожная і сёння ўдзячная лёсу за тое, што давялося вучыцца ў педагагічным вучылішчы, пры паступленнi у якое, па словах выпускніц, конкурс складаў 17 чалавек на месца. А колькі сваіх выдатных педагогаў яны ўспомнілі!

Наведванне музейнага пакоя каледжа разам з выкладчыкам Корсакавым Дзмітрыем Генадзьевічам дазволіла выпускніцам акунуцца ў тую эпоху, калі яны, зусім яшчэ юныя, хадзілі па калідорах, жылі ў інтэрнаце, займаліся фізкультурай, спявалі і танцавалі на сцэне актавай залы, майстравалі наглядны матэрыял для заняткаў, здавалі сесіі…

Нам вельмі прыемна працаваць ва ўстанове адукацыі, якая мае такую працяглую гісторыю і традыцыі, і куды праз дзясяткі гадоў імкнуцца прыйсці выпускнікі, каб сустрэцца з юнацтвам і самымі дарагімі сэрцу ўспамінамі. Спадзяёмся, што і цяперашнія выпускнікі каледжа захочуць праз час сустрэцца адзін з адным у альма-матар, якая дала ім пуцёўку ў дарослае жыццё.

Валянціна ШУНАЕВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сацыяльна-гуманітарнага каледжа Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.