×

Урокі тэатра

11.05.2019 14:39,

Ужо шмат гадоў я праводжу са сваімі вучнямі ўрокі творчасці — урокі тэатра, на якіх дзеці ставяць свае спектаклі, абмяркоўваюць пастаноўкі, убачаныя на прафесійнай сцэне, паступова вучацца асновам сцэнічнага майстэрства, культуры гледача.

Праблема далучэння дзяцей да чытання ў апошні час стаіць вельмі востра. Мы, настаўнікі, з трывогай заўважаем зніжэнне цікавасці да чытання ў малодшых школьнікаў. Гэта звязана з бурным развіццём цывілізацыі: тэлебачанне, радыё, камп’ютары, сучасныя гульні, смартфоны, планшэты. Але нішто не павінна замяніць дзіцяці кнігу, бо з самага ранняга дзяцінства жыццё чалавека непарыўна звязана з кнігай, якая ў першую чаргу прывівае густ і любоў да казкі. Няма такой сферы жыцця, якая не была б звязана з кнігай, чытаннем. Адны кнігі вучаць дабру, другія — любові да прыроды, трэція — захоўваюць і перадаюць чалавечыя веды.

Далучэнне дзяцей да чытання вельмі актуальная тэма як у сацыяльным, так і ў педагагічным аспекце. Педагогі актыўна шукаюць сучасныя спосабы, формы, метады выхавання ў дзяцей жадання і ўмення чы­таць, выкарыстоўваць кнігу як крыніцу радасці, асалоды, як сродак пашырэння кругагляду, паглыблення ведаў пра свет. З маленства дзеці вельмі любяць слухаць казкі, а затым ужо чытаць іх. Для малодшага школьніка тэатр і казка — адно цэлае.

Тэатр з’яўляецца вельмі добрай глебай для выяўлення і развіцця творчых здольнасцей дзяцей.

Казка — гэта чароўны свет. Яна прымушае засмучацца з-за чужога няшчасця, перажываць за герояў, радавацца. Казка з’яўляецца незаменнай крыніцай фарміравання асобасных якасцей дзіцяці.

Я таксама вырашыла прывіваць любоў і павагу да чытання, да кнігі праз урокі тэатра. Злучэнне тэатра і казкі гарманічнае і апраўданае. Дзеці вераць у цуды і ў тое, што недзе на зямлі ёсць незвычайная казачная краіна, у якой птушкі і звяры, простыя хатнія рэчы і людзі могуць гаварыць адно з адным і жыць у сяброўстве, якое перамагае зло і вядзьмарства. І гэтая чароўная краіна існуе, а завецца яна Тэатр!

Дзеці ўспрымаюць свет сэрцам, а не розумам. Яны любяць усё цікавае. Тэатр для дзяцей — радасць. А што ж стаіць за гэтым? Развіццё творчых здольнасцей і мыслення, уяўлення і фантазіі. Гадаваць і выхоўваць чалавека, успрымальнага да цудоўнага, — адна з задач маіх урокаў. Я імкнуся выявіць і развіць багатыя магчымасці, якія закладзены ў дзіцяці. Урокі тэатра — гэта гульня, у якой дзеці паглыбляюцца ў цікавую творчую дзейнасць, дзе адкрываюць новыя для сябе праблемы і знаходзяць іх правільныя вырашэнні.

У кожным дзіцяці жыве цэльны тэатр, якому трэба дапамагчы раскрыцца. Вельмі часта дарослыя гавораць дзецям: “Ты павінен ста ць разумным, сумленным, добрым”. А чаму не сказаць так: “Ты павінен застацца разумным, сумленным, добрым”? Гэта асноўная ідэя маіх урокаў. Самы таленавіты, самы шчыры, самы добры чалавек на свеце — гэта дзіця. Усе дзеці вельмі цікавыя, і ўсе яны розныя. Але праходзяць гады, і чалавек часта губляе сваю непаўтор­насць. Мэта нашых урокаў тэатра — заха­ваць, умацаваць асабістае “Я” кожнага дзіцяці, выхаваць упэўненасць у сабе. Такія заняткі спрыяюць развіццю дасціпнасці, творчага ўяўлення, абуджаюць цікавасць да творчасці. Уд зел у тэатралізаваных пастаноўках развівае разнастайныя псіхічныя працэсы — маўленне, інтанацыю, памяць, мысленне, назіральнасць, увагу, асацыяцыі, а таксама творчыя і мастацкія здольнасці.

Урокі тэатра аб’яднаны з урокамі літаратурнага чытання і мовы, з урокамі музыкі і выяўленчага мастацтва. Сучасныя праграмы для пачатковай школы прапануюць вялікую колькасць казак, аўтарскіх і народных. Іх мы выкарыстоўваем для спектакляў і эцюдаў. У выніку праграмны матэрыял дзецьмі засвойваецца лепш. Спектакль, створаны па прачытанай у класе казцы, спрыяе і праяўленню актыўнасці вучняў. У іх прывіваецца любоў да чытання, да творчасці. Ставячы спектакль, яны набываюць навыкі калектыўнай творчасці.

Работу над спектаклем мы пачынаем з чытання твора і гутаркі пра творчасць аўтара. Размяркоўваючы ролі ў казках, дзе ўсё так маляўніча і незвычайна, дзеці дакладна ўяўляюць і маральную скіраванасць твораў. Яны асуджаюць эгаізм, самалюбства, ляноту, неахайнасць, хвальбу. Элементы тэатральнай дзейнасці я шырока выкарыстоўваю ў вучэбным працэсе, напрыклад, у выглядзе выразнага чытання вершаў, урыўкаў з прозы, у тэатралізаваных інсцэніроўках твораў.

Тэатральная дзейнасць дазваляе вырашаць шматлікія праблемы выхавання дзяцей з нетыповымі паводзінамі: сарамлівых, агрэсіўных, сацыяльна няўпэўненых. Акрамя таго, тэатр дапамагае арганізоўваць работу з адаронымі вучнямі.

Рэпертуар нашага тэатра складаецца галоўным чынам з казак у вершах, бо яны лёгка завучваюцца і з цікавасцю ўспрымаюцца гледачамі-дзецьмі. Спектаклі мы ствараем па казках С.Маршака, М.Носава, В.Драгунскага, С.Міхалкова, К.Чукоўскага, А.Вольскага і іншых аўтараў.

На ўроках тэатра дзеці атрымліваюць уяўленне пра жанры гэтага мастацтва: право­дзіцца работа над стварэннем опер і мюзіклаў. Так, у 1 класе мы паставілі мюзікл паводле казкі “Воўк і сямёра казлянят” (словы Ю.Энціна, музыка А.Рыбнікава). Нам таксама дапамагалі мае вучні 5 класа. У гэтым спектаклі злучаюцца слова і пантаміма, спевы і танцы, бо музыка Аляксея Рыбнікава выдатная. У гледачоў, маленькіх і вялікіх, прагляд мюзікла выклікаў захапленне. У 1 класе мы з вучнямі паставілі і міні-оперу “Пальчаткі” на музыку В.Герчык і вершы С.Маршака. Вельмі цікавы музычны спектакль атрымаўся таксама  па казцы С.Маршака “Кошчын дом”.

Найбольш любімай і цікавай для дзяцей формай работы з’яўляецца напісанне лістоў героям спектакляў, казак. Гэтыя лісты ўражваюць шчырасцю і непасрэднасцю выяўлення пачуццяў, жаданняў дзяцей.

Акрамя таго, урокі тэатра дапамагаюць вучням перамагаць на шматлікіх конкурсах. Так, на працягу некалькіх гадоў мае выхаванцы з вялікай радасцю і нецярпеннем чакаюць рэгіянальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Сёлета ён праходзіў пад дэвізам “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!”. Дзеці паспяхова прадстаўлялі на конкурсе творы В.Драгунскага “Зачараваная літара” і “Галоўныя рэкі Амерыкі”, чыталі верш пра свой любімы горад Магілёў “Як сімфонія, ціхая ноч”, аўтарам якога з’яўляецца Андрэй Рамонаў. Журы высока ацаніла выканальніцкае майстэрства, артыстызм, глыбіню пранікнення ў сэнсавую структуру тэксту, адзначыла сцэнічную культуру і тэхніку маўлення, а таксама выгляд канкурсантаў. Вучні атрымалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені.

А гэтыя калектыўныя вершы мы з дзецьмі склалі на нашых уроках тэатра.

Мы ў школе — незвычайны клас,

Такімі нават лічаць нас,

І ён адзіны ў нас пакуль.

Але карысць яго адтуль,

Каб былі мы ў мастацтве “докі”,

У нас бываюць тэатральныя ўрокі.

Мы іх старанна вывучаем

І пра тэатр шмат што знаем:

Хто для тэатра піша тэксты,

Што значаць міміка і жэсты,

Нашто тэатру рэжысёр,

І білецёр, і кантралёр,

Што значыць “заслона”, “гастролі”,

І як ужывацца трэба ў ролі.

Хай мы акцёрамі не будзем,

Урокаў гэтых не забудзем:

Яны культуру прывіваюць,

Патрэбных ведаў дабаўляюць.

Праз усё жыццё іх пранясём

І школу нашу мы не падвядзём!

Алена ПЛАТОНАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 37 Магілёва.