×

Установы чакаюць вучняў

13.08.2019 11:43,

Магілёўскія ўстановы адукацыі практычна гатовы да новага навучальнага года.

Летнія канікулы падыходзяць да свайго лагічнага завяршэння. Да свята ведаў засталося ўсяго некалькі тыдняў. На Магілёў­шчыне большасць навучальных устаноў ужо гатова прыняць сваіх вучняў. Дзяцей чакаюць абноўленыя класы, бо, пакуль яны адпачывалі і аздараўляліся, ва ўсіх навучальных установах разгарнуліся маштабныя рамонтныя работы. Падчас самых доўгіх канікул рамантаваліся кабінеты, закуплялася новае абсталяванне, наводзіўся парадак у актавых і спартыўных залах, на прылеглай тэрыторыі. Усюды ўлічвалася кожная дробязь, бо ад нязначнай дэталі можа шмат у чым залежаць настрой ­вучняў падчас вучэбнага працэсу.


Выхаванцы ДЦРД № 1 Магілёва радуюцца новаму гульнявому інвентару.

Як паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама, сёлета на капітальны і бягучы рамонты ўстаноў адукацыі Магілёўшчыны з бюджэту выдзелена звыш 14 млн рублёў. Сродкі накіраваны на рамонт школ і школ-інтэрнатаў, дзіцячых садоў, ­устаноў прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі, у якіх быў праведзены касметычны рамонт, часткова адрамантаваны дахі, інжынерныя камунікацыі, заменены вокны, свяцільні. У рамках гэтых сродкаў выконваліся планавыя мера­прыемствы, накіраваныя на бяспеку дзяцей, падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду. Акрамя таго, ва ўстановах была абноўлена мэбля і вучэбнае абсталяванне, для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў і сталовых закуплена разнастайнае халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне.

Па лініі Міністэрства адукацыі працягваецца цэнтралізаванае аснашчэнне кабінетаў хіміі і біялогіі. У бягучым годзе ў школах вобласці з’явяцца 31 сучасны кабінет хіміі і 3 кабінеты біялогіі, якія бу­дуць аснашчаны сучаснай мэбляй і абсталяваннем, а таксама інтэрактыўнымі сэнсарнымі сістэмамі. У шэраг школ прыедуць новыя аўтобусы, якія акажуць важкую дапамогу ў падвозе дзяцей. Калі дакладней, плануецца закупка 24 школьных аўтобусаў і ­8 аўтобусаў, прыстасаваных для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Зірнуць на афіцыйную інфармацыю на справе прадаставілася магчымасць у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці  № 1 Магілёва. Гэтая ўстанова з’яўляецца неаднаразовай пераможцай у працоўным спаборніцтве не толькі па вобласці, але і ў рэспубліцы. Таму нядзіўна, што, нягледзячы на пачатак жніўня, падрыхтоўка да новага навучальнага года тут ужо поўнасцю завершана.


Загадчык ДЦРД № 1 Магілёва Т.Ю.Швяцова дэманструе новую спартыўную пляцоўку.

— Гэтым летам мы правялі вельмі сур’ёзную работу. Адрамантаваны дах і абноўлены фасад ­установы. Часткова заменена дзіцячая мэбля і мэбля для супрацоўнікаў. Закуплены новы разнастайны гульнявы матэрыял і дыдактычныя дапаможнікі. Для актывізацыі работы па фарміраванні ў дзяцей навыкаў здаровага ладу жыцця была істотна абноўлена спартыўная зала. Тут з’явілася прыгожае і бяспечнае падлогавае пакрыццё, а таксама набыта шмат новага спартыўнага інвентару. Асаблівую ўвагу мы ўдзялілі добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі. Быў распрацаваны праект па арганізацыі спартыўнай пляцоўкі, і ён цалкам рэалізаваны, — расказала загадчык навучальнай установы Т.Ю.Швяцова.

Па яе словах, на новай спартыўнай пляцоўцы бяспечнае пакрыццё, ёсць бегавая дарожка, скачковая яма, шматлікае сучаснае спартыўнае абсталяванне. Цяпер малышы могуць гуляць у футбол і баскетбол. Акрамя таго, тут пабудавана новая прасторная веранда і з'явілася новае надворнае гульнявое абсталяванне. Яно вельмі яркае, выклікае ў дзяцей павышаную цікавасць і дазваляе педагогам арганізаваць розную гульнявую і сюжэтную дзейнасць на вуліцы. Усім 225 мясцовым выхаванцам такія перамены прыйшліся даспадобы.

Не менш аператыўныя тэмпы рамонтаў разгарнулі ў Глускім раёне. Тут работы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года таксама практычна скончаны. Зараз у навучальных установах завяршаюць апошнія рамонтныя штрыхі.

— Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года ўступіла ў завяршальную стадыю. Асноўны фронт работ у нас сёлета разгарнуўся ў раённай гімназіі, для мадэрнізацыі якой Сусветным банкам было выдзелена звыш 2 млн рублёў. У гэтай навучальнай установе зроблены рамонт даху, уцяпленне падвала, тэрмарэнавацыя і афарбоўка фасада, устаноўлены новыя вокны, заменены дзверы, таксама тут абноўлены ўсе кабінеты і памяшканні. У вучэбныя кабінеты хіміі, біялогіі і інфарматыкі пастаўлена новая мэбля і абсталяванне. Новы выгляд цяпер мае і ўваход у гімназію, куды 1 верасня на ўрачыстую лінейку прыйдуць больш за 40 першакласнікаў. Дастаткова маштабныя работы праведзены і ў іншых ­установах адукацыі. Так, у сярэдняй школе № 1 імя С.І.Грахоўскага і ­яслях-садзе № 4 адрамантавалі дах. У трэцім і чацвёртым яслях-садах цалкам замянілі аконныя блокі. Істотная ўвага ўсюды ўдзелена добраўпарадкаванню прылеглых тэрыторый. Важна, што многія рамонт­ныя работы праводзіліся за кошт паза­бюджэтных сродкаў. Наогул, усе педагагічныя калектывы імкну­ліся навесці ва ўстановах поўны парадак, каб дзеці ішлі на вучобу з радасцю, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама С.М.Лісіца.

Дарэчы, сур’ёзныя змены ў знешнім абліччы за летнюю пару адбыліся не толькі ў навучальных установах Глуска. Так, ужо завяршаецца капітальны рамонт у сярэдняй школе № 4 Асіповіч. Значныя рамонтныя работы за сродкі Сусвет­нага банка выкананы ў Мурынборскім ВПК Касцюко­віц­кага раёна. У яслях-садзе аграгарадка Усход Магілёў­скага раёна праводзіцца рэканструкцыя з узвя­дзеннем прыбудовы на 50 месцаў. Хутка скончыцца будаўніцтва ясляў-сада на 40 месцаў у аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна. ­Пасля капітальнага рамонту зноў расчыняе дзверы ­яслі-сад № 40 Магілёва.

Плануецца і адкрыццё новых устаноў адука­цыі. Такая радасная падзея чакае школьнікаў мік­рараё­на Казіміраўка Магілёва. Тут будзе ўведзены ў экс­плуа­тацыю першы пускавы комплекс новай школы на 1020 месцаў. У школе будзе створана безбар’ернае асяроддзе, устаноўлены сучасныя сродкі інфар­матызацыі, сістэмы бяспекі з камерамі відэаназірання і электронным прапускным рэжымам.

Падчас падрыхтоўкі да новага навучальнага года органамі кіравання адукацыяй курыруецца літаральна кожная ўстанова. Праводзіцца маніторынг выканання пазначаных работ, кантроль за іх якасцю. Такая павышаная ўвага дазваляе аператыўна ліквідаваць праблемы, праводзіць усе работы ў вызначаныя тэрміны. Зараз рамонты ўжо выходзяць на фінішную прамую. Несумненна, для ўсіх устаноў адукацыі вобласці ацэнка гатоўнасці стане станоўчай і 1 верасня яны чарговы раз расчыняць дзверы ў краіну ведаў перад сваімі вучнямі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.