Увага — дзіцячай бяспецы
Прафілактычная акцыя “Жыццё цудоўнае! Думай! Беражы сябе!” праходзіць у летні перыяд ва ўсіх установах адукацыі Магілёўскай вобласці. Яе мэта — навучанне падрастаючага пакалення правілам здаровага ладу жыцця і асновам бяспечнай жыццядзейнасці.
— Летам у дзяцей вельмі шмат вольнага часу, яны імкнуцца пазнаваць свет, забываючы, што на дарогах, каля вадаёмаў, у лесе іх можа чакаць павышаная небяспека. Каб захаваць жыццё і здароўе дзяцей, галоўны абавязак нас, дарослых, навучыць іх бяспечнай жыццядзейнасці. А бяспека — гэта не проста пэўныя веды, а яшчэ і ўменні правільна паводзіць сябе ў розных сітуацыях. Таму так важна не толькі засцерагаць дзяцей ад небяспекі, але і фарміраваць у іх уяўленні аб правілах бяспечных паводзін і здаровым ладзе жыцця, — расказала начальнік аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Н.М.Кульчанка.
Паводле яе слоў, мерапрыемствы праекта накіраваны на фарміраванне ў дзяцей каштоўнасці жыцця, прапаганду бяспечных і адказных паводзін, развіццё ўмення распазнаваць рызыкоўныя сітуацыі, выпрацоўку матывацыі да захавання здароўя. Яны праводзяцца ў пачатку кожнай змены ў аздараўленчых летніках, а таксама штотыдзень — ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Прафілактычная акцыя спрыяе фарміраванню ў дзяцей імунітэту супраць згубных схільнасцей, прапагандзе правільных маральных і сямейных каштоўнасцей, адмове ад рызыкоўных і матывацыі да здароўезберагальных паводзін. Мерапрыемствы даюць магчымасць кожнаму навучэнцу праявіць творчасць, сацыяльную актыўнасць, спрыяюць асобаснаму росту дзяцей, — адзначыла Н.М.Кульчанка.
Прафілактычныя мерапрыемствы даволі разнастайныя. Для дзяцей арганізоўваюцца тэматычныя гульні, спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы, віктарыны, гутаркі, тэсты, прагляд ролікаў і мультфільмаў. Усе мерапрыемствы разлічаны на дзень і ўмоўна дзеляцца на тры этапы. Спачатку выхавальнікі і педагогі вучаць старэйшых падлеткаў асноўным правілам бяспечнай жыццядзейнасці. Пасля гэтыя хлопцы і дзяўчаты працуюць з астатнімі дзецьмі ў фармаце “роўны вучыць роўнага”. Завяршэннем акцыі становіцца агульны флэшмоб.
Сімвалам праекта стала эмблема ў выглядзе сонца, якое традыцыйна асацыіруецца з радасцю і пазітывам. Падчас мерапрыемстваў яе мацуюць усім удзельнікам, на стэнды, у памяшканнях навучальных устаноў. Па меркаванні арганізатараў, такі сімвал вельмі спрыяе прыняццю дзецьмі жыццёва важных каштоўнасцей і ўстановак.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама.