×

Вандроўныя палатачныя лагеры — гэта здорава і цікава!

16.08.2019 12:19,

Каб добра і якасна працаваць і вучыцца, неабходна паўнавартасна адпачываць. Многія вучні Паўлавічскай сярэдняй школы імя Р.А.Худалеева Кіраўскага раёна дагэтуль узгадваюць летнія дзянькі, якія, дзякуючы арганізацыі дарослых, яны правялі весела, цікава і пазнавальна, а галоўнае, незвычайна і з карысцю.

З надыходам школьных канікул перад бацькамі і выкладчыкамі стаіць нялёгкая задача: арганізаваць адпачынак дзяцей. І лепш за ўсё гэта рабіць у комплексе: трэба, каб дзіця ад адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў не зусім адцягнулася, і ў пазнавальным плане набыло. Калі спытаць нас, дарослых, якія нам найбольш запомніліся ў дзяцінстве моманты, то, мабыць, самыя яркія летнія ўражанні — гэта лагер.

Сёння лагеры прадастаўляюць дзецям магчымасць развіваць свае здольнасці, а самае галоўнае — па-сапраўднаму аздаравіцца і набрацца сіл і энергіі для вучобы. А яшчэ стаць больш самастойнымі, набыць навыкі і ўменні, неабходныя ў жыцці. У гэтай сувязі хацелася б крыху падзяліцца з калегамі практычнымі напрацоўкамі з асабістага вопыту.

У Кіраўскім раёне, і, у прыватнасці, у нашай установе адукацыі вось ужо больш за дзясятак гадоў паспяхова практыкуецца арганізацыя вандроўных палатачных лагераў з кругласутачным знаходжаннем навучэнцаў, якія сталі самай папулярнай формай летнікаў. Жыццё для дзяцей у такім лагеры — адна з самых яскравых і цікавых прыгод. Цяжка ўстаяць перад магчымасцю адчуць усё хараство паходнага жыцця: начлег у палатках, смачная ежа, прыгатаваная на вогнішчы, гульні на свежым паветры... Аднак, каб уся гэтая рамантыка здзейснілася ў поўнай меры і, да таго ж, бяспечна для жыцця і здароўя дзяцей, неабходна дакладная арганізацыя.

У чым сутнасць вандроўнага палатачнага лагера? Яго ўдзельнікамі, як правіла, становяцца вучні 6 класа і старэйшыя, з якіх ствараецца атрад з 10—15 чалавек. Зыходзячы з асабістага вопыту работы, лічу гэты колькасна-ўзроставы варыянт самым аптымальным. Як правіла, старшыя хлопцы ўжо бывалі ў такіх лагерах раней (а некаторыя і не раз) і ахвотна перадаюць навыкі малодшым удзельнікам. За ўсім працэсам сочаць начальнік лагера і выхавальнікі.

Лагер працуе на працягу 9 дзён. Штодзень дзеці на роварах пераадольваюць пэўныя дыстанцыі са стаянкамі па загадзя складзеным маршруце. Дарэчы, маршруты кожны год новыя і распрацоўваюцца сумесна з дзецьмі. Робіцца гэта для таго, каб школьнікі маглі як мага лепш вывучыць свой край, пазнаёміцца з яго гісторыяй і традыцыямі. Мы абавязкова робім прыпынкі ў населеных пунктах, маем зносіны з мясцовым насельніцтвам. Гэта асабліва актуальна ў Год малой радзімы. Так рэалізуецца адна з мэт работы лагера: пазнавальная.

Наступная важная мэта — патрыятычная. Мы не проста бываем у населеных пунктах раёна. Маршруты праходзяць па месцах баявой славы нашых дзядоў і прадзедаў. Дзеці з вялікай цікавасцю наведваюць месцы воінскіх пахаванняў, мемарыяльныя комплексы, абеліскі, аддаюць даніну памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Адно з такіх памятных месцаў — мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна. Удзельнікі лагера ў розны час наведалі мемарыяльныя комплексы ў вёсцы Усакіна Клічаўскага раёна, месца дзіцячага канцлагера ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, мемарыяльную капліцу і помнік у вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна і іншыя.

Адным з найважнейшых складнікаў работы лагера з’яўляецца спартыўная частка. У дзяцей ёсць добрая магчымасць развіць свае фізічныя навыкі, бо за змену яны “намотваюць” на роварах каля 200 кіламетраў. Вядома ж, гэта не спартыўныя гонкі, тут няма спаборніцтваў “хто хутчэй”, удзельнікі групы едуць у сярэднім тэмпе, як кажуць, у сваё задавальненне. І абавязкова са строгім выкананнем правілаў дарожнага руху! Для бяспекі выхавальнікам лепш за ўсё выкарыстоўваць аўтасуправаджэнне. Да канца дня ў хлопцаў, вядома ж, назапашваецца пэўная стомленасць, але яна, хутчэй, прыемная. Варта адзначыць, што сярод удзельнікаў вандроўных палатачных лагераў — лепшыя спартсмены школы. Адсюль, у тым ліку, высокія спартыўныя дасягненні. Досыць яркім пацвярджэннем гэтага з’яўляецца той факт, што каманда Паўлавіцкай сярэдняй школы вось ужо 11  гадоў запар (!) упэўнена перамагае ў раённай круглагадовай спартакіядзе школьнікаў, паспяхова абараняе гонар Кіраўшчыны на абласных і Магілёўшчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

А само турысцкае жыццё — гэта асаблівы свет і каларыт! Акрамя гутарак, песень і апавяданняў каля вогнішча, рухавых гульняў і іншых забаў у дзяцей ёсць выдатная магчымасць авалодаць шматлікімі жыццёвымі навыкамі: усталёўваць палатку, распальваць вогнішча, выконваючы пры гэтым правілы пажарнай бяспекі, нарыхтоўваць дровы для падтрымання агню, гатаваць ежу, лавіць рыбу і многае іншае.

Вядома ж, пры арганізацыі вандроўных лагераў трэба выканаць і шэраг патрабаванняў:

неабходна мець дастатковую колькасць палатак, спальных мяшкоў, турыстычных дыванкоў, посуду для прыгатавання ежы;

прадукты харчавання і меню ўзгадніць з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, а калі плануецца выезд за межы раёна, то і з мясцовымі санітарнымі службамі; іх супрацоўнікі, да таго ж, павінны праверыць месцы стаянак на наяўнасць кляшчоў, якасць вады, якая будзе выкарыстоўвацца.

Правільная арганізацыя адпачынку дае свой плён. І галоўным вынікам можна лічыць радасныя і шчаслівыя твары дзяцей, якія за змену ў лагеры набываюць для сябе, мабыць, больш практычных навыкаў, чым за працяглыя адрэзкі навучальнага года.

Валерый ВАРОНІЧ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя Паўлавічскай сярэдняй школы імя Р.А.Худалеева Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.