×

Вучыць творча, вучыць цікава

10.06.2019 12:12,

“Умее вучыць той, хто вучыць цікава”. Гэтае сцвярджэнне выдатнага фізіка Альберта Эйнштэйна было пакладзена ў аснову раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў рускай літаратуры, хіміі і біялогіі, якія адбыліся ў Дрыбінскай сярэдняй школе.

У раённым мерапрыемстве прыняла ўдзел Наталля Васільеўна Намеснікава, метадыст па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура” ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”, а таксама супрацоўнікі Дрыбінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Васільеўна Тарасенка, загадчыца; Тамара Пятроўна Хальчукова і Святлана Мікалаеўна Давыдзёнак, метадысты; настаўнікі рускай літаратуры, хіміі і біялогіі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Мэта раённых метадычных аб’яднанняў — стварэнне ўмоў для прафесійнага росту настаўнікаў. 

У фае ўстановы адукацыі гасцей і ўдзельнікаў раённых метадычных аб’яднанняў сустракалі навучэнцы-выпускнікі. Нікога з прысутных не пакінулі абыякавым словы, якія прагучалі з іх вуснаў, словы ўдзячнасці і падзякі настаўнікам за іх уменне выкладаць свой прадмет цікава і захапляльна, абуджаючы ў душы кожнага школьніка гучанне ў адказ струн, якія ператвараюцца ў дапытлівасць — аснову працэсу навучання. 

Па традыцыі ва ўрачыстай атмасферы была праведзена “Хвіліна славы”. У ёй прынялі ўдзел Наталля Васільеўна і Любоў Васільеўна. Яны ўручылі настаўнікам-прадметнікам сертыфікаты і дыпломы па выніках удзелу ў раённых мерапрыемствах. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі настаўнікі рускай літаратуры Людміла Васільеўна Крышнева, Ганна Рыгораўна Кусцікава, Таццяна Віктараўна Лысянкова, Ірына Яўгенаўна Ластачкіна, Наталля Анатольеўна Бачкарова, Раіса Сямёнаўна Анішчанка, а таксама настаўнікі хіміі і біялогіі Наталля Генадзьеўна Малаткова і  Васіль Васільевіч Саратокін.

Любоў Васільеўна Тарасенка пры правядзенні прадметнай размінкі з удзель­нікамі раённага мерапрыемства выкарыстала аўтарскі прыём “гэта ведае кожны”. Гэты прыём кампетэнтнаснага характару накіраваны на павышэнне прадметнай пісьменнасці настаўніка. Гэта і метадычны прыём, які ўключае вучняў у актыўную пазнавальную дзейнасць, дае свабоду выбару, стварае сітуацыю поспеху, фарміруе ўменні прымяняць веды ў нестандартнай сітуацыі.

Раённыя метадычныя аб’яднанні былі праведзены ў форме аўтарскай майстэрні: адкрытыя вучэбныя заняткі з наступным самааналізам і аналізам, прэзентацыі вучэбных кабінетаў: рэклама выпушчаных прадметных газет, міні-майстэрні “Мае творчыя знаходкі”. Вопыт уласнай педагагічнай практыкі прадставілі Ірына Яўгенаўна Ластачкіна, настаўніца рускай літаратуры, і Наталля Генадзьеўна Малаткова, настаўніца хіміі. 

Адкрыты ўрок у 5 класе па вучэбным прадмеце “Руская літаратура” правяла Ірына Яўгенаўна. Навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўніцы працавалі над творам І.С.Тургенева “Муму”, разважалі пра духоўныя ператварэнні галоўнага героя твора — Герасіма, вучыліся выка­зваць і абгрунтоўваць свой пункт гле­джання. На ўроку прасочвалася сувязь з жыццём, пяцікласнікі прыводзілі прыклады асобаснага стаўлення да свойскіх жывёл. Творчы падыход настаўніка да планавання ўрока, выкарыстанне актыўных і інавацыйных форм работы — гэта адзін з важных метадычных прыёмаў вучэння з захапленнем.

Наталля Генадзьеўна запрасіла калег на ўрок хіміі, на якім навучэнцы 7 класа вывучалі тэму “Хімічныя ўласцівасці вады”. З поўнай упэўненасцю хачу адзначыць, што падрыхтаваны і праведзены ўрок хіміі сугучны са сцвярджэннем амерыканскага пісьменніка Рычарда Баха “твой настаўнік не той, хто цябе вучыць, а той, у каго ты вучышся”. Уключэнне вучняў у актыўную пазнавальную дзейнасць, стварэнне сітуацыі творчасці, даследаванні і пазнанне, фарміраванне ўменняў назіраць, параўноўваць, абагульняць, рабіць высновы, здабы­ваць самастойна веды і прымяняць іх у розных сітуацыях — усё гэта педагагічнае майстэрства, якое вядзе да паспяховага і выніковага навучання школьнікаў.

Пры правядзенні рэкламы прадметных газет і Ірына Яўгенаўна, і Наталля Генадзьеўна акцэнтавалі ўвагу калег на значнасці гэтага віду дзейнасці, спыніліся на гісторыі стварэння газет, расказалі аб выкарыстанні матэрыялу як на вучэбных занятках, так і ў пазакласнай дзейнасці, пры падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядным руху і цэнтралізаваным тэсціраванні.

Міні-майстэрні “Мае творчыя знаходкі”, праведзеныя Ірынай Яўгенаўнай і Наталляй Генадзьеўна, — гэта магчымасць для настаўнікаў папоўніць свае метадычныя скарбонкі новымі прыёмамі, павышэнне прадметнай пісьменнасці. А для настаўніка, які праводзіць міні-майстэрню, — гэта зручны выпадак для прэзентацыі вопыту ўласнай педагагічнай практыкі, прадстаўлення заданняў кампетэнтнаснага характару, матывацыя для пошуку эфектыўных прыёмаў навучання, стварэння аўтарскіх методык.

У тэарэтычным блоку на раённых метадычных аб’яднаннях былі абмеркаваны па тры пытанні.

Аўтарская рэфлексія “Ключавое слова”, праведзеная Любоўю Васільеўнай, дала магчымасць настаўнікам з дапамогай выбранага малюнка і самастойна напісанага на лісце слова прадставіць сваю педагагічную дзейнасць.

Вынік сумесных зносін падвяла Наталля Васільеўна Намеснікава. Яна адзначыла практычную накіраванасць раённых метадычных аб’яднанняў, метадычна дасканалы падыход да іх планавання і правядзення, атмасферу супрацоўніцтва і сутворчасці.

Любоў ТАРАСЕНКА,
загадчыца Дрыбінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.