×

Вучыць уласным прыкладам

18.07.2019 14:03,

Усё, што з намі адбываецца, усё для чагосьці — для чагосьці лепшага. Такім аптымістычным падыходам да жыцця кіруецца настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 15 Магілёва Галіна Васільеўна Дудко.

У педагогіку яна прыйшла па волі выпадку. Верагодна, шчаслівага. Увогуле, у выбары прафесіі яна прайшла доўгі шлях. Дзяўчынкай марыла стаць паштальёнам ці касманаўтам. У юнацтве пад уплывам школьнага настаўніка А.В.Любімава сур’ёзна захапілася гісторыяй. У выніку пасля заканчэння школы стала студэнткай гістарычнага факультэта сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова.

Пяць яе студэнцкіх гадоў праляцелі непрыкметна. А ўсё таму, што гэты час быў яркім і насычаным на падзеі. Галіна Васільеўна паспявала не толькі са стараннасцю асвой­ваць асновы прафесіі, але і ўдзельнічаць у археалагічных раскопках, розных экскурсіях, падарожжах, займацца горным турызмам, працаваць важатай у педагагічных атрадах.


Галіна Васільеўна ў ліку вядомых выпускнікоў гістфака МДУ імя А.А.Куляшова.

— Універсітэт я скончыла з чырвоным дыпломам. Асабліва радавалася за мяне мама. Можна сказаць, я рэалізавала яе дзіцячую мару стаць настаўніцай, — расказвае Г.В.Дудко.

Яе шлях у прафесію пачаўся ў сярэдняй школе № 17 Магілёва. Добразычлівыя таленавітыя калегі падтрымлівалі і тактоўна накіроўвалі маладую настаўніцу. Наогул, пра гэтую навучальную ўстанову ў яе засталіся самыя цёплыя ўспаміны: першыя адкрытыя ўрокі, першыя перамогі, першы выпуск, першы конкурс прафесійнага майстэрства.

— Так выйшла, што ўжо больш за 10 гадоў я працую ў 15-й гарадской школе. Змяніла месца жыхарства — прыйшлося змяніць і месца працы. Прывыкаць было нялёгка. З невялікай школы, дзе такія сямейныя адносіны, я трапіла ў самую вялікую па колькасці вучняў на той момант школу ў горадзе. Але я ні разу не пашкадавала. Тут таксама выдатны творчы педагагічны калектыў, дзе ўсе імкнуцца да прафесійнага росту, — адзначыла Г.В.Дудко.

Добрае і вечнае ў душах сваіх вучняў Галіна Васільеўна сее на працягу ўжо 23 гадоў. За гэты час яна выпрацавала ўласныя стратэгіі навучання, якія сапраўды прывіваюць дзецям цікавасць да гісторыі і грамадазнаўства.

— Для мяне гісторыя — гэта не проста чарада фактаў і падзей, гэта перш за ўсё людскія лёсы. На ўроках я даю навучэнцам магчымасць прачуць дух часу праз ролевыя гульні, праз драматызацыю, пастаноўку праблемных пытанняў. Сучасны свет прагматычны. Каб не гучала пытанне ад навучэнцаў “Навошта нам патрэбна гісторыя?”, я задаю яго сама. Адказы вельмі розныя: ад захавання памяці продкаў і цікаўнасці — да развіцця інтэлектуальных здольнасцей і выкарыстання гістарычнага вопыту. Складаю заданні так, каб дзеці адказвалі, абапіраючыся і на штодзённы светапогляд. Любоў да прадмета развіваецца і праз прызму адносін да настаўніка. Калі цікава мне, то я змагу заразіць гістарычнай цікавасцю і сваіх вучняў, — лічыць Г.В.Дудко.

На сваіх уроках яна стараецца заўсёды здзіўляць вучняў. Акрамя выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў, інавацыйных адукацыйных тэхналогій, для яе вельмі важны эмацыянальны складнік заняткаў. Калі адбываецца ўзаемадзеянне ўсіх удзельнікаў, калі ствараецца сітуацыя поспеху, калі проста цікава і ёсць вынік.

— Любы ўрок — гэта адкрыццё. І сваё адкрыццё кожны вучань зробіць сам. Настаўніку неабходна толькі стварыць патрэбныя ўмовы. Вучні для мяне — партнёры, а недзе і апаненты. Я стараюся ствараць такую атмасферу на ўроках, каб кожны навучэнец меў поспех, кожны ўносіў свой уклад у агульны вынік працы, а працэс навучання быў асэнсаваным і займальным, — заўважыла Г.В.Дудко.

Кожны ўрок педагог ненадакучліва накіроўвае навучэнцаў да самастойнай працы, уласнага пошуку адказаў на пытанні. Дапамагаюць гэтаму розныя сучасныя методыкі выкладання, якія Галіна Васільеўна актыўна выкарыстоўвае на занятках.


Кожны свой урок Г.В.Дудко імкнецца правесці творча і займальна.

— Зараз педагогу даецца шырокая прастора для творчасці. Сучасныя дзеці актыўныя і крэатыўныя. Таму на ўроках я рацыянальна спалучаю традыцыйныя і інавацыйныя формы навучання. Выкарыстоўваю інтэрактыўныя прыёмы і метады, практыка-арыентаванае навучанне, спалучэнне групавой, парнай і індывідуальнай форм работы. На цяперашні момант сфера маіх прафесійных інтарэсаў — гэта медыяадукацыя, змешанае навучанне. Мы шмат працуем з медыякрыніцамі — як гістарычнымі, так і сучаснымі. Ствараем праект “Фотафакты”. Навучэнцы падбіраюць фатаграфіі, якія адлюстроўваюць тую ці іншую гістарычную падзею, і ствараюць прэзентацыі. Усе разам мы вучымся адрозніваць праўду ад выдумкі, што вельмі важна ў сучасным свеце, дзе фэйкавая інфармацыя апанавала СМІ. Для вырашэння нестандартных задач выкарыстоўваю кейс-метад. Навучэнцам прапануецца сітуацыя, шляхі для яе вырашэння і праблемныя пытанні. У ходзе групавога абмеркавання дзеці вырашаюць зададзены кейс. Крыніцай для кейса можа быць і карціна, і дакументы, і анекдоты, і выдуманая гісторыя. Галоўнае, каб прапанаваная сітуацыя не мела адназначнага рашэння. У вучэбным працэсе таксама актыўна прымяняю элементы перавернутага ўрока. Вучні самастойна праводзяць анкетаванне, самі шукаюць дадатковы матэрыял па вучэбных тэмах, складаюць пытанні і заданні да ўрокаў, — паведаміла Г.В.Дудко.

Адметна, што Галіна Васільеўна стараецца быць сучасным настаўнікам, пастаянна імкнецца да прафесійнага развіцця. На яе думку, інакш зараз нельга.

— Настаўнік не можа быць несучасным. Мы, педагогі, заўсёды павінны быць у гушчы падзей, каб разумець падрастаючае пакаленне. І таму мы заўсёды маладыя, заўсёды наперадзе. Мы не толькі даём веды, мы выхоўваем. Настаўнік павінен умець вучыцца і здзіўляцца. Вучыцца самому, вучыцца ў перадавых педагогаў і ў сваіх вучняў, у тым ліку. А яшчэ педагог павінен быць шчырым. Дзяцей не падманеш. Яны адчуваюць фальш. У Экзюперы ёсць словы: “Усе дарослыя калісьці былі дзецьмі, але не ўсе пра гэта памятаюць”. Добры педагог абавязаны пра гэта памятаць, каб адчуваць і разумець сваіх вучняў, — упэўнена Г.В.Дудко.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Галіна Васільеўна асаблівую ўвагу ўдзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. У гэтым кірунку яна робіць упор на псіхалагічную сумяшчальнасць настаўніка і вучня. На яе думку, гэта не менш важна на шляху да поспеху, чым трывалае веданне дзецьмі прадмета.

— Педагогі добра ведаюць, як цяжка зрабіць правільны выбар, знайсці вучня, які будзе з табой на адной хвалі. Гэта вельмі важна для дасягнення поспеху. Любая вучэбная перамога — гэта вынік сімбіёзу вучня і настаўніка. Яшчэ адна неабходная ўмова — матывацыя дзяцей. Вучань павінен пры­маць удзел у конкурсным або алімпіядным руху тады, калі яму гэта сапраўды цікава. Матывацыю і цікавасць сваіх вучняў я ўвесь час падтрымліваю. Падтрымліваю праз сумеснае вывучэнне тэм і рашэнне гістарычных задач, праз распрацоўку для іх індывідуальных заданняў, актыўнае прыцягненне таленавітых навучэнцаў да арганізацыі ўрокаў, праз даследчую дзей­насць. Немалаважны аспект — узаемадзеянне з баць­камі. Разам мы можам у літаральным сэнсе горы звяр­нуць, — падкрэсліла Г.В.Дудко.

І сапраўды. Дзякуючы такому падыходу, вучні Галіны Васільеўны зварочваюць горы на шляху да вучэбных поспехаў. Яе навучэнцы штогод заваёўваюць дыпломы на рэспубліканскіх алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўстве, на даследчых і краязнаўчых конкурсах рознага ўзроўню.

У працоўнай біяграфіі Г.В.Дудко нямала і асабістых перамог. Акрамя шматлікіх ганаровых грамат ад мясцовых выканаўчых улад, у скарбонцы яе прафесійных дасягненняў званне “лепшы настаўнік” вобласці па выніках 2015 года. Акрамя таго, Галіна Васільеўна з’яўляецца лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” і членам клуба “Крыштальны журавель”. Дарэчы, удзел у прафесійным спаборніцтве стаў важнай вяхой для яе прафесійнага развіцця.

— Конкурс змяніў маё прафесійнае жыццё. Было нялёгка, але дапамога калег, адміністрацыі школы і падтрымка сям’і дапамаглі мне справіцца і стаць лаўрэатам. Я вельмі ўдзячна лёсу, што ў маім жыцці было гэтае свята, а праз некаторы час мне менавіта так бачыцца. Конкурс стаў не проста эпізодам у маёй прафесійнай дзейнасці. Дзякуючы яму, я змагла паспяхова здаць экзамен на прысваенне кваліфікацыі “настаўнік-метадыст”, стала членам педагагiчнага клуба “Крыштальны журавель”, членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства. Усё гэта спрыяе не толькі майму прафесійнаму, але і асобаснага росту, — запэўніла Г.В.Дудко.

Галіна Васільеўна Дудко — не толькі выдатны педагог, але і жыццярадасны і рознабаковы чалавек. У вольны час яна шмат падарожнічае, ходзіць у тэатр, апантана чытаннем, актыўна займаецца спортам. Яе любяць і паважаюць вучні і калегі. А яна нястомна імкнецца да таго, каб працэс засваення ведаў дастаўляў вучням адно задавальненне. Не шкадуе сваіх душэўных сіл, каб дапамагчы дзецям стаць не толькі адукаванымі, але і добрымі, міласэрнымі людзьмі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Г.В.ДУДКО.