×

Вясну гукаці — зіму праганяці!

15.03.2019 10:57,

13 сакавіка ў cярэдняй школе № 6 Магілёва прайшло народнае свята “Гуканне вясны”. Педагогі, бацькі і вучні малодшых класаў сабраліся ў фае школы, каб паслухаць аповед бабулі Агап’і пра гісторыю гэтага свята, прыметы, якімі кіраваліся ў мінулым, вызначаючы характар вясновага і летняга надвор’я, прагназавалі будучы ўраджай.

Спрадвеку беларусы славіліся працавітасцю, таму захавалася шмат народных прыказак і прымавак аб працы, яе выхаваўчым значэнні. Добрае веданне прыказак, народных прымет, загадак паказалі малодшыя школьнікі бабцы Агапцы.

Другая частка свята працягвалася на спартыўным стадыёне школы. Кожны клас прайшоў 7 гульняў-эстафет. Сярод іх: “Меткі стралок”, “Пеўні б’юцца”, “Хто хутчэйшы на мятле”, “Тры нагі”, “Спячы блін”, “Жмуркі”. Дзеці з ахвотай прымалі ўдзел ў кожным конкурсе, паказвалі спрыт, лоўкасць, узаемавыручку, шчыра падтрымлівалі таварышаў.

А якое ж свята без пачастунку? Блін — сімвал сонца — чакаў дзяцей на стале, дзе праводзіўся конкурс “Самы прыгожы блін”.

Падвёўшы вынікі, разам з бацькамі і настаўнікамі завяршылі свята частаваннем у класе.

Падчас конкурснай праграмы на вуліцы стала па-веснавому цёпла, сонечна, бязветрана. Усе з добрым настроем, шчыра паклікаўшы вясну, працягвалі навучанне.

Лілія ЛАГУЦІНА,
педагог-арганізатар cярэдняй школы № 6 Магілёва.