×

Выбралі свайго лідара

19.12.2019 11:45,

Прэзідэнта школьнага самакіравання выбралі ў сярэдняй школе № 1 Шклова.

— Усе нашы навучэнцы даволі актыўныя і ініцыятыўныя ў розных сферах. Яны паспяхова праяўляюць сябе ў вучобе, спорце, творчасці, грамадскім жыцці. Мы стараемся стымуляваць лідарскія якасці дзяцей. З гэтай мэтай чатыры гады назад у нас было створана школьнае самакіраванне. “Выбары прэзідэнта” — свое­асаблівая дзелавая гульня, якая дазваляе незвычайным спосабам вызначыць кіраўніка гэтага вучнёўскага аб’яднання, — расказала дырэктар С.У.Лашкевіч.
 
Свайго лідара навучэнцы школы выбіралі падчас імправізаванай перадвыбарнай кампаніі. Кандыдатамі ў прэзідэнты выступілі вучні 11 класа Яўген Пухоўскі і Ганна Грышчанкова. Па выніках галасавання перамогу ў школьных выбарах атрымаў Яўген.
 

Уступленне на пасаду школьнага прэзідэнта праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы з сапраўднай інаўгурацыяй. Кіраўнік школьнага самакіравання паабяцаў паважаць калектыў, сваіх таварышаў, абараняць гонар школы, быць сапраўдным лідарам.

— Такая гульня, як і школьнае самакіраванне ў цэлым, спрыяюць фарміраванню ў падрастаючага пакалення актыўнай грама­дзянскай пазіцыі. Школьныя выбары прахо­дзілі па ўсіх канонах рэальных. Нашы навучэнцы дасканала ведаюць правілы паводзін на выбарчым участ­ку. Усведамля­юць яны і тое, што іх голас мае вялікае значэнне, — падкрэсліла С.У.Лашкевіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.