×

Выхаванне на гісторыі

25.07.2019 11:25,

Шырокі адукацыйны рэсурс, які з’яўляецца эфектыўным сродкам духоўнага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, — так характарызуюць уласны музей у Дрыбінскай сярэдняй школе.

— Школьны музей валодае неабмежаваным патэнцыялам выхаваўчага ўздзеяння на розум і душы дзяцей. Тут нашы педагогі фарміруюць у вучняў добрыя маральныя якасці, прывіваюць ім любоў да Радзімы, сям’і, прыроды, — расказала дырэктар установы Г.Ф.Хомчанка.

Паводле яе слоў, музей у школе ўзнік даўно. Ён працуе ўжо больш за трыццац­ь гадоў. За гэты час стаў месцам, якое актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе.

— Сёлета наш музей быў рэканструяваны і абноўлены. Дзякуючы сумеснай дзейнасці дзяцей і настаўнікаў, была праведзена вялікая праца. Калі дакладней, выкананы рамонт, выраблены новыя стэнды і вітрыны, абноўлены экспанаты. Значную дапамогу ў абнаўленні нам аказала кіраўніцтва магілёўскага пошукавага атрада “ВІККРУ”. З іх падтрымкай мы распрацавалі новую канцэпцыю школьнага музея, — паведаміла Г.Ф.Хомчанка.

Зараз у школьным музеі знаходзіцца каля 280 унікальных экс­панатаў асноўнага і дапаможнага фонду. За кожным з іх цягнецца ланцужок цікавых гістарычных па­дзей, уплеценых у гісторыі лёсу пэўных людзей. Усе экспанаты класіфікаваны па розных экспазіцыйных раздзелах. Так, у школьным музеі можна наведац­ь Сялянскую хату, азнаёміцца з асаблівасцямі нацыянальнага фальклору, даведацца пра тое, як жылі нашы продкі.

— Мы пастараліся, каб музей дазваляў наведвальнікам сапраўды акунацца ў мінулае. У сялянскай хаце знаходзяцца розныя тагачасныя рэчы: збаны, ступа, маслабойка і шматлікія іншыя прылады працы, прадметы побыту, — расказала дырэктар школы.

Акунуцца ў былыя часы можна таксама ў раздзеле “Савецкі перыяд”. Тут прадстаўлены інтэр’ер кватэры савецкай сям’і: насценны гадзіннік, кніжная паліца з літаратурай, статуэткі, школьная форма, савецкія грошы, газеты, паштоўкі, радыёла.

Асаблівая ўвага ў музеі ўдзелена афармленню раздзела, прысвечанага часам Вялікай Айчыннай вайны. Разглядаючы кампазіцыі, вучні даведваюцца пра баі і ваенныя дзеянні на тэрыторыі Дрыбінскага раёна, пра гераічны подзвіг салдат Чырвонай Арміі і ўсяго савецкага народа. Зроблена тут таксама інсталяцыя “Партызанская зямлянка”, дзе паказаны рэчы землякоў-партызан. Усе экспанаты дапоўнены падрабязнай інфармацыяй аб партызанскім і падпольным руху на Дрыбіншчыне.

Адметна, што школьны музей актыўна служыць сваім стваральнікам. Акрамя экскурсій, ужо традыцыяй стала правядзенне ў музейных памяшканнях урокаў мужнасці, урокаў памяці, класных гадзін, сустрэч з ветэранамі вайны і працы, разнастайных масавых мерапрыемстваў.

— Матэрыялы музея дазваляюць павышаць узровень адукаванасці вучняў, пашыраць іх кругагляд, развіваць пазнавальную цікавасць, фарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю. Музей дае дзецям магчымасць пазнаваць сваю Ра­дзіму, традыцыі свайго народа, сваіх продкаў. Гэта менавіта тое месца, дзе лепш за ўсё адбываецца працэс разумення мінулага і ўмацаванне каштоўнасцей сучаснасці, — падкрэсліла Г.Ф.Хомчанка.

Напрамкі дзейнасці школьнага музея ў Дрыбінскай сярэдняй школе даволі шырокія. Асабліва важна тое, што яго фун­кцыянаванне спрыяе фарміраванню ў дзяцей сістэмы каштоўнасцей, заснаванай на павазе да сваёй гісторыі. Вучні актыўна цікавяцца рознымі аспектамі гістарычнага і культурнага мінулага краіны і роднага краю, імкнуцца быць карыснымі грамадству. І педагагічны калектыў установы ўпэнены: значную ролю ў гэтым адыграла менавіта дзейнасць школьнага музея.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.