×

Выхоўваюць сапраўдных патрыётаў

09.07.2019 12:07,

Асноўная задача ўстановы прафесійнай адукацыі — якаснае навучанне прафесіі. Навучыць маладых людзей абранай спецыяльнасці, сфарміраваць у іх неабходныя прафесійныя навыкі — гэта першасна. Але не менш важна і належнае выхаванне падрастаючага пакалення, выхаванне маладых людзей працавітымі, здаровымі, патрыятычнымі. Такога меркавання прытрымліваюцца ў дзяржаўным прафесійным ліцэі № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава.

— Маладым людзям часта трэба дапамагчы вызначыцца ў жыцці, накіраваць іх на правільны шлях, расказаць пра сапраўдныя маральныя каштоўнасці. Для рэалізацыі гэтых мэт у ліцэі ўжо больш за 10 гадоў функцыянуе ваенна-патрыятычны праваслаўны клуб “Сокал”, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце В.Я.Правашынская.

Ідэйны натхняльнік стварэння клуба “Сокал” і яго нязменны кіраўнік дырэктар ліцэя Міхаіл Уладзіміравіч Сасонка. Аб’яднанне стала своеасаблівым прадаўжальнікам дзейнасці праваслаўнага клуба “Перасвет”, які функцыянуе пры Магілёў­скай епархіі.

— Падлеткі, з якімі стаў займацца Міхаіл Уладзіміравіч, не мелі ўзорных паводзін, многія стаялі на ўліку ў ІСН. І хоць праз год у клуб прымалі розных хлопцаў, вялікую частку ўсё роўна складалі дзеці з няпоўных сем’яў, сацыяльныя сіроты. Найважнейшай мэтай было арганізаваць вольны час падлеткаў, зацікавіць іх нечым карысным, адцягнуць ад вуліцы, бо боль­шасць злачынстваў дзеці здзяй­сняюць ад таго, што не ведаюць, чым сябе заняць. Падчас трэніровак хлопцы даюць выхад сваёй энергіі, і думкі зрабіць што-небудзь супрацьпраўнае адпадаюць самі сабой, — гаворыць В.Я.Правашынская.

Паводле яе слоў, клуб “Сокал” — форма арганізацыі гра­ма­дзян­ска-патрыятычнага, пра­цоў­нага, маральнага і духоўна-праваслаўнага выхавання падрастаючага пакалення ў рамках нацыянальна-палітычных інтарэсаў Беларусі. У аснове выканання праграмы клуба ля­жыць прынцып супрацоўніцтва прадстаўнікоў выканаўчай улады, воінскіх фарміраванняў, грамадскіх арганізацый, педагогаў.

— Заняткі ў нашых выхаванцаў праходзяць наступным чынам: панядзелак, серада, пятніца — фізічная падрыхтоўка, а аўторак і нядзеля — наведванне храма. Знайсці час на глупствы хлопцам праблематычна. Вольныя толькі чацвер і субота, іх “берагуць” для цікавых мерапрыемстваў. Духоўны настаўнік клуба айцец Сергій пастаянна праводзіць заняткі, дзе дзеці даведваюцца пра асноўныя праваслаўныя крытэрыі і сілу малітвы, — адзначыла В.Я.Правашынская.

Характэрна, што раз у два тыдні ў клубе праходзіць трэнінг, падчас якога яго члены дзеляцца наяўнымі праблемамі. Расказваюць абсалютна ўсе: як кіраўнік Міхаіл Уладзіміравіч Сасонка, так і хлопцы. Яны ўключаюцца ў абмеркаванне і шукаюць рашэнне праблемы, высвятляючы, у чым яе прычына і як можна было гэтага пазбегнуць. З такой традыцыі вызначыўся дэвіз клуба — “Няма задач невыканальных”.

Адзін з асноўных кірункаў дзейнасці клуба — заняткі спортам і фізічная падрыхтоўка. Выхаванцы аб’яднання прымаюць удзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, дзе годна сябе прадстаўляюць. Ужо 4 гады на базе ліцэя па ініцыя­тыве кіраўніка “Сокала” М.У.Сасонкі праводзіцца Міжнародны турнір па мнагаборстве і рукапашным баі памяці А.Я.Юневіча. Галоўная мэта правядзення спаборніцтва — выхаванне ў падлеткаў патрыятызму і грамадзянскасці, моцнага духу і мэтанакіраванасці, папулярызацыя здаровага ладу жыцця і баявых адзінаборстваў.

Вялікая ўвага ўдзяляецца таксама валанцёрскай дзейнасці. Хлопцы ўдзельнічаюць у арганізацыі масавых дабрачынных мерапрыемстваў і акцый, аказваюць дапамогу ветэранам.

— “Сакаляняты” даказваюць свой патрыятызм і духоўнасць не словам, а справай. Хлопцы аднаўляюць помнікі воінам Вялікай Айчыннай вайны, праваслаўныя храмы, праводзяць турыстычныя паходы па месцах баявой славы, удзельнічаюць у пошукавых экспедыцыях, аказваюць шэфскую дапамогу ветэранам, а таксама сем’ям ваеннаслужачых, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку, — падкрэсліла В.Я.Правашынская.

Зараз у ваенна-патрыятычным праваслаўным клубе “Сокал” займаюцца каля 60 падлеткаў ад 12 да 18 гадоў. Але ёсць тут і старэйшыя хлопцы, якія прыходзяць на трэніроўкі, дапамагаюць навабранцам.

Кіраўніцтва клуба не ставіць сваёй адзінай мэтай спартыўныя дасягненні, хоць іх у “сакалянят” дастаткова. Шматлікія дыпломы рэспубліканскіх і міжнародных турніраў красамоўна сведчаць, што фізічная падрыхтоўка ў выхаванцаў клуба на высокім узроўні. Аднак галоўнае, для чаго дзейнічае аб’яднанне, — выхаванне годнага грамадзяніна, гатовага мірна працаваць і ў патрэбны час абараняць Радзіму.

— Мы катэгарычна супраць навешвання ярлыкоў “дрэнны”, “цяжкі”... Не бывае дрэнных дзяцей. У “Сокал” прымаюць усіх. Для многіх маладых людзей заняткі ў аб’яднанні — шанс стаць на правільны жыццёвы шлях, бо падлеткам трэба не так шмат: займальная справа, дружны калектыў і веданне таго, што ў іх вераць, — падкрэсліў М.У.Сасонка.

Дзверы ваенна-патрыятычнага праваслаўнага клуба “Сокал” расчынены заўсёды і для ўсіх. Для дзясяткаў хлопцаў гэтае аб’яднанне стала магчымасцю вызначыцца з маральнымі прыярытэтамі і знайсці сваё месца ў жыцці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.