×

Выкладае ўрокі жыцця

19.12.2019 11:42,

Добры той педагог, які можа вучыць так, каб кожнае дзіця захацела вучыцца. Такім прынцыпам кіруецца ў сваім прафесійным жыцці настаўніца абслуговай працы сярэдняй школы № 1 Кіраўска Алена Уладзіміраўна Пархамовіч.

Алене Уладзіміраўне педагагічная прафесія быццам дасталася ў спадчыну. Яна вырасла ў сям’і настаўнікаў. Да школы заўсёды ставілася як да другога дому.

— І тата, і мама ў мяне — педагогі. У свой час яны разам скончылі МДУ імя А.А.Куляшова, а потым усё жыццё працавалі на Кіраўшчыне. Тата — намеснікам дырэктара, мама — метадыстам аддзела па адукацыі. Я з дзяцінства нават не задумвалася аб набыцці нейкай іншай прафесіі. Як і бацькі, хацелася быць настаўнікам, — паведаміла А.У.Пархамовіч.

Да сваёй мары Алена Уладзіміраўна ішла мэтанакіравана. У школе была выдатніцай і жадала стаць настаўніцай пачатковых класаў. Але лёс склаўся крыху інакш.

— Школу я скончыла з сярэбраным медалём. У той час у Мазырскім педагагічным інстытуце на спецыяльнасць “Абслуговая праца і фізіка” выдатнікаў прымалі без экзаменаў. Гэтая ўмова стала для мяне лёсавызначальнай. Але як пазней аказалася, я выбрала правільны шлях, бо зараз нават не ўяўляю сябе выкладчыкам іншага вучэбнага прадмета, — адзначыла А.У.Пархамовіч.

Па меркаванні Алены Уладзіміраўны, урокі працоўнага навучання — гэта ўрокі жыцця. Гэты школьны прадмет дае дзяўчынкам тыя веды і ўменні, якія заў­сёды спатрэбяцца ў побыце.

— У сучасных рэаліях, калі ў бацькоў часта не хапае часу, каб пера­даць дзецям свае жыццёвыя ўменні, гэты прадмет не проста важны, а неабходны. На жаль, не ўсе бацькі гэта разумеюць. Лічу, што галоўная задача ўрокаў працоўнага навучання — не якасная падача тэарэтычнай інфармацыі, а менавіта прывіццё навучэнцам тых навыкаў, якія яны змогуць выкарыстаць у тыповых штодзённых сітуацыях, — падкрэсліла А.У.Пархамовіч.

Усе свае заняткі Алена Уладзіміраўна імкнецца максімальна звязаць з рэальным жыццём. Для дасягнення высокага ўзроўню паспяховасці навучэнак яна актыўна ўкараняе ў структуру ўрокаў сучасныя адукацыйныя методыкі: тэхналогіі крытычнага мыслення, праектнага навучання, “Партфоліа”.

— Я даўно прыйшла да высновы, што найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца не асобна ўзятыя інавацыі, а іх спалу­чэнне. Рэальнасць сённяшняга дня — інфарматызацыя адукацыйнага працэсу, таму ў сваёй рабоце я шырока выкарыстоўваю інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Папулярным сёння стала стварэнне прэзентацый да ўрокаў. Напрыклад, у праграмах па працоўным навучанні на пытанні гістарычнага характару не прадуг­леджваецца ні адной гадзіны. Між тым праца і гісторыя — дзве непарыўныя галіны ведаў. Звесткі з гісторыі пашыраюць кругагляд вучняў, паказваюць дыялектыку прадмета. Вядома, у падручніках мы сустракаем гістарычныя звест­кі, але матэрыялу там недастаткова. У старшых класах я даю вучаніцам апераджальнае заданне і яны знахо­дзяць шмат цікавага, робяць прэзентацыю і паказваюць на ўроках. Навучэнкам гэта вельмі падабаецца. У іншых класах сама рыхтую гістарычную даведку, а з дапамогай камп’ютара яна становіцца больш цікавай, чым прачытаная або расказаная. Прэзентацыя прымяняецца на ўроках і пры ўвядзенні, замацаванні новага, пры праверцы засваення вывучанага матэрыялу. Наогул, на ўсіх этапах заняткаў выкарыстанне электроннай прэзентацыі дазваляе за абмежаваны час даць значна большы па аб’ёме матэрыял, спалучыць адначасова некалькі варыянтаў работы, — расказала А.У.Пархамовіч.

Асновай навучання настаўніцы з’яўляецца развіццё творчых здольнасцей у дзяцей. У гэтым Алена Уладзіміраўна абапіраецца на асабісты прыклад. На ўроках яна заўсёды дэманструе разнастайныя рэчы, якія зрабіла сваімі рукамі. Такім чынам яна зацікаўлівае дзяцей прадметам, матывуе іх на ўласныя вучэбныя дасягненні.

— На сваіх занятках я заўсёды імкнуся ўлічваць асаблівасці дзяцей. Не забываюся і пра тое, што любая дзіцячая дзейнасць патрабуе ацэнкі, узнагароды, заахвочвання. Асабліва гэта важна ў адносінах да слабых вучаніц. Такіх дзяўчынак я хвалю за кожную ўдачу, ствараючы добразычлівае стаўленне да прадмета. А ўвогуле, кіруюся такім прынцыпам: спачатку заахвочваю дзяцей набываць новыя веды, пасля матывую іх на працу, усяляю ўпэўненасць у сваіх магчымасцях, дапамагаю давесці пачатае да лагічнага завяршэння. Любы, нават самы маленькі вучэбны ці працоўны поспех вельмі акрыляе дзяцей, натхняе іх на новыя дасягненні, — расказала А.У.Пархамовіч.

Сёння за плячыма Алены Ула­дзіміраўны 20 гадоў педагагічнай дзейнасці. Але нягледзячы на вялікі стаж і багаты вопыт, яна заўсёды адкрыта новаму.

— Для таго каб стаць добрым настаўнікам, аднаго жадання і старання мала. Трэба цярпліва і паслядоўна авалодваць педагагічным майстэр­ствам, таму я пастаянна займаюся самаадукацыяй, шукаю нешта новае. І гэта не толькі новыя формы работы на ўроках — імкнуся асвойваць і новыя віды рукадзелля, цікавыя прыёмы ў традыцыйных тэхніках. Усё гэта дапамагае зацікавіць вучняў, пераканаць іх у важнасці прадмета, — адзначыла А.У.Пархамовіч.

Пастаяннае самаўдасканаленне Але­ны Уладзіміраўны прыўносіць станоўчыя змены ў вучэбны працэс. Заняткі становяцца больш эфектыўнымі, павышаецца якасць тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі вучаніц. Сістэматычная плённая работа настаў­ні­цы дазваляе яе навучэнкам дасягаць высокіх вынікаў не толькі на ўроках, але і ў конкурсным і алімпіядным руху. Чатыры гады запар вучаніцы А.У.Пархамовіч з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні і пастаяннымі пераможцамі розна­ўзроўневых творчых конкурсаў.

— Я вельмі шчаслівы чалавек, бо займаюся любімай справай, якая прыносіць задавальненне. Я не магу вызначыць грань, дзе заканчваецца праца і пачынаецца маё ўласнае жыццё. Напэўна, педагогіка, школа, вучні — часцінка майго асабістага шчасця, — адзначыла А.У.Пархамовіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва А.У.Пархамовіч.