×

Выстава юных творцаў

19.03.2020 15:01,

Акунуцца ў свет яскравых вобразаў, убачыць погляд і ўражанні дзяцей ад навакольнай рэчаіснасці... Такую магчымасць атрымаў кожны наведвальнік выставы “Церамок” школы развіцця “Прыступкі” Абласнога цэнтра творчасці.

Выстава — своеасаблівая справа­здача аб творчай дзейнасці школы развіцця. Яна арганізоўваецца штогод і заўсёды радуе наведвальнікаў яркімі фарбамі і вясеннім настроем. Сёлета было прэзентавана звыш 450 дзіцячых работ у выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Работы прадстаўлены ў розных кірунках: малюнкі алоўкам, гуашшу, акварэллю, а таксама аплікацыі, фларыстыка. Адметнасць кожнага твора — арыгінальнае бачанне свету юнымі аўтарамі, адлюстраванне штодзённых рэчаў з дзіўнай шчырасцю, пазітывам, дзіцячай непасрэднасцю.

Большасць работ, прадстаўленых на выставе, аўтарскія. Але аформлены і куток сямейнай творчасці. Сваё месца ў выставачнай экспазіцыі занялі творы, заяўленыя на конкурс “Мама, тата, я — творчая сям’я”, які зараз праходзіць у “Прыступках”.

Традыцыйна падчас выставы арганізоўвалася работа творчых майстэрняў, дзе навучалі розным тэхнікам, напрыклад, арыгамі ці аквагрыму.  Характэрна і тое, што ў рамках выставы педагогі школы развіцця правялі дабрачынную акцыю “Рука дапамогі”. У выставачнай зале была абсталявана спецыяльная скрынка для матэрыяльных ахвяраванняў наведвальнікаў, на якія ў далейшым аказваецца дапамога цяжкахворым магілёўскім дзецям.

— Сёння школу развіцця, якая з’яўляецца структурным падраздзяленнем цэнтра, наведваюць сотні маленькіх вучняў. Увесь наш педагагічны калектыў імкнецца не толькі наву­чыць дзетак асновам чытання, пісьма або матэматыкі, але і прывіць ім творчыя ўменні і навыкі. Для гэтага ў школе праводзяцца заняткі па выяўленчай дзейнасці, рытміцы, музычным выканальніцтве. Педагагічны працэс мы арганізоўваем так, каб кожнае дзіця было захоплена творчасцю і магло рэалізаваць усе свае здольнасці. У такім ключы будуюць сваю работу з дзецьмі педагогі прадмета “Выяўленчая дзейнасць” І.Р.Грыгор’ева, Ю.В.Семялёнава. Вынікі такога падыходу і прадстаўлены на выставе, — адзна­чыла загадчыца школы развіцця “Прыступкі” Н.С.Сяргеева.

Выстава “Церамок” пакідае ў наведвальнікаў толькі станоўчыя ўражанні. Кожная творчая работа выклікае ўсмешку і пазітыўныя эмоцыі, а яшчэ разуменне таго, што прыгожае паўсюдна вакол нас. Мы, дарослыя, часта перастаём гэта заўва­жаць, а дзіцячыя творы нагадваюць: падставай для радасці можа стаць нават звычайны праменьчык сонца, які выглянуў з-за хмар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.