×

Вызначаюць лепшых педагогаў

31.12.2019 10:50,

Творчыя, крэатыўныя, сапраўдныя прафесіяналы — так можна ахарактарызаваць настаўніцтва Крычаўшчыны. Самыя актыўныя прадстаўнікі калектываў устаноў адукацыі раёна прынялі ўдзел у раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”.

— Усяго на ўдзел у конкурсе было пада­дзена 29 заявак з апісаннем эфектыўнага педагагічнага вопыту. Усе яны разглядаліся журы ў рамках завочнага тура. Пасля ўдзель­нікі прайшлі прафесійнае тэсціраванне. Выконваючы яго заданні, яны паказалі глыбокае веданне нарматыўнай прававой дакументацыі, тэорыі і методыкі выкладання вучэбных прадметаў. З мэтай аб’ектыўнай ацэнкі прафесійнай кампетэнтнасці канкурсантаў было створана два журы — прадметнае і надпрадметнае. У выніку конкурснага адбору да наступных этапаў спаборніцтва былі дапушчаны 16 настаўнікаў. Яны давалі ўрокі ў незнаёмым класе, а потым право­дзілі самааналіз сваіх заняткаў, — расказала загадчык Крычаўскага вучэбна-метадычнага кабінета В.М.Чыжова.

Па яе словах, выпрабаванне па правя­дзенні заняткаў у незнаёмым класе не выклікала ў канкурсантаў цяжкасцей. Члены журы ва ўсіх удзельнікаў адзначылі прафесійнае майстэрства, творчасць, уменне хутка авалодваць увагай дзяцей і наладжваць кантакт з імі.

Па завяршэнні гэтага этапу журы вызначыла пераможцаў па прадметных намінацыях. Імі сталі выхавальніца ясляў-сада № 19 Крычава Іна Ягораўна Жандарава, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Крычава Святлана Анатольеўна Янкоўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 8 горада Марына Яўгенаўна Родзіна і настаўніца англійскай мовы гэтай навучальнай установы Марына Браніславаўна Сонец, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 5 райцэнтра Аксана Уладзіміраўна Мануйлава і настаўнік фізкультуры гэтай установы Андрэй Мікалаевіч Косценіч, настаўніца матэматыкі Касцюшкавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы На­дзея Уладзіміраўна Грынёва. Ганаровае званне лепшага педагога раёна было прысвоена прадстаўніцы сярэдняй школы № 5 Крычава Аксане Уладзіміраўне Мануйлавай.

Узнагароджанне праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. Акрамя пераможных, былі ўручаны дыпломы ІІ і ІІІ ступені. Лепшыя настаўнікі выступілі перад калегамі з публічным самапрадстаўленнем. Яны змястоўна і арыгінальна расказвалі пра сябе, свае педагагічныя прынцыпы і стаўленне да прафесіі ў цэлым. Выступленне кожнага фіналіста пераконвала: быць педагогам — іх прызванне.

Раённыя этапы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года” праходзяць зараз на Магілёўшчыне паўсюдна. У сакавіку лепшыя настаўнікі з усіх раёнаў сустрэнуцца на абласным этапе прафесійнага спаборніцтва.

На здымку: лепшы педагог раёна — настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 5 Крычава Аксана Уладзіміраўна Мануйлава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Крычаўскім вучэбна-метадычным кабінетам.