×

Я б у армію пайшоў…

28.02.2019 15:40,

Прафарыентацыйная работа Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна ўключае дыягностыку інтарэсаў і схільнасцей вучняў, дапамогу ў прафесійным выбары. Найбольш папулярныя сярод школьнікаў сустрэчы з прафесіяй. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны з мэтай выхавання ў маладога пакалення пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, папулярызацыі службы ва Узброеных Сілах і ваенных прафесій прайшоў круглы стол “Я б у армію пайшоў…”.

У ролі экспертаў выступілі начальнік групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Мсціслаўскага раёна старшы лейтэнант А.Л.Вігура, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане А.М.Дмітрачанкоў, маці салдата тэрміновай службы Л.М.Несцярэнка, маці ваеннаслужачага запасу Т.Я.Леўчанка, дырэктар установы адукацыі А.У.Галкоўскі, ветэран працы У.Л.Поклад. Кожны з прысутных падзяліўся сваім бачаннем сучаснай арміі і даў параду будучым абаронцам Радзімы. Хлопцы, затаіўшы дыханне, слухалі кожнага з экспертаў, а пасля літаральна завальвалі іх пытаннямі.

Асабліва шмат пытанняў было ўдзельніку баявых дзеянняў у Афганістане А.М.Дмітрачанкову. Аляксандр Мікалаевіч кранальна распавёў пра дні, праведзеныя ўдалечыні ад Радзімы. Ён стараўся не распавядаць пра баявыя аперацыі, пра тое, як ваявалі з душманамі, пра гібель аднапалчан, таму што і пасля 30 гадоў успамінаць пра гэта цяжка. Госць стараўся гаварыць пра добрае: пра незвычайную прыроду Афганістана, пра дзіўныя апельсіны і гранаты, якія ўпершыню паспрабаваў там, пра тое, што менавіта ў гэты перыяд ён навучыўся па-сапраўднаму шанаваць жыццё, сяброўства, бо за кожным паваротам горнай дарогі, за кожным каменем чакала душманскае куля. “Мы не думалі пра ўзнагароды, мы выконвалі свой абавязак”, —так падсумаваў сказанае Аляксандр Мікалаевіч.

Круглы стол прайшоў на высокім эмацыянальным уздыме і засведчыў, што нашы хлопцы не баяцца цяжкасцяў і будуць годнымі абаронцамі Айчыны.

Алена КАРПІНА,
педагог-псіхолаг Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.