×

Я беларус, i гэтым ганаруся

13.03.2019 11:19,

Працэс станаўлення асобы, маральнага развiцця ідзе на працягу ўсяго жыцця. Дзяцiнства — найбольш спрыяльны перыяд у авалоданні асобнымi элементамi нацыянальнай культуры. З гэтай мэтай ва ўсiх установах адукацыi Магiлёва праводзiцца “Беларускi чацвер”.

Мова, безумоўна, — асноўны сродак фармiравання нацыянальнай свядомасцi, аднак, на мой погляд, гэтага недастаткова. Народнае мастацтва i культура — вось яшчэ адзiн спосаб абуджэння нацыянальнага духу.

Вучнi 1 “Г” класа сярэдняй школы № 41 Магілёва па маёй прапанове падрыхтавалiся да пазакласнага мерапрыемства па беларускай мове незвычайна: усе апрануліся ў беларускiя строі. Гэта быў эксперымент: у нашым уяўленнi беларуская вопратка выглядае старажытнай i несучаснай, непрыдатнай для нашага жыцця. Многія лічаць, што яна выкарыстоўваецца толькi для мастацкiх народных нумароў.

Бацькi i дзецi з задавальненнем рыхтавалi да ўроку беларускi касцюм. Для гэтага патрэбны былi толькi стужка з беларускiм арнаментам i творчасць. Безумоўна, мы ўразiлi: гэта было сучасна, прыгожа i па-беларску. Дзецi адчувалi сваю адметнасць, i гэта iм падабалася: на iх з захапленнем паглядалi вучнi iншых класаў.

Нашы заняткі мелі на мэце пазнаёмiць усіх з нацыянальнай кухняй. Мы вырашылi свой дзень прысвяцiць стравам беларусаў. У кафэ “Беларускi смак” было шмат страў, бо, згодна з паданнем, Бог даў беларусу шмат рознай гароднiны, садавiны, ягад, грыбоў, каб беларус нiколi не быў галодны. А яшчэ ён зрабiў беларуса таленавiтым. Таму спачатку дзецi ўспомнiлi назвы гароднiны, садавiны, ягад, а потым набывалi стравы за “грошы-словы”: адна купюра — адно беларускае слова.

Наш чацвер быў цiкавы i запамiнальны: адчуваць сябе беларусам прыемна, а быць апранутым па-беларуску — прыгожа. Мы вырашылi, што так будзем апранацца заўседы ў чацвер, а таксама на iншыя народныя святы.

Паспрабуйце i вы адчуць асалоду ад беларускага адзення. Упэўнена, вам спадабаецца, а пачуццё гонару, што вы беларус, стане мацнейшае. Без мiнулага няма будучынi. Гэта i ёсць праўда жыцця, жыцця беларусаў.

Таццяна КОЗЫРАВА,
настаўнiца пачатковых класаў сярэдняй школы № 41 Магiлёва.