×

Яе ўзнагарода — удзячныя вучні

12.09.2019 11:47,

У педагогіку прыходзяць па-рознаму. Адны працягваюць сямейную дынастыю, іншыя — прыслухоўваюцца да чыёй-небудзь парады. А некаторых натхняе прыклад уласных настаўнікаў. У жыцці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Язёрскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна Галіны Васільеўны Маргуновай так і выйшла. Яшчэ ў дзяцінстве яна вырашыла — у будучыні абавязкова будзе настаўнічаць.

— Я з дзяцінства была вельмі самастойнай. І прафесію сабе таксама выбрала сама. Бацькі прапанавалі пайсці ў медыцыну, але я цвёрда вырашыла — маё прафесійнае жыццё будзе звязана толькі са школай, — успамінае свой шлях да настаўніцкай працы Г.В.Маргунова.

Атрымаўшы школьны атэстат, Галіна працягнула навучанне ў тагачасным Магілёўскім педагагічным вучылішчы імя Ушынскага. Там яна атрымала дыплом настаўніка пачатковых класаў і амаль адразу працягнула адукацыю на філалагічным факультэце сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова.

— І ў школе, і ў вучылішчы ў мяне былі цудоўныя настаўніцы беларускай мовы. Гледзячы на іх, немагчыма было не пранікнуцца мілагучнасцю роднага слова, працай педагога. Таму і выбрала для сябе профіль настаўніка-філолага, — расказвае Г.В.Маргунова.

Сёння за яе плячыма дваццаць сем гадоў педагагічнага стажу. Большую частку з іх яна выкладала беларускую мову ў Лабчанскай базавай школе, якая была роднай для яе самой. Пасля яе аптымізацыі, з-за вельмі нізкай колькасці вучняў, Галіна Васіль­еўна перайшла на работу ў школу агра­гарадка Язёры. За працяглы час педагагічнай дзейнасці ў Г.В.Маргуновай склалася свая методыка і падыходы да навучання.

— У мяне ёсць асноўныя прынцыпы, якімі кіруюся ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Для таго каб дасягнуць высокай паспяховасці навучэнцаў, захапіць іх прадметам, педагогу трэба любіць сваю справу, імкнуцца да пастаяннага прафесійнага самаразвіцця, а яшчэ быць шчырым і адкрытым з дзецьмі. У адносінах да дзяцей нельга дапускаць ніякай фальшы. Яны заў­сёды гэта адчуваюць, — падкрэслівае Галіна Васільеўна.

Урок мовы і ўрок літаратуры маюць розныя мэты, таму і праводзіць іх педагог па-рознаму. Першае, да чаго імкнецца Г.В.Маргунова, вывучаючы з вучнямі беларускую мову, — далучыць дзяцей да роднага слова.

— Працуючы ўвесь гэты час у беларускамоўнай школе, адзначыла, што беларуская мова не з’яўляецца чужой для нашых дзяцей. Каб зацікавіць вучняў, свае ўрокі стараюся рабіць максімальна насычанымі інфармацыяй і рознымі відамі дзейнасці, каб кожнае дзіця зразумела мову, адчула яе мілагучнасць, патрэніравалася ў яе вымаўленні. Будую заняткі так, каб яны нагадвалі ролік на маніторы камп’ютара, калі карцінкі хутка мяняюць адна адну, прыкоўваючы да сябе гледача, але нікога не стамляючы. Лічу, што на любым уроку мовы павінна быць размінка: арфаграфічная, акцэнталагічная і іншыя, а таксама пошук рашэнняў, мысліцельная дзейнасць, развіццё прамовы і творчых здольнасцей дзяцей, а яшчэ — трэніровачныя практыкаванні па тэме, прычым не адарваныя ад рэальнасці, а цесна звязаныя з жыццём. Каб усё гэта гарманічна сумясціць, часта выкарыстоўваю тэхналогіі праблемнага навучання і развіцця крытычнага мыслення, — адзначае Г.В.Маргунова.

Урокі літаратуры гэтая настаўніца будуе інакш. А ўсё таму, што лічыць: гэтыя заняткі не толькі даюць вучням веды, а і спрыяюць выхаванню дзяцей. Асноўнае ў правядзенні ўрокаў літаратуры для Галіны Васільеўны — не пакінуць навучэнцаў раўнадушнымі. На занятках па літаратуры яна прымяняе адукацыйныя метады і прыёмы, скіраваныя на тое, каб навучыць дзяцей думаць і аналізаваць. Добра спрыяюць гэтаму дыскусіі і інсцэніроўкі па мастацкіх творах, якія дазваляюць не толькі лепш прачуць тэкст, а і абудзіць у дзяцей цікавасць да чытання.

Характэрна, што на сваіх занятках Г.В.Маргунова стараецца скіраваць дзяцей на самастойны пошук ведаў, на ўласныя адкрыцці. Не менш важным яна лічыць і эмацыянальны кантакт з вучнямі. Штодня Галіна Васільеўна дорыць дзецям дабрыню, шчырасць, усмешку. А яшчэ — імкнецца знайсці падыход да кожнага вучня, фарміруе ў іх упэўненасць ва ўласных сілах і магчымасцях. На яе думку, менавіта цёплыя, шчырыя адносіны, стварэнне ў навучанні сітуацыі поспеху забяспечваюць максімальнае развіццё дзіцячай асобы.

Важнае месца ў педагагічнай дзейнасці Галіны Васільеўны займае работа з адоранымі вучнямі. З такімі дзецьмі яна працуе індывідуальна на факультатывах і адпаведных занятках, стараючыся максімальна раскрыць іх таленты і здольнасці. Дзякуючы ўласнай захопленасці роднай мовай і літаратурай і ўменню захапіць імі вучняў, у яе гэта атрымліваецца. Апошнія гады яе вучні — пастаянныя прызёры розных этапаў, у тым ліку і заключнага, Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

— Ад работы з таленавітымі вучнямі заў­сёды атрымліваю толькі асалоду. Імкнуся падтрымліваць дзяцей ва ўсіх пачынаннях. Для мяне заўсёды вельмі радасна бачыць шчаслівыя вочкі маіх навучэнцаў, якія дасягнулі значных вучэбных вышынь. Радасна і ўсведамляць, што дзеці з м3аленькай сельскай школы могуць на роўных канкурыраваць з навучэнцамі гарадскіх і нават сталічных ліцэяў ці гімназій, — падкрэслівае Г.В.Маргунова.

Гэтая неардынарная настаўніца літаральна жыве школай. Штодзённыя ўрокі, абавязкі класнага кіраўніка, заняткі з адоранымі вучнямі... Дзіўна, але Галіна Васіль­еўна не толькі паспяхова спраўляецца з гэтымі шматлікімі абавязкамі, але і паспявае знаходзіць свабодныя хвіліны для нефармальных зносін з вучнямі, падчас якіх стараецца сфарміраваць у іх якасці дастойных грамадзян сваёй краіны.

Выпускнікі падтрымліваюць сувязь са сваёй настаўніцай. Галіна Васільеўна ведае: усе яны выраслі сумленнымі, прыстойнымі людзьмі, знайшлі сваё прафесійнае прызначэнне. Прыемна для яе і тое, што некаторыя вучні выбралі для сябе педагагічны шлях. Толькі ў гэтым годзе ў школы раёна прыйшлі працаваць настаўнікамі-філолагамі дзве яе былыя выпускніцы. Удзячных выпускнікоў, якія памятаюць яе і падтрымліваюць пастаянную сувязь, яна лічыць галоўным вынікам сваёй шматгадовай педагагічнай працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Г.В.Маргуновай.