×

Ёй праца ў радасць

21.05.2019 11:40,

Кожны чалавек імкнецца знайсці сябе ў прафесійным жыцці. Аднак не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Дырэктар Касцюковіцкай раённай гімназіі Антаніна Іванаўна Максімава з гэтай задачай справілася: знайшла прафесійнае прызванне і сёння з упэўненасцю кажа, што з’яўляецца шчаслівым чалавекам, бо займаецца справай, да якой ляжыць душа.

А.І.Максімава са сваім калектывам аднадумцаў.

У свае школьныя гады Антаніна Іванаўна была выдатніцай. Перад здольнай выпускніцай былі адчынены дзверы многіх УВА. Але яна свядома выбрала Віцебскі педагагічны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, вырашыла ста ць настаўніцай.

— Юнацкую мару я ажыццявіла і пачала працоўны шлях настаўніцай біялогіі ў Сушчэўскай сярэдняй школе Віцебскай вобласці. Але праз некаторы час вярнулася на родную Магілёўшчыну, — паведаміла А.І.Максімава.

На малой радзіме, у Касцюковіцкім раёне, яна стала настаўнічаць у сярэдняй школе № 4 райцэнтра. Менавіта працуючы ў гэтай навучальнай установе і адбылася як прафесіянал. Пасля пачала выкладаць біялогію ў раённай гімназіі і неўзабаве стала тут кіраўніком.

Узначальвае раённую гімназію А.І. Максімава ўжо адзі­наццаць гадоў. За гэты перыяд у навучальнай установе адбылося шмат станоўчых змен. Дзякуючы пастаяннаму імкненню да прафесійнага ўдасканалення,  неймавернай працаздольнасці і ўменню душой хварэць за агульную справу, у А.І.Максімавай атрымалася згуртаваць калектыў на змены да лепшага, накіраваць падначаленых на выкананне самых складаных задач з атрыманнем максімальнага выніку.

— Дырэктарам я стала, калі была вопытным настаўнікам, але зусім нявопытным кіраўніком. Пастаянна думала, як зрабіць сваю гімназію паспяховай і прэстыжнай. Працаваць па шаблоне, для галачкі, я не ўмею. Калі бярэшся за нешта, рабіць гэта трэба якасна і добрасумленна. На што і арыентавала ўзначалены мной калектыў. Не ленавацца думаць, укараняць новыя ідэі і падыходы ў адукацыі. Толькі такім чынам атрымаецца дасягнуць эфектыўнага выніку працы, — запэўнівае А.І.Максімава.

Каб прывесці калектыў і ўстанову да поспеху, А.І.Максімава вырашыла адмовіцца ад камандна-адміністрацыйнага кіравання, зрабіўшы стаўку на прафесійнае супрацоўніцтва. Яна выбрала для сябе дэмакратычны стыль кіравання. Калі дакладней: аб’яднала калектыў у адзі­ную каманду, у якой кожны работнік скіраваны на якасную работу.

На яе думку, быць кіраўніком — значыць умець прадбачыць, бо прагназаванне дазваляе выпрацаваць станоўчую стратэгію функцыянавання ўстановы. Таму тут улічваюць і стан спраў у эканоміцы, тэндэнцыі і інавацыі ў сферы адукацыі, і сацыяльны заказ насельніцтва.

Адным з асноўных рычагоў арганізацыі дзейнасці гімназіі з’яўляецца размежаванне паўнамоцтваў у прыняцці рашэнняў. Педагогі ведаюць, якіх вынікаў ад іх чакаюць, ведаюць, што ўсе патрабаванні кіраўніцтва адпавядаюць рэальным умовам і іх прафесійным магчымасцям. Значна і тое, што ўсе важныя рашэнні ў гэтай навучальнай установе прымаюцца калектыўна. Эфектыўна выбудаваная кіраўнічая дзейнасць за даволі кароткі тэрмін прывяла да істотнага павышэння якасці навучання гімназістаў.

З панядзелка па суботу з ранку да вечара А.І.Максімава ў гімназіі. Штодня яна пагружана ў адміністрацыйныя справы. Яе працоўны дзень распісаны па хвілінах. А ўсё таму, што як са­праўдны настаўнік яна не змагла адмовіцца ад выкладання. Зараз яна выкладае ў профільнай групе па вывучэнні біялогіі.

Свае ўрокі А.І.Максімава будуе так, каб на іх было цікава кожнаму вучню. А яшчэ яна пераканана, што любыя веды неабходна выкладаць на прыкладах канкрэтных мясцовых жыццёвых сітуацый. Таму галоўнае на яе занятках — кампетэнтнасны падыход. А.І.Максімава не проста дае вучням веды — яна вучыць іх вучыцца самастойна і ўмець прымяняць атрыманыя навыкі ў рэальнасці. Такі метад дазваляе дзецям зразумець, што біялогія акружае іх усюды.

— Сёння навучэнцам недастаткова проста валодаць сістэмай ведаў, уменняў, навыкаў. Акрамя ведаў, выпускнік школы павінен мець шэраг ключавых кампетэнцый, умець творча адаптаваць іх у розных сферах, праводзіць аналіз, рабіць высновы ў розных жыццёвых і прафесійных сітуацыях. Важнае месца ў развіцці такіх якасцей займае сфарміраваная даследчая кампетэнцыя навучэнца. Таму на занятках шырока выкарыстоўваю праблемнае, праектнае навучанне, спалучаю розныя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі. Увогуле лічу, што эфектыўны ўрок — гэта ўрок, на якім абавязкова прысутнічае элемент даследавання. Менавіта даследчая дзейнасць фарміруе ўстойлівую пазнавальную цікавасць да прадмета, пашырае і паглыбляе веды вучняў, — адзначыла А.І.Максімава.

Паспявае Антаніна Іванаўна і раскры­ваць вучнёўскія таленты. Стварэнне спрыяльных умоў для рэалізацыі здольнасцей таленавітых навучэнцаў для яе з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў працы. У гімназіі дзейнічаюць навуковыя таварыствы, вучэбная лабараторыя, якія дапамагаюць рас­крыць здольнасці вучняў. Акрамя заняткаў з гімназістамі, А.І.Максімава перыядычна вя­дзе ўрокі біялогіі ў раённым цэнтры па рабоце з адоранымі дзецьмі. Ёсць і адпаведныя вынікі: яе навучэнцы — пастаянныя пераможцы розных даследчых конкурсаў, праяўляюць сябе яны і ў алімпіядным руху.

Асобную ўвагу А.І.Максімава ўдзяляе развіццю інавацыйнай дзейнасці ў гімназіі, бо лічыць яе асноўным механізмам і стымулам да развіцця як педагогаў, так і навучальнай установы.

— Наша гімназія з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай, членам Асацыяцыі “Адукацыя для ўстой­лівага развіцця”, а таксама актыўным партнёрам школ устойлівага развіцця па рэалізацыі праектаў у нашай краіне па лініі ЕС/ПРААН. Педагагічны калектыў стараецца выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі з прыярытэтам інавацыйных метадаў навучання па інтэграцыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця. Важную ролю ўсе настаўнікі адводзяць развіццю дзіцячай ініцыятыўнасці і прадпрымальнасці. Ужо тры гады ў гімназіі дзейнічае цэнтр падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця раёна, накіраваны на актывізацыю работы па комплекснай падтрымцы маладзёжных пачынанняў. І важна, што хлопцы і дзяўчаты не толькі выступаюць з грамадска патрэбнымі ідэямі, але і самастойна іх ажыццяўляюць. Маладзёжныя праекты рэалізоўваюцца на карысць усіх жыхароў Касцюкоўшчыны, — расказала дырэктар.

Сёння А.І.Максімава — настаўнік-метадыст. Яна валодае ўласным педагагічным почыркам, распрацавала асабістыя методыкі эфектыўнага навучання, але працягвае прафесійны пошук і арыентуе на гэта калектыў. Пад яе кіраўніцтвам Касцюковіцкая раённая гімназія дасягнула значных паказчыкаў вучэбна-вытворчай i выхаваўчай работы. Гэта адна з лепшых устаноў адукацыі ў раёне.

Пра значную дзейнасць у сферы адукацыі сведчаць і асабістыя ўзнагароды А.І.Максімавай. У розныя гады яна была адзначана ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі і Савета Міністраў, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Аднак, як і належыць кіраўніку, пра ўласныя ўзнагароды А.І.Максімава гаварыць не любіць. Яна проста заўсёды ўпэўнена ідзе да вызначанай мэты і, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, дасягае яе. І рухае ёй шчырае жаданне стварыць установу, якая будзе рэсурсным цэнтрам па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця Касцюкоўшчыны. Над гэтым разам са сваім творчым, ініцыятыўным калектывам яна будзе плённа працаваць і далей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ.