×

Ёй праца ў радасць

14.03.2020 13:13,

Калі праца ў радасць, калі ад сваёй дзейнасці атрымліваеш асалоду — гэта сапраўднае шчасце. Але ў жыцці так бывае далёка не заўсёды. Настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 5 Крычава Аксане Уладзіміраўне Мануйлавай у гэтым плане пашанцавала. У прафесію яна прыйшла свядома, таму кожны свой працоўны дзень пачынае з натхненнем.

Яе шлях у педагогіку пачаўся яшчэ ў дзяцінстве. Перад вачыма быў выдатны прыклад у асобе бабулі Вольгі Лаўрэнцьеўны Буйніцкай.

— Яна працавала настаўніцай малодшых класаў, таму пра школу, пра ўрокі і пра вучняў я з дзяцінства ведала не па чутках. Прафесія бабулі мне вельмі падабалася. Бачачы маё захапленне, яна раз-пораз брала мяне з сабой на заняткі. Я сядзела на апошняй парце, назірала за бабуляй і ўяўляла, як сама выкладаю ўрок. А якую гордасць адчувала, калі магла ёй у чымсьці дапамагчы! Напэўна, яшчэ ў той час і зарадзілася мая мара аб настаўніцкай прафесіі, — успамінае А.У.Мануйлава.

Сваю дзіцячую мару Аксана Уладзіміраўна ажыццявіла. Скончыўшы школу, без ваганняў вырашыла працягваць адукацыю на гістарычным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Гісторыю ў якасці профілю выбрала невыпадкова. У школьныя гады менавіта гэтая дысцыпліна была яе любімым вучэбным прадметам.

— Свае студэнцкія гады заўсёды ўспамінаю з цеплынёй. Мне пашанцавала вучыцца азам прафесіі ў выдатных настаўнікаў. Сярод іх Вячаслаў Фёдаравіч Капыцін, Якаў Рыгоравіч Рыер і многія іншыя цудоўныя выкладчыкі. Яны дапамаглі мне і маім аднакурснікам набыць неабходныя веды і ўменні, каб стаць добрымі педагогамі, — расказала Аксана Уладзіміраўна.

Дарэчы, маладым спецыялістам А.У.Мануйлава адправілася працаваць на малую радзіму мужа — у Крычаў. Яе першым працоўным месцам стаў Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 4. Працаваць у гэтую навучальную ўстанову яна прыйшла ўжо з вялікім практычным вопытам, бо педагагічнай дзейнасцю пачала займацца яшчэ з 3 курса ўніверсітэта.

— Каб набыць пэўную матэрыяльную незалежнасць і вопыт, працавала ў навучальных установах Магілёўскага раёна. Выкладала гісторыю ў Махаўскай і Зарасцянскай сярэдніх школах. Работа там дазволіла добра адтачыць тэарэтычныя веды, набытыя ва ўніверсітэце. У 4-ы абласны ліцэй я прыйшла даволі падрыхтаваным спецыялістам. Гады работы ў гэтай установе былі вельмі насычанымі і плённымі. Але ліцэй быў аптымізаваны, і цяпер я з не меншым энтузіязмам і жаданнем працую з вучнямі сярэдняй школы № 5 Крычава, — расказала А.У.Мануйлава.

Кожны свой урок гэтая настаўніца стараецца правесці творча, займальна, каб ён знайшоў водгук у сэрцах вучняў. Неабходнасцю сучаснага выкладання гісторыі і грамадазнаўства Аксана Уладзіміраўна лічыць кампетэнтнасны падыход, бо сёння трэба не толькі даваць дзецям веды, але і рыхтаваць іх да будучага самайстойнага жыцця.

— Я даволі часта арганізоўваю на ўроках работу ў парах, групах, бо гэта развівае ў навучэнцаў здольнасці да супрацоўніцтва, вучыць іх працаваць у камандзе. Актыўна выкарыстоўваю і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Разам з вучнямі мы праглядаем мультымедыйныя прэзентацыі, разнастайныя аўдыя- і відэаматэрыялы. Інакш нельга, бо гісторыя, як і грамадазнаўства — гэта не сухія лічбы і даты, а яркія асобы, нечаканыя па­дзеі, — адзначыла Аксана Уладзіміраўна.

На думку А.У.Мануйлавай, не менш значным для паспяховага навучання з’яўляецца эмацыянальны кантакт настаўніка з навучэнцамі. На занятках яна ніколі не праходзіць міма дзіцячых пачуццяў, заўсёды бачыць няўпэўненасць ці, наадварот, жаданне праявіць сябе. Да ўсіх дзяцей настаўніца шукае свой ключык, кожнага імкнецца зразумець і падтрымаць. Нядзіўна, што гісторыя і грамадазнаўства для многіх вучняў 5-й крычаўскай школы — любімыя вучэбныя прадметы. Дзеці ведаюць: урокі ў Аксаны Уладзіміраўны — гэта цікава. На іх будуць і своеасаблівыя дэбаты, і камандныя спаборніцтвы, і шмат чаго іншага, што матывуе на вучобу.

Значнае месца ў сваёй педагагічнай дзейнасці А.У.Мануйлава адводзіць рабоце з адоранымі вучнямі. Упор робіць на ўдзел дзяцей у алімпіядным руху і даследчыцкіх конкурсах. Каб якасна падрыхтаваць навучэнцаў, яна рэгулярна сустракаецца з імі на факультатыўных занятках.

— Але ў большасці мы працуем дыстанцыйна. Выкарыстоўваем на карысць сацыяльныя сеткі. Так я магу курыраваць падрыхтоўку вучняў, але ў асноўным яны працуюць самастойна. Як і на штодзённых уроках, у працэсе падрыхтоўкі вельмі важным лічу эмацыянальную, псіхалагічную падтрымку дзяцей. Я заўсёды матывую навучэнцаў на поспех, веру ў іх здольнасці, падтрымліваю любыя пачынанні, — падкрэсліла Аксана Уладзіміраўна.

Такі падыход прыносіць вынікі. Яе вучні штогод становяцца пераможцамі абласнога конкурсу даследчыцкіх работ, розных этапаў рэспубліканскіх алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўстве. Адметна, што навучэнцы А.У.Мануйлавай ужо традыцыйна дэманструюць даволі высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Нягледзячы на значны працоўны вопыт, Аксана Уладзіміраўна ніколі не стаіць на месцы ў прафесійным развіцці, пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку. Ужо тры гады яна ўваходзіць у склад творчай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

— Зараз настаўніку трэба пастаянна ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, бо сучасныя рэаліі дыктуюць новыя ўмовы, пэўныя змены ў навучанні. Вельмі многае ўдаецца адкрыць для сябе падчас сустрэч нашай творчай групы, якой кіруе метадыст вышэйшай катэгорыі сапраўдны прафесіянал Венера Міхайлаўна Варановіч. Істотна паўплываў на мой прафесійны рост удзел і перамога ў раённым этапе сёлетняга конкурсу “Настаўнік года”, — расказала А.У. Мануйлава.

...Сёння Аксана Уладзіміраўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. У яе ёсць любімая сям’я, яе надзейны тыл. А яшчэ ёсць любімая праца, на якую яна кожны дзень ідзе з радасцю. Ідзе, каб падтрымліваць ідэі і пачынанні вучняў, дапама­гаць ім здзяйсняць жаданні і мары.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва А.У.Мануйлавай.