×

З аркестрам і страявой песняй

06.07.2019 11:15,

У Ліцэі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта адбыўся конкурс “Агляд строю і песні”, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Конкурс традыцыйны і ўжо чацвёрты раз сабраў гледачоў на галоўнай пешаходнай вуліцы Магілёва, стаўшы яркім мерапрыемствам. Восем класаў-узводаў навучэнцаў ліцэя, а гэта больш чым 100 чалавек, прадэманстравалі свае ўменні ў выкананні страявых прыёмаў і элементаў у адпаведнасці са Страявым статутам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Ліцэй мае сваю спецыялізацыю і ўдзяляе вялікую ўвагу такім вучэбным прадметам, як матэматыка, фізіка, хімія, біялогія. І ўсё ж у навучэнцаў знаходзіцца час для заняткаў дапрызыўнай падрыхтоўкай. Адзначу, што часу на падрыхтоўку было вельмі мала, але, дзякуючы зацікаўленасці юнакоў (яны трэніраваліся у тым ліку і на перапынках), нам удалося ў самыя кароткія тэрміны падрыхтаваць яркі перфоманс. А выразнасць выканання элементаў была станоўча адзначана ганаровымі гасцямі членамі журы.

“Хачу адзначыць высокі клас страявой падрыхтоўкі юнакоў. Настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі вельмі добра падрыхтаваў юнакоў, заўважна правільная вывучка, прыемна глядзець на тое жаданне і энтузіязм, з якімі навучэнцы выконвалі сёння страявыя прыёмы”, — адзначыў падпалкоўнік ветэран вайны ў Афганістане Яўген Аляксандравіч Шахаў.

“Мне часта даводзіцца бываць на рознага роду мерапрыемствах ваенна-патрыятычнага характару, і я ўжо другі раз з задавальненнем прыходжу ў Ліцэй БРУ. Скажу шчыра, яшчэ не даводзілася бачыць настолькі добра падрыхтаваных хлопцаў. І гэта ўлічваючы іх профіль, які не мае дачынення да ваеннай справы”, — падзяліўся гвардыі капітан другога рангу Уладзімір Яфімавіч Лісоўскі.

Віталь Іваноў, камандзір узвода 11 “Д” класа: “Прайшлі доўгачаканыя спаборніцтвы па страявой падрыхтоўцы. У мінулым годзе мы занялі 3-е месца, але ў гэтым разлічвалі ўзяць першае. Мы сталі больш упэўненыя і прыкметна выраслі, стараліся трэніравацца не толькі на ўроках дапрызыўнай падрыхтоўкі, але і на перапынках. У праграму былі ўведзеныя новыя каманды і манеўры. Кожны клас быў у чымсьці добры і ў чымсьці дрэнны. Журы прысудзіла нам 2-е месца, з адрывам ад першага ў 4 балы. Нас абагналі годныя сапернікі. Такія мерапрыемствы робяць нас больш згуртаванымі. Вялікі дзякуй нашаму настаўніку за арганізацыю дадзенага мерапрыемства. Толькі тады мы навучымся перамагаць, калі не будзем баяцца прызнаваць свае паражэнні і недахопы”.

Варта адзначыць дапамогу БРСМ у правядзенні мерапрыемства. Ужо другі год саюз моладзі рыхтуе для пераможцаў прызы і падарункі, робячы конкурс больш прывабным.

Андрэй БЯЗЛЕПКІН,
настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі і фізічнай культуры і здароўя Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, малодшы сяржант разведкі спецназа, уладальнік крапавага берэта.