×

З клопатам пра братоў нашых меншых

06.03.2020 11:43,

Многія з нас на вуліцах горада бачаць бяздомных жывёл. Часта людзі проста праходзяць міма. Але не навучэнцы Чэрыкаўскага цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій.

1 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень катоў. Навучэнцы разам з педагогамі цэнтра далучыліся да абласнога праекту “Дзеці супраць жорсткага абыходжання з жывёламі” і правялі акцыю “Увага: каты!”. Навучэнцы абмеркавалі праблемы бяздомных жывёл, адсутнасць магчымасці іх жыццеўладкавання ў горадзе. Штодня ўдзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах збіраюць корм для жывёл, разносяць па вуліцах горада і кормяць бяздомных жывёл.

28 лютага — Сусветны дзень стэрылізацыі. Па ўсім свеце праходзяць акцыі па стэрылізацыі бяздомных жывёл у мэтах змяншэння іх колькасці. Стэрылізацыя і кастрацыя жывёл з’яўляецца найбольш гуманным спосабам вырашэння праблемы бяздомных хатніх жывёл і прадухілення іх далейшых пакут.

Выхаванцы цэнтра сумесна з педагогамі распрацавалі і распаўсюдзілі агітацыйныя ўлёткі і флаеры “Непажаданае патомства? Выйсце ёсць!”, “Хочаш дапамагчы бяздомным жывёлам?”, размясцілі на інфармацыйных стэндах шматпавярховых дамоў, распаўсюдзілі сярод жыхароў горада.

Цеплыню адносін з братамі нашымі меншымі і творчыя здольнасці прадэманстравалі дзеці, удзельнічаючы ў конкурсе малюнкаў “Мая любімая жывёла”, фотавыставе “Міс Кіс-Кіс і містар Мяу”, майстар-класе па лепцы свайго чатырохногага сябра, конкурсе вершаў “Мой гадаванец”.

Вынікам акцыі стала наведванне Чэрыкаўскай ветэрынарнай станцыі. Работнікі ветстанцыі расказалі дзецям аб прафесіі ветэрынарнага ўрача, аб даследаваннях, якія праводзяцца ў ветстанцыі, паказалі лабараторыю з абсталяваннем. У лабараторыі дзеці даведаліся пра тое, як аглядаюць і лечаць хатніх жывёл. Дзецям паказалі трусоў, марскіх свінак, мышэй і расказалі, як за імі даглядаць, а таксама далі кансультацыю аб правілах утрымання хатніх жывёл, а затым адказалі на ўсе дзіцячыя пытанні.

Алеся КАНАЗОБКА,
педагог-арганізатар Чэрыкаўскага цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій.