×

З комплексным падыходам да выхавання і навучання

02.07.2019 11:45,

На Магілёўшчыне адбылася чарговая калегія галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел начальнікі ўпраўленняў, аддзелаў па адукацыi рай- і гарвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання.

Сістэма спецыяльнай адукацыі вобласці характарызуецца пашырэннем прыцягнення дзяцей з асаблівасцямі развіцця да сумеснай дзейнасці са здаровымі аднагодкамі.

У парадак дня былі ўключаны надзённыя пытанні, якія тычыліся  рэалізацыі комплекснай праграмы выхавання моладзі, забеспячэння якаснага харчавання навучэнцаў, развіцця спецыяльнай адукацыі і іншых напрамкаў педагагічнай дзейнасці.

Галоўны акцэнт падчас пасяджэння быў зроблены на выкананні комплекснай дзяржаўнай праграмы выхавання дзяцей і моладзі. Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчых сістэм і тэхналогій Магілёўскага дзяржаўнага інстытута развіцця адукацыі І.К.Мулерава, у рэгіёне наладжана скаардынаванае ўзаемадзеянне розных ведамстваў, накіраванае на асобаснае, прафесійнае і сацыяльнае станаўленне падрастаючага пакалення.

— У прыярытэце дзейнасці ўсіх устаноў адукацыі вобласці — выхаванне кожнага навучэнца рознабакова развітой асобай. Таму належная ўвага ўдзяляецца ажыццяўленню ўсіх напрамкаў выхаваўчай работы з дзецьмі, — адзначыла І.К.Мулерава.

Паводле яе слоў, асаблівую знач­насць у навучальных установах надаюць грамадзянска-патрыятычнаму і ідэалагічнаму выхаванню. Для старшакласнікаў арганізаваны штомесячны адзіны дзень інфармавання “ШАГ”, у ходзе пасяджэнняў якога падлеткам тлумачаць актуальныя пытанні дзяржаўнай палітыкі. Своеасаблівымі цэнтрамі патрыятычнага выхавання, духоўнай культуры, месцам, дзе навучэнцам прывіваецца любоў да роднага краю, з’яўляюцца 193 музеі ўстаноў адукацыі. Значную ролю ў выхаванні патрыёта, грамадзяніна, адыгрываюць краязнаўчыя гурт­кі і пошукавыя вучнёўскія атрады.

— Упор робіцца і на маральнае выхаванне. Магілёўскія навучэнцы — актыўныя ўдзельнікі валанцёрскага руху. Сёння ў рэгіёне дзейнічае звыш 400 валанцёрскіх атрадаў і атрадаў “Міласэрнасць”, у складзе якіх больш за 16 000 дзяцей. Духоўнаму выхаванню моладзі таксама спрыяе сумесная дзейнасць устаноў адукацыі і рэлігійных канфесій у рамках Праграмы супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Зараз ва ўстановах адукацыі больш чым 1200 навучэнцаў наведваюць факультатыўныя заняткі рэлігіязнаўчай накіраванасці. Знакавай падзеяй адыхо­дзячага навучальнага года стала адкрыццё духоўна-асветніцкага цэнтра імя Кірыла і Мяфодзія на базе Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, — расказала І.К.Мулерава.

У прэрагатыве ўстаноў адукацыі вобласці — арганізацыя занятасці вучняў у шосты школьны дзень. У многіх райцэнтрах скла­дзены арыгінальныя канцэпцыі і рэгіянальныя мадэлі выхаваўчай работы па суботах. Яны ўключаюць спартыўныя, культурна-масавыя, фізкультурна-аздараўленчыя і іншыя мерапрыемствы на добраахвотнай аснове з улікам інтарэсаў і патрэб школьнікаў. Асаблівая ўвага ўсімі зацікаўленымі прадстаўніцтвамі сёння таксама ўдзяляецца экалагічнаму выхаванню дзяцей, арыентацыі маладых людзей на здаровы лад жыцця, фармiраванне ў iх прэстыжу сям’і, адказнага мацярынства і бацькоўства.

Неад’емны кампанент зместу выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі рэгіёна — прафарыентацыйная работа з навучэнцамі, якая дапамагае маладым людзям усвядомлена выбраць будучую прафесію ў адпаведнасці з інтарэсамі, здольнасцямі, станам здароўя, а таксама з улікам патрэб рынку працы.

Таксама падчас пасяджэння было разгледжана пытанне якаснага, бяспечнага і збалансаванага харчавання навучэнцаў. Тэма актуальная і патрабуе самай пільнай увагі.

Пытанне па належнай арганізацыі харчавання абмяркоўвалася ўжо не аднойчы. Здаецца, была сфарміравана сістэма работы, прадуманы кожны крок, а негатыўныя факты ўсё роўна існуюць.

Як заўважыла вядучы спецыяліст Магілёўскага абласнога ўпраўлення фінансава-гаспадарчага забеспячэння ўстаноў адукацыі Л.В.Гайдэнка, станоўчыя вынікі па арганізацыі харчавання ў навучальных установах ёсць. Паступова перааснашчаюцца харчаблокі, мэтанакіравана ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі, якія дазва­ляюць дыстанцыйна кантраляваць харчаванне. Але дробных недахопаў усё роўна хапае.

— Тыя ці іншыя парушэнні сустракаюцца практычна ва ўсіх установах адукацыі. У асноўным гэта парушэнні, якія неаднаразова зазначаліся кіраўнікам. Пасля чарговай праверкі яны выпраўляюцца, а затым з-за недастатковага кантролю з’яўляюцца зноў, — заўважыла Л.В.Гайдэнка.

Як было адзначана на калегіі, такое стаўленне да працы недапушчальнае, таму ў адносінах да спецыялістаў і кіраўнікоў, якія нядобрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі, будуць прыняты адпаведныя меры.

У ходзе пасяджэння ўвага была ўдзелена і развіццю спецыяльнай адукацыі. У гэтым кірунку ў рэгіёне дасягнулі поспехаў.

— Сістэма спецыяльнай адукацыі вобласці характарызуецца даступнасцю, варыятыўнасцю, стварэннем безбар’ернага асяроддзя, пашырэннем прыцягнення дзяцей з асаблівасцямі развіцця да сумеснай дзейнасці са здаровымі аднагодкамі. Развітая сетка ўстаноў спецыяльнай адукацыі, інтэграванага навучання і выхавання, пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі забяспечвае высокі працэнт ахопу дзяцей з АПФР спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай. Так, ахоп спецыяльнай адукацыяй сёння складае звыш 99 працэнтаў, своечасовую карэкцыйную дапамогу атрымліваюць 100 працэнтаў дзяцей. І гэтая лічба нязменная ўжо на працягу некалькіх гадоў, — падкрэсліла дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі А.Г.Мазалоўская.

Паводле яе слоў, створана сістэма ранняй комплекснай дапамогі, якая прадугле­джвае максімальнае выяўленне парушэнняў у развіцці дзіцяці і як мага больш ранні пачатак работы з дзіцем і яго сям’ёй. Гэта не толькі спрыяе ў далейшым сацыялізацыі дзіцяці, але і нярэдка дазваляе вывесці яго з сістэмы спецыяльнай адукацыі.

Важнай характарыстыкай спецыяльнай адукацыі ў Магілёўскай вобласці з’яўляецца развіццё інтэграванага навучання і выхавання. Сёлета звыш 85% навучэнцаў з асаблівасцямі атрымлівалі спецыяльную адукацыю ва ўмовах інтэграцыі. У мінулым навучальным годзе абласным ЦКРНіР распачата рэалізацыя рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР”. Навізна праекта заключаецца ў апрабацыі розных мадэлей навучання асаблівых дзяцей на аснове інклюзіўнага падыходу.

Планамерна паляпшаюцца прадметнае і развіццёвае асяроддзе ўстаноў спецыяльнай адукацыі, абнаўляецца і набываецца транспарт для падвозу навучэнцаў. Створаны належныя ўмовы і для прафесійнай падрыхтоўкі дзяцей з асаблівасцямі. Мэтанакіравана вядзецца работа па развіцці іх творчых здольнасцей, духоўна-маральным, грамадзянска-патрыятычным выхаванні. 

Такія паказчыкі не могуць не рада­ваць. Тым жа раёнам, дзе выяўлены недахопы, было даручана ліквідаваць іх у самыя кароткія тэрміны, бо ўсе негатыўныя фактары ў той ці іншай ступені ўплываюць на якас ць карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, што аказваецца асаблівым дзецям.

На калегіі таксама быў закрануты шэраг іншых актуальных тэм. Як было адзначана, у цэлым работа па ўсіх разгледжаных пытаннях наладжана эфектыўна, але для падтрымання станоўчых тэндэнцый работу трэба пастаянна ўдасканальваць. На гэта павінны быць накіраваны намаганні кожнага — ад кіраўніка да педагога.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.