×

З улікам папярэдніх вынікаў

28.08.2019 10:31,

Удасканальваць педагагічнае майстэрства настаўніку дапамагае раённае метадычнае аб’яднанне, якое заклікана забяспечыць павышэнне кваліфікацыі педагогаў, своечасова аказаць практычную і метадычную дапамогу. Аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Быхава і Быхаўскага раёна не прыпыняла сваю работу і гэтым летам.

Першае пасяджэнне прайшло ў форме семінара-панарамы педагагічнага вопыту і называлася “Выкарыстанне здабыткаў сучаснага літаратуразнаўства ў адукацыйным працэсе”. Настаўніца гімназіі Быхава Таццяна Леанідаўна Белавусава расказала пра сучасныя падыходы да выкладання беларускай літаратуры на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, падзялілася сваім вопытам работы. Настаўніца Вараніноўскага дзіцячага сада — базавай школы Святлана Аляксандраўна Кураленка выступіла з дакладам аб выхаваўчым патэнцыяле літаратурнай спадчыны і раскрыла шляхі знаёмства вучняў з літаратурнай спадчынай у пазаўрочнай дзейнасці настаўніка з вучнямі. Настаўніцы Навабыхаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ніна Уладзіміраўна Сілкова і Святлана Сцяпанаўна Шушлакова падзяліліся вопытам пры рабоце з літаратурным краязнаўствам і творамі пісьменнікаў Быхаўскага раёна.

Прадставілі свой педагагічны вопыт па падрыхтоўцы вучняў да прадметнай алімпіяды настаўніцы гімназіі Быхава і сярэдняй школы № 1 горада Ірына Уладзіміраўна Цімохава і Таццяна Андрэеўна Блажыеўская. Настаўніцы падрыхтавалі выставу-прэзентацыю, на якой былі прадстаўлены распрацоўкі пазакласных мерапрыемстваў, творчых і даследчых работ вучняў. А Людміла Мікалаеўна Цішкова, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Быхаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, правяла дыягностыку цяжкасцей і запатрабаванняў педагогаў.

Летняя работа працягнулася пасяджэннем “Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, дзе настаўнікі падрабязна абмеркавалі дакументы на новы 2019/2020 навучальны год, вызначылі кірункі работы з улікам папярэдніх вынікаў.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.