×

За ўражаннямі — у “Гарызонт”

18.07.2019 14:13,

Яркія ўражанні, зарад бадзёрасці і здароўя, а таксама новыя веды пра родны край. Усё гэта вязуць з сабой дадому хлопцы і дзяўчаты, якія ўлетку адпачывалі ў перасовачным палатачным летніку “Гарызонт” Магілёўскага дзяржаўнага абласнога цэнтра творчасці.

Па словах загадчыка аддзела турызму, спартыўнага арыентавання і экскурсій цэнтра Ц.К.Кажагулава, лагер “Гары­зонт” стаў адным з самых папулярных відаў фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці і актыўнага адпачынку сярод навучэнцаў установы.

У першую змену тут аздаравіліся 25 хлопчыкаў і дзяўчынак. Летнік быў разбіты ў лясным масіве на беразе невялікай ракі бліз вёскі Заходы Шклоўскага раёна. Месца тут вельмі маляўнічае. Аднак падчас адпачынку дзеці не толькі атрымлівалі асалоду ад еднасці з прыродай, але і вучыліся самастойнасці. Яны самі ўладкавалі лагер, нарыхтоўвалі дровы і гатавалі ежу ў палявой кухні, абсталявалі крыніцы для набору вады, арганізавалі турысцкую лазню.

— Прадугледжана для дзяцей была і шырокая забаўляльная і вучэбная праграма. Для іх працавала школа арыенціроўшчыка, право­дзіліся заняткі па скалалажанні і тэхніцы пешаходнага турызму, арганізоўваліся падарожжа з картай, каманднае праходжанне паласы перашкод, творчыя конкурсы і гульні ля вогнішча, — расказаў Ц.К.Кажагулаў.

Напрыканцы аздараўленчай змены ў многіх дзяцей істотна ўзрасла ступень самастойнасці як у выкананні бытавых спраў, так і ў здольнасці арганізавацца, дамовіцца аб адказнасці і падзеле абавязкаў. Як адзна­чыў Ц.К.Кажагулаў, турыстычны вобраз жыццядзейнасці пры правільнай яе арганізацыі спрыяе пашырэнню кругагляду дзяцей, выдатна выхоўвае іх валявыя якасці. Актыўны ўдзел у турыстычнай дзейнасці дазваляе падлеткам вырашыць цэлы шэраг праблем, звязаных з самапазнаннем, самасцвярджэннем і самавыяўленнем. Таму цяперашнім летам у такім фармаце пройдуць яшчэ дзве аздараўленчыя змены.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным цэнтрам творчасці.