×

За жыццёвым вопытам — у “Тата-школу”

19.11.2019 11:57,

У Цэнтры творчасці “Эверэст” Магілёва вырашылі аб’яднаць хлопцаў-падлеткаў і іх татаў. У навучальнай установе ўжо другі год рэалізоўваюць карысны праект “Тата-школа. Юніёр.Бел”.

— Зараз асаблівую знач­насць набывае адказнае бацькоўства. Мужчынам неабходна лепш усведамляць сваю адказнасць за паўнавартаснае развіццё дзяцей. Менавіта таму калектыў нашай установы прыняў рашэнне аб стварэнні “Тата-школы”. Падобныя праекты не новыя для Беларусі, таму мы грунтаваліся на вопыце айчынных калег, а таксама спецыялістаў са Швецыі — краіны, дзе зарадзіўся гэты рух. Ідэю мы ажыццяўлялі сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Клуб ільвоў” і Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцай. Галоўныя мэты, якія ставілі перад сабой: умацаванне дзіцяча-бацькоўскіх адносін, актывізацыя сацыяльна значнай дзейнасці падлеткаў і мужчын, прапаганда адказнага бацькоўства, — расказала метадыст цэнтра адзін з аўтараў праекта В.А.Струновіч.

Удзельнікамі праекта сталі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва (і тыя, хто знахо­дзіцца на розных відах прафілактычнага ўліку), мужчыны, якія маюць станоўчы вопыт сямейнага жыцця і выхавання дзяцей. Сустрэчы татаў з дзецьмі праходзяць некалькі разоў на месяц у шосты школьны дзень. Мерапрыемствы для ўдзель­нікаў “Тата-школы” курыруе яшчэ адзін аўтар праекта педагог-арганізатар Э.У.Шалабодаў. Праводзяцца яны па розных тэматычных напрамках.

— Мы выбралі пяць тэматычных модуляў. Усе яны закранаюць найважнейшыя напрамкі ў жыцці падлеткаў. Напрыклад, модуль “Сямейны дайджэст” праз круглыя сталы, майстар-класы, гутаркі, кансультаванне дапамагае хлопцам атрымаць новыя веды пра асаблівасці сямейнага жыцця, актуальныя пытанні выхавання і бацькоўства, — паведаміла В.А.Струновіч.

У жыцці кожнага маладога чалавека асаблівую важнасць мае правільны прафесійны выбар. Акцэнт на гэта зроблены ў модулі “Я прафесіянал”, які накіраваны на пашырэнне ўяўленняў падлеткаў пра прафесіі і на выпрацоўку ў іх індывідуальнага пункту гле­джання ў прафарыентацыі. Прадстаўнікі дарослага пакалення знаёмяць моладзь з прафесіямі, па якіх яны самі працуюць. Такія непасрэдныя зносіны да­зваляюць сфарміра­ваць у падлеткаў максімальна канкрэтныя прафесійныя ўяўленні.

Важным аўтары праекта палічылі фарміраванне прававой самасвядомасці юнакоў. Праз дыялогі і дыскусіі модуля “Я грамадзянін сваёй краіны” маладых людзей знаёмяць з нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэалізоўваюць абарону правоў дзіцяці, сям’і, мацярынства і дзяцінства, з заканадаўствам у сферы адукацыі.

— Мы арганізавалі своеасаблівы прававы форум, у аснову якога пакладзены элементы тэхналогіі форум-тэатра — з дэталёвай прапрацоўкай пэўных жыццёвых сітуацый, звязаных з парушэннямі норм права. Не забыліся і пра далучэнне падлеткаў да сацыяльна значнай дзейнасці, — падкрэсліла В.А.Струновіч.

Прапаганда здаровага ладу жыцця ў “Тата-школе” ажыццяўляецца ў межах модуля “Я — за ЗЛЖ”. Па гэтай тэме таты і педагогі-куратары праводзяць з дзецьмі не толькі розныя фізкультурна-спартыўныя мерапрыемст­вы, але і заняткі, лекцыі, трэнінгі па ЗЛЖ-асвеце. Падлеткі атрымліваюць веды пра аспекты фізічнага і псіхалагічнага здароўя, негатыўныя наступствы шкодных звычак.

Значная работа праводзіцца па модулі “Я абаронца сваёй краіны”, накіраваным на фарміраванне ў хлопцаў станоўчага стаўлення да вайсковай службы. У большасці сваёй гэта азнаямленне маладых людзей з гісторыяй станаўлення арміі, яе прызначэннем, складам Узброеных Сіл Беларусі. Таты дзеляцца сваім вопытам вайсковай службы, спецыфікай і станоўчымі ўражаннямі. Модуль таксама ўключае ў сябе практычную дзейнасць, падчас якой юнакі маюць магчымасць у рэальнасці выпрабаваць на сабе армейскі побыт і рэжым.

— “Тата-школа” функцыянуе ў нашым цэнтры ўжо больш за год. Штомесяц яе наведваюць каля пяцідзесяці падлеткаў. Рэалізацыя праекта яшчэ не завершана, але яго карысць відавочная. Нам удалося нала­дзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне двух пакаленняў, — адзначыла В.А.Струновіч.

І сапраўды, падчас заняткаў і тэматычных мерапрыемстваў у “Тата-школе” пераадольваецца бар’ер паміж татамі і дзецьмі, які часта бывае. А яшчэ ў аб’яднанні адбываецца своеасаблівая перадача жыццёвага вопыту ад баць­коў цяперашніх да бацькоў будучых, што найлепшым чынам рыхтуе падлеткаў да стварэння ўласнай сям’і.

На сёлетнім рэспубліканскім конкурсе праектаў па арганізацыі шостага школьнага дня ініцыя­тыва педагогаў Цэнтра творчасці “Эверэст” атрымала дыплом ІІІ ступені.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.