×

Захапляе творчасцю

23.11.2019 14:32,

Як дасягнуць паспяховасці ў педагагічнай дзейнасці? У кожнага настаўніка на гэтым шляху свой алгарытм дзеянняў, свае прынцыпы. Для педагога дадатковай адукацыі шматпрофільнага цэнтра “Ветразь” Бялыніч Марыі Аляксандраўны Ругаль галоўнае ў працы — любоў. Любоў да той справы, якую робіш, а яшчэ важней — любоў да дзяцей.

— Калі займаешся тым, што табе даспадобы, то і вынік будзе адпаведным. Праца павінна прыносіць радасц­ь. Яшчэ ў школьныя гады вырашыла: буду займацца тым, што мяне захапляе. Задавальненне заўсёды атрымлівала ад урокаў чарчэння, малявання, абслуговай працы. Аднак хацелася не проста займацца творчасцю, але і ўмець захапіць ёй іншых, таму і працягнула адукацыю на мастацка-графічным факультэце тагачаснага Віцебскага педагагічнага інстытута, — расказала М.А.Ругаль.

Пасля атрымання нас­таўніцкага дыплома Марыя Аляксандраўна доўгі час працавала выхавальнікам у школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Работа падабалася, але рэалізацыі свайго ўнутранага патэнцыялу М.А.Ругаль не адчувала. Шукаць сябе пачала ў творчасці. Так і стала педагогам дадатковай адукацыі.

— Я ўжо шосты год працую ў шматпрофільным цэнт­ры “Ветразь”. Вельмі рада, што звязала сваё прафесійнае жыццё з гэтай установай, бо тут знай­шла сваё прызванне, — падзялілася суразмоўніца.

Прыйшоўшы працаваць у “Ветразь”, Марыя Аляксандраўна арганізавала аб’яднанне па інтарэсах “Вясёлка”. Займацца рознымі відамі творчасці захацелі многія мясцовыя дзяўчаты і хлопцы. Цікавасць да гуртка не падае і цяпер.

— Зараз на заняткі ў гурток прыходзяць 46 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе яны розна-
ўзроставыя. Ёсць дзеці, якія вучацца ў пачатковай школе, ёсць навучэнцы 7—8-х класаў. Разам мы займаемся такімі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, як салёнае цеста, маляванка, саломапляценне, пап’е-машэ, ткацтва, роспіс па дрэве, — паведаміла М.А.Ругаль.

Усе заняткі ў гуртку “Вясёлка” — яркія, займальныя, запамінальныя. Урокі прахо­дзяць калектыўна, але ў той жа час педагог да кожнага вучня стараецца знайсці свой ключык.

— Для мяне ў цэнтры ўвагі заўсёды асоба дзіцяці. Да кожнага навучэнца шукаю індывідуальны падыход. Увогуле, асобасна арыентаванае навучанне — асноўны метад, які я прымяняю на сваіх занятках. Менавіта гэта дазваляе захапіць дзяцей творчасцю, — адзначыла М.А.Ругаль.

Асабліва важным Марыя Аляксандраўна лічыц­ь матывацыю дзяцей на са­маўдасканаленне, поспех, заваяванне творчых вышынь.

— Працаваць над сабой неабходна. Я сама пастаянна займаюся самаадукацыяй, шукаю новыя методыкі. На ўдасканаленне ведаў і навыкаў настройваю і сваіх вучняў, — адзначыла М.А.Ругаль.

Паводле яе слоў, на працягу ўсяго навучальнага года яе навучэнцы ўдзельніча­юць у раённых, абласных, рэспубліканскіх творчых конкурсах і аглядах. Акрамя гэтага, вучні і іх педагог — актыўныя ў­дзельнікі ўсіх святочных мерапрыемстваў горада. Практычна з усіх конкурсаў выхаванцы М.А.Ругаль вяртаюцца з прызавымі дыпломамі.

— Кожны мой навучэнец па-свойму таленавіты. Гэтыя таленты я імкнуся ўсяляк развіваць, не прыгнятаючы ўменні дзяцей, а абуджаючы ўкладзеныя ў іх прыродай якасці, — падкрэсліла М.А.Ругаль.

Захопленасць Марыі Аляксандраўны творчасцю і педагогікай не засталася незаўважанай. У яе працоўнай скарбонцы — шмат ганаровых грамат ад мясцовай выканаўчай улады.

— Галоўным сваім дасягненнем я лічу поспехі вучняў. Штогод нашых узнагарод становіцца ўсё больш. І гэта вельмі радуе. Наведваючы гурток, дзеці не толькі далучаюцца да творчасці — на занятках яны набываюць веру ў сябе, — упэўнена педагог. — Я буду працягваць павышаць прафесійнае майстэрства, каб і далей разам з дзецьмі дасягаць новых вышынь у творчасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва М.А.Ругаль.