×

Захоўваем добрыя традыцыі

15.03.2019 16:28,

Развіццё асобы дзіцяці, інтэлектуальных і творчых магчымасцей паспяхова вырашаецца як на ўроках, так і ва пазаўрочнай дзейнасці. Шмат у чым вырашэнню гэтых задач спрыяюць прадметныя тыдні, якія звязаны з асноўным праграмным курсам навучання і закліканы паглыбляць, дапаўняць і тым самым павышаць узровень адукацыі навучэнцаў, спрыяць пашырэнню кругагляду.

Для нашай школы сталі традыцыйнымі цікавыя, умела падрыхтаваныя і праведзеныя на добрым арганізацыйным і змястоўным узроўні прадметныя тыдні па ўсіх вучэбных дысцыплінах, а таксама тыдні майстэрства класных кіраўнікоў. У правядзенні тэматычных тыдняў задзейнічаны ўсе класы: выпуск тэматычных газет, адкрытыя пазакласныя мерапрыемствы, урокі, музычныя паўзы на перапынках, якія запрашаюць прыняць удзел у займальных віктарынах, конкурсах.

Штогод у канцы лютага праходзіць тыдзень гуманітарных навук. І кожны год навучэнцы з цікавасцю чакаюць гэтай падзеі, таму што ведаюць: чакае мноства разнастайных мерапрыемстваў. Але галоўнае — у любога вучня, нават калі ён не вылучаецца ведамі па прадметах, ёсць магчымасць праявіць сябе ў творчасці. Так было і сёлета. Каля стэндаў з заданнямі збіраліся аматары гуманітарных навук. Адны вырашалі крыжаванкі, іншыя разгадвалі рэбусы і адказвалі на пытанні віктарын: “Руская мова — мой сябар”, “Ці ведаеце вы беларускія прыказкі?”, “Мазгавы штурм”. Пытанні былі розныя: жартоўныя, сур’ёзныя і складаныя, якія патрабуюць лагічнага мыслення.

На працягу ўсяго тыдня афармляліся выстаўкі, пастаянна абнаўляліся працамі навучэнцаў. Шмат цікавых фактаў аб мовах змаглі даведацца дзеці з газет “Усё пра Германію”, “50 фактаў пра Брытанію”, “Займальная руская мова”. Усе педагогі — члены метадычнага аб’яднання шмат папрацавалі. І на працягу ўсіх дзён тыдня навучэнцы мелі магчымасць паўдзельнічаць у разнастайных і займальных мерапрыемствах, пра якія інфармаваў стэнд “Каляндар тыдня”. Кожны дзень меў сваю назву і дэвіз. Дні адкрыццяў, пазнанняў, творчасці, натхнення, насценнага друку, гісторыі малой радзімы былі насычаныя і цікавыя.

Першы дзень запомніўся навучэнцам пачатковых класаў яркай пазнавальнай віктарынай па англійскай мове “Вясёлая англійская”, якую праводзіла настаўнік англійскай мовы М.У.Каірава. Навучэнцы апынуліся ў школе чароўнай англійскай, дзе для іх былі падрыхтаваныя сцэнкі, заданні, конкурсы. А для навучэнцаў 6—7 класаў настаўніца нямецкай мовы С.Л.Сідарава арганізавала гульню “Разумнікі і разумніцы”. Усе былі актыўныя, ініцыятыўныя, дружна працавалі ў камандах.

Пад дэвізам “Спазнаючы — працуем, а гуляючы — вучымся!” праходзіў дзень пазнання. Навучэнцы 5—6 класаў разам з настаўнікам М.У.Яцкоўскай здзейснілі інтэрактыўнае падарожжа “Па старонках любімых кніг”. Дзеці акунуліся ў рызыкоўную атмасферу, актыўна працавалі, адказвалі на пытанні. Дзякуючы сваім ведам, а таксама знаходлівасці, кемлівасці, зараблялі балы для сваёй каманды. Мерапрыемства прайшло весела, займальна і пазнавальна.

Напэўна, запомніцца вучням 10 класа ўрок-дэбаты “Дэмакратыя: за і супраць”. Настаўнік В.Б.Міхайлаў здолеў настроіць вучняў на асэнсаванне праблемы, весці дыялог, у якім яны вучыліся ясна і выразна выказваць свой пункт гледжання.

Мабыць, самым насычаным аказаўся дзень гісторыі малой радзімы, які праходзіў пад дэвізам “У родным слове — цэлы свет. Спазнай яго!”. Зладзілі экскурсію ў школьны краязнаўчы музей. А вусны часопіс “Водар роднай зямлі”, падрыхтаваны навучэнцамі 10 класа пад кіраўніцтвам настаўніцы М.В.Курлянковой, шмат у чым спрыяў далучэнню да роднага беларускага слова, культуры беларускага народа. Як прыемна было адкрываць таленавітасць нашых землякоў, бачыць прыгажосць роднага кутка, адчуваць гонар за сваю Радзіму.

У ходзе гадзіны пазнання “Што ў імені маім?”, якая суправаджалая прэзентацыяй, дзеці таксама адкрылі шмат новага. Цікава было даведацца пра паходжанне, значэнне і гісторыю фарміравання імёнаў, пра таямніцы, якія яны хаваюць. Прыйшлі да адзінага меркавання: значэнне імені сапраўды вялікае і можа паўплываць на яго лёс.

Тыдзень прайшоў паспяхова, а галоўнае — пазнавальна. І судзіць аб гэтым можна па запісах, якія зрабілі вучні на школьным плоце (вядома ж, намаляваным на стэндзе) “Падзяліся сваім меркаваннем”. Яшчэ раз пераканаліся, колькі ўсяго цікавага, загадкавага ў прадметах, пашырылі кругагляд, праявілі творчыя здольнасці, што, безумоўна, павысіла цікавасць да гуманітарных навук.

Дзякуем усім, хто прыняў удзел у тыдні, і жадаем творчых перамог!

Марына ЯЦКОЎСКАЯ,
кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання, настаўніца рускай мовы і літаратуры
Фашчэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Шклоўскага раёна.