×

Занятасці моладзі — належная ўвага

16.04.2019 15:48,

У магілёўскіх установах адукацыі мэтанакіравана падыходзяць да арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў. Сёння ў рэгіёне створаны ўсе ўмовы для развіцця творчых здольнасцей дзяцей і падлеткаў, іх прафесійнай арыентацыі і самарэалізацыі, уключэння ў грамадска карысную дзейнасць.

Шосты школьны дзень у магілёўскіх навучальных установах прахо­дзіць з арыентацыяй на запыты дзяцей.

Толькі ў аб’яднаннях па інтарэсах ва ўстановах дадатковай адукацыі зараз займаюцца каля 50 працэнтаў навучэнцаў. Важна, што тэматыка гурткоў пастаянна абнаўляецца, ідзе за тэндэнцыямі часу. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ў рэгіёне таксама правядзенню шостага школьнага дня. Планы работы навучальных устаноў па суботах складаюцца зыходзячы з інтарэсаў навучэнцаў. Раўназначны ўпор робіцца на патрыятычнае, працоўнае, экалагічнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін, прафарыентацыю, удасканаленне здольнасцей школьнікаў.

— Уся работа заснавана на міжведамасным узаемадзеянні. Да ахопу дзяцей пазаўрочнай занятасцю, акрамя непасрэдна ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, прыцягнуты ўстановы спорту, культуры, турызму, аховы здароўя, праваахоўныя і іншыя ведамствы, грамадскія аб’яднанні, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка.

Зладжаная дзейнасць усіх зацікаўленых дае адпаведны вынік. Сёння карыснай занятасцю ахоплена значная колькасць школьнікаў. Гэта, а таксама прафілактычная работа і прававая асвета навучэнцаў, спрыяюць зніжэнню ўзроўню здзяйснення супрацьпраўных учынкаў непаўналетнімі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.