×

Запрашае матчына школа

15.05.2019 14:41,

Не першы год у яслях-садзе № 3 Глуска функцыянуе група кароткачасовага знаходжання “Матчына школа “Кроха”, накіраваная на аб’яднанне намаганняў установы дашкольнай адукацыі і сям’і з мэтай забеспячэння паўнавартаснага развіцця дзіцяці ад 1,5 да 3 гадоў, а таксама ўзбагачэння выхаваўчага вопыту бацькоў. На працягу года ўзаемадзейнічалі ў трыядзе “педагог — бацькі — дзеці”. На кожных індывідуальных занятках або занятках невялікімі падгрупамі выкарыстоўваліся групавыя комплексы, якія праводзілі педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, выхавальнікі і настаўнікі-дэфектолагі. Давалі ўказанні дзецям, тлумачэнні і рэкамендацыі бацькам.

Комплексны падыход у пабудове гульняў-заняткаў спрыяў таму, што падчас кожнага наведвання групы адбывалася пазнавальнае, фізічнае, музычна-эстэтычнае развіццё, узбагачаўся сенсорны досвед, дробная і буйноя маторыка.

Але надышоў час, калі трэба падвесці вынікі і адправіць выхаванцаў матчынай школы ў плаванне самастойнага дашкольнага жыцця. З гэтай мэтай былі праведзены выпускныя заняткі матчынай школы. На ўрачыстасць дзяўчынкі і хлопчыкі прыйшлі ў суправаджэнні мам і тат. У госці да дзяцей завітала вялікая Матрошка са сваімі сяброўкамі і Пятрушка з цацкамі. Былі арганізаваны гульні, конкурсы, гучалі жарты і цікавыя заданні, а ў канцы кожнаму выхаванцу Матчынай школы быў уручаны сертыфікат аб заканчэнні і салодкі прыз ад казачных герояў.

Хочацца верыць, што ў выніку працы групы кароткачасовага знаходжання дзяцей паміж педагогамі і бацькамі склаліся партнёрскія адносіны ў пытаннях выхавання і наладжана атмасфера ўзаемаразумення. А ўжо пачынаючы з кастрычніка мы чакаем новае пакаленне малых матчынай школы “Кроха”.

Вера РАЛЬКО,
выхавальніца  ясляў-сада № 3 Глуска.