×

Заўсёды ў руху наперад

31.12.2019 10:56,

Сапраўдны прафесіянал, педагог з невычэрпнай творчай энергіяй. Так характарызуюць настаўніка Радамльскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна Андрэя Уладзіміравіча Рагуева яго калегі і кіраўніцтва.

Cвой педагагічны шлях Андрэй Ула­дзіміравіч пачаў у 2002 го­дзе. Пасля заканчэння МДУ імя А.А.Куляшова быў размеркаваны ў Чавускі раён, дзе 18-ы год працуе ў Радамльскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Галоўная я­касць Андрэя Уладзіміравіча — гэта ўменне глядзець наперад, любіць сваю прафесію, думаць перспектыўна, быць аптымістам. Гэтыя прынцыпы ён спрабуе данесці да сваіх калег, з’яўляючыся кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі.

А.У. Рагуеў заўсёды быў і з’яўляецца для сваіх калег і вучняў прыкладам добрасумленнага служэння справе, бездакорнай маральнасці і гонару, прыкладам чалавека, улюбёнага ў свой прадмет, у прыроду роднага краю. Асабліва хочацца спыніцца на краязнаўчай рабоце Андрэя Уладзіміравіча, якая ажыццяўляецца праз экскурсіі і паходы па малой радзіме, работу навучэнцаў у складзе пошукава-даследчых экспедыцый, добраўпарадкаванне помнікаў і воінскіх пахаванняў, праз акцыі, даследчую і праектную дзей­насць.

Атрыманая ў краязнаўчых паходах каштоўная інфармацыя апрацоўваецца Андрэем Уладзіміравічам сумесна з дзецьмі, сістэматызуецца. Значная частка матэрыялу выкарыстоўваецца для абнаўлення і папаўнення экспазіцый школьнага музейнага кутка нашай установы адукацыі. У сваёй краязнаўчай рабоце А.У.Рагуеў не пакідае па-за ўвагай і тапанімічны кірунак, далучэнне дзяцей да вывучэння ваеннай тэматыкі. Гэтая дзейнасць ажыццяўляецца Андрэем Ула­дзіміравічам з апорай на мясцовы матэрыял, прыцягненнем жывых удзельнікаў тых трагічных падзей. У працэсе гэтай работы былі абноўлены маршруты да месцаў пахаванняў не толькі ў населеных пунктах, але і ў лясных масівах.

Краязнаўчы матэрыял Андрэй Ула­дзіміравіч актыўна выкарыстоўвае на сваіх уроках. У Год малой радзімы разам з навучэнцамі ён працуе над стварэннем выявы роднай тэрыторыі з прымяненнем розных форм вучэбнай дзейнасці — вучэбных экскурсій, стварэння мультымедыйных прэзентацый з выкарыстаннем мясцовага фотаматэрыялу, праектаў навучэнцаў. Андрэй Уладзіміравіч распрацаваў некалькі турыстычных маршрутаў і як дадатак да іх — брашуры-даведнікі для папулярызацыі мясцовых славутасцей, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў рамках штогадовага этнасвята “У госці да радзімічаў”.

На думку Андрэя Уладзіміравіча, галоўным паказчыкам якасці адукацыі па прадмеце з’яўляецца паспяховасць, канкурэнтаздольнасць навучэнцаў, іх упэўненасць у сваіх ведах, кампетэнт­насць і эрудзіраванасць. Усё гэта асабліва ярка выяўляецца ў выніковым удзеле яго вучняў у конкурсах, алімпіядах, інтэлектуальных марафонах рознага ўзроўню.

Асаблівых поспехаў навучэнцы А.У.Рагуева дасягнулі ў алімпіядным руху. За апошнія 7 гадоў на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія” імі было заваявана 19 прызавых дыпломаў. Характэрна, што на заключным этапе сёлетняй рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, які праходзіў у сакавіку ў Оршы, сярод 35 вучняў 10 класа быў толькі адзін прадстаўнік сельскай школы. Гэта быў вучань Андрэя Уладзіміравіча — Аляксей Рагуеў.

Андрэй Уладзіміравіч на працягу многіх гадоў з’яўляецца кіраўніком школьнага клуба “Крылаты дазор”, школьнага лясніцтва. Як вынік: члены гэтых аб’яднанняў неаднаразова станавіліся пераможцамі на абласным і рэспубліканскім узроўнях юніёрскага конкурсу “Квітней, мой лес!”, які арганізоўваецца Міністэрствам лясной гаспадаркі.

З самага пачатку свайго пражывання ў Радамлі А.У.Рагуеў праяўляе актыўную грамадзянскую пазіцыю. У 2006 го­дзе ён быў абраны дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў. З 2014 года Андрэй Ула­дзіміравіч з’яўляецца дэпутатам Чавускага раённага Савета дэпутатаў па Радамльскай выбарчай акрузе, куды ён быў абраны двойчы, бо мае бясспрэчны аўтарытэт сярод аднавяскоўцаў. За актыўную педагагічную і грамадскую дзейнасць настаўнік быў узнагароджаны ганаровымі граматамі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, падзякай Чавускага раённага Савета дэпутатаў, неаднаразова — граматамі раённага аддзела па адукацыі.

Пагутарыўшы з былымі выпускнікамі А.У.Рагуева, якія і зараз перыядычна наведваюць нашу навучальную ўстанову, пераканалася ў тым, што яны з настальгіяй успамінаюць урокі свайго настаўніка, класнага кіраўніка.

— У жыцці кожнага чалавека ёсць свой настаўнік, без якога ўсё далейшае магло б не адбыцца. Для мяне такім настаўнікам, строгім, мудрым і чулым, стаў Андрэй Уладзіміравіч. З велізарнай удзяч­насцю ўспамінаю ўрокі геаграфіі, з якіх не хацелася сыходзіць. Спакойны, але ўпэўнены голас, прыгожае маўленне, заўсёды нова, цікава, займальна — усё гэта вабіла мяне на ўрокі да любімага настаўніка і гэта абумовіла маю будучыню, маю адукацыю, маю прафесію, — так гаворыць пра Андрэя Уладзіміравіча педагог-географ абласнога Цэнтра творчасці Аксана Волкава.

У сучаснай школе вельмі запатрабаваны педагогі, здольныя да супрацоўніцтва, якія адрозніваюцца мабільнасцю, дынамічнасцю, канструктыўнасцю, якія валодаюць развітым пачуццём адказнасці за выхаванне падрастаючага пакалення, якія ўмеюць самастойна прымаць рашэнні ў сітуацыі выбару. Менавіта такім і з’яўляецца Андрэй Уладзіміравіч Рагуеў.

Ганна ПАПЕЙКА,
настаўніца беларускай мовы Радамльскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна.