×

Здароўе нацыі

28.05.2019 15:22,

У сярэдняй школе № 4 Клімавіч з навучэнцамі рэгулярна праводзяцца гутаркі, лекцыі, віктарыны пра адмоўны ўплыў алкаголю на арганізм падлетка. Павучальным і запамінальным стаў трэнінг для падлеткаў, схільных да рызыкі ўзнікнення адыктыўных паводзін, з выкарыстаннем арт-тэрапіі і метаду дыскусіі “Шкодныя звычкі. Алкаголь”, які правяла педагог-псіхолаг школы Юлія Архангельская.

Спачатку — практыкаванне “Інтэрв’ю”: навучэнцаў разбілі на пары. Дзецям трэба было на працягу пяці хвілін зносін з партнёрам даведацца пра яго як мага больш. Пасля гутаркі навучэнцы прадстаўлялі адзін аднаго, падкрэсліваючы індывідуальнасць суразмоўцы, непадабенства на іншых.

Далей навучэнцы разам з псіхолагам абмеркавалі зносіны па прынцыпе “тут і цяпер” (кожны ўдзельнік трэнінгу засяроджвае ўвагу на працэсах, якія адбываюцца ў групе ў дадзены момант): актыўнасць; шчырасць; правіла “Я” (кожны кажа толькі за сябе і ад свайго імя); павага да суразмоўніка, кантроль паводзін і г. д. Пасля вывучэння правілаў дзеці запоўнілі анкету “Падлетак і алкаголь”, разам з Юліяй Аляксандраўнай правялі апрацоўку і сумесны аналіз вынікаў. У якасці арт-тэрапіі было прапанавана шэсць няскончаных малюнкаў, якія неабходна было дамаляваць. Пасля псіхолаг інтэрпрэтавала іх, і разам з  дзецьмі абмеркавалі вынікі.

Карыснай стала міні-лекцыя “Наступствы дзіцячага алкагалізму”. Дзеці выказвалі свае меркаванні аб наступствах ужывання алкаголю і прапаноўвалі спосабы адмовы ад яго.

Перад завяршэннем трэнінгу навучэнцы разбіліся на дзве групы і намалявалі плакаты — антырэкламу алкаголю. Кожная група называла лозунгі да сваіх плакатаў, прэзентуючы іх.

Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам выгадаваць новае пакаленне маладых беларусаў, свабодных ад прыхільнасці да алкаголю. Бо здароўе падрастаючага пакалення — гэта здароўе будучыні нацыі.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.