×

Здаровым быць модна!

10.04.2019 17:25,

Папулярызацыя здаровага ладу жыцця прыярытэтны кірунак у выхаваўчай рабоце ўстановы адукацыі. Першы вучэбны тыдзень чацвёртай чвэрці ў Ціманаўскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна прайшоў пад дэвізам “ЗДАРОВЫМ БЫЦЬ МОДНА!. Мэтай правядзення тыдня была прапаганда здаровага ладу жыцця праз развіццё ведаў пра захаванне і ўмацаванне здароўя.

Адкрыццё тыдня пачалося з агульнашкольнай лінейкі, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі поўную інфармацыю пра план правядзення мерапрыемстваў. На працягу тыдня выпускалі газеты, улёткі, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах. Педагогі ладзілі класныя гадзіны на тэму “Фізічная культура, спорт, загартоўванне — неабходныя ўмовы здароўя чалавека”, гутаркі “Камп’ютар — карысць ці шкода?”, “Шкодныя звычкі”. Быў арганізаваны конкурс малюнкаў “Спорт у маім жыцці”.

Падвёў вынік тыдня спартыўны флэшмоб “Мы выбіраем спорт!”, удзел у якім узялі навучэнцы 2—5 класаў, а таксама педагогі. Пачаўся флэшмоб з танцавальнай зарадкі, да якой мог далучыцца кожны. А потым быў танец. Натхняльная музыка, актыўныя рухі, добрыя эмоцыі аб’ядналі дзяцей, зарадзілі ўсіх пазітывам.

Іна БУДАГОЎСКАЯ,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.