×

Жыццё цудоўнае! Думай! Беражы сябе!

15.07.2019 15:11,

У перыяд летніх канікул у Магілёўскай вобласці праводзіцца прафілактычная акцыя «Жыццё цудоўнае! Думай! Беражы сябе!», накіраваная на фарміраванне ў непаўналетніх ведаў пра каштоўнасці жыцця, прапаганду бяспечных і адказных паводзін, развіццё ўменняў распазнаваць рызыкоўныя сітуацыі, выпрацоўку паводзінскай матывацыі да захавання здароўя. Сімвалам акцыі з‘яўляецца эмблема жоўтага колеру ў выглядзе сонца.

Дружна і весела выхаванцы летняга аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Сонейка” Гарбацэвіцкай сярэдняй школы Бабруйскага раёна прынялі ўдзел у акцыі. Прайшлі ўсе тры яе этапы. На першым — “Я б у важатыя пайшоў — хай мяне навучаць!” — выхавальніца лагера Вольга Пятроўна Вінакур вучыла дзяцей старэйшага ўзросту асноўным правілам бяспечнай жыццядзейнасці і спосабам данясення атрыманай інфармацыі да малодшых выхаванцаў лагера. Па заканчэнні навучання кожнаму дзіцяці была ўручана эмблема жоўтага колеру ў выглядзе сонейка — такім чынам, дзіця стала інструктарам.

Падчас другога этапу акцыі “Роўны навучае роўнага” падрыхтаваныя дзеці-інструктары данеслі атрыманую інфармацыю да ведама астатніх выхаванцаў лагера. У форме інтэрактыўных заданняў расказалі аб пазітыўным стаўленні да жыцця і спосабах паводзін у рызыкоўных сітуацыях. Прайшоў паказ пазітыўных мультфільмаў “Баранчык і трус”, “Ніколі не здавайся”, “Як стаць добрым”. Раздадзены памяткі “Тэлефоны даверу”. Па выніках навучання ўсім дзецям былі ўручаны сонечныя эмблемы.

“Сонечны" флэшмоб” — пад такой назвай прайшоў трэці (заключны) этап акцыі. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі, танцавалі, дзяліліся пазітыўным настроем. Падчас правядзення акцыі выхаванцы летняга “Сонейка” падумалі пра сябе і іншых, пра тое, як зрабіць сваё жыццё і жыццё навакольных поўным радасці і іншымі станоўчымі эмоцыямі, якія фарміруюць псіхалагічны імунітэт.

Часцей усміхайцеся адно аднаму, дарыце свае ўсмешкі-праменьчыкі. Жыццё цудоўнае! Думайце! Беражыце сябе!

Наталля ШЫПІНА,
начальнік аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Сонейка” Гарбацэвіцкай сярэдняй школы Бабруйскага раёна.