×

Жыццё цудоўнае! Думай! Беражы сябе!

27.08.2019 12:11,

Лета — любімая і доўгачаканая пара года. А для школьнікаў лета — гэта маленькае жыццё. Папярэджанне дзіцячага траўматызму з’яўляецца адной з самых галоўных задач усіх устаноў адукацыі. Таму ў правядзенні абласной прафілактычнай акцыі “Жыццё цудоўнае! Думай! Беражы сябе!” прынялі ўдзел і выхаванцы зводнага рознаўзроставага атрада, які функцыянуе на базе Іскраўскай базавай школы Бялыніцкага раёна.

Акцыя праводзілася ў некалькі этапаў. На першым этапе “Я б у важатыя пайшоў — хай мяне навучаць” быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё ўменняў распазнаваць рызыкоўныя сітуацыі і на фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін. На другім этапе пад назвай “Роўны навучае роўнага” падлеткі вучылі другіх дзяцей спосабам паводзін у рызыкоўных сітуацыях.

Акцыя была насычана мерапрыемствамі, якія спрыялі развіццю сацыяльнай актыўнасці выхаванцаў зводнага рознаўзроставага атрада, а таксама іншых навучэнцаў і педагагічных работнікаў установы адукацыі.

Заключным мажорным акордам акцыі было правядзенне “Сонечнага” флэш-мобу, які напоўніў станоўчымі эмоцыямі ўсіх удзельнікаў і аб’яднаў іх ва ўсведамленні неабходнасці прапагандаваць бяспечныя і адказныя паводзіны сярод непаўналетніх.

Вольга ШЫЦІКАВА,
педагог-арганізатар Іскраўскай базавай школы Бялыніцкага раёна.