×

Жыве школай

21.01.2020 10:59,

Вядомая народная мудрасць гаворыць: “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца”. Гэтая прыказка як мага лепш характарызуе сярэднюю школу № 21 Магілёва і яе кіраўніка. Высокіх дасягненняў па розных напрамках адукацыйнай дзейнасці ў навучальнай установы шмат. І гэта нядзіўна, бо педагогі тут працуюць на рэальныя здзяйсненні. Кожны дзень на гэта іх матывуе дырэктар Галіна Аляксееўна Віктарава.


Г.А.Віктарава атрымлівае нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”.

Жыццё Галіны Аляксееўны звязана з педагогікай ужо больш за чатыры дзесяцігоддзі. Да настаўніцкай прафесіі яна імкнулася з самага дзяцінства. Ішла да сваёй мэты мэтанакіравана, таму адразу пасля заканчэння школы стала студэнткай сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова. Атрымала запаветны дыплом і працавала настаўніцай у сельскай школе Магілёўскага раёна. Затым выкладала ў гарадскіх навучальных установах. А 18 гадоў назад узначаліла сярэднюю школу № 21 Магілёва.

На працягу ўсяго гэтага часу Галіна Аляксееўна кожную раніцу традыцыйна сустракае ў фае дзяцей, бацькоў і педагогаў. Яны таксама вітаюць дырэктара, звяртаюцца з прось­бамі і парадамі. А Галіна Аляксееўна нікому не адмаўляе ў размове, кожнаму ўдзяляе час.

— Кіраўнік заўсёды павінен ведаць, з якім настроем настаўнікі ідуць на працу, а дзеці — на вучобу. Гэта далёка не дробязь, а адзін з фактараў якаснай адукацыі, таму я заўсёды імкнуся ўдзяліць пэўную ўвагу кожнаму педагогу, кожнаму вучню, — адзначыла Г.А.Віктарава.

За час яе кіравання ў 21-й школе адбылося шмат станоўчых змен. Дзякуючы пастаяннаму імкненню да прафесійнага ўдасканалення, неймавернай працаздольнасці і ўменню душой хварэць за агульную справу, у Галіны Аляксееўны атрымалася згуртаваць калектыў і матываваць яго на змены да лепшага, на выкананне самых складаных задач з атрыманнем максімальнага выніку.

— Працаваць па шаблоне я не ўмею. Калі бярэшся за нешта, рабіць гэта трэба добрасумленна. На гэта і арыентавала калектыў, які я ўзначаліла, — паведаміла Г.А.Віктарава.

Каб прывесці навучальную ўстанову да поспеху, Галіна Аляксееўна вырашыла адмовіцца ад камандна-адміністрацыйнага кіравання, зрабіўшы ўпор на прафесійнае супрацоўніцтва. Яна выбрала для сябе дэмакратычны стыль кіравання: аб’яднала калектыў у адзіную каманду, у якой кожны на­цэлены на якасную працу.


Галіна Аляксееўна са сваім калектывам аднадумцаў.

Гэта прыносіць плён. Па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці ва ўстанове адзначаецца пэўная эфектыўнасць. Галоўнае, да чаго імкнуцца педагогі школы, — разгле­дзець у дзіцяці асобу.

— Зараз у нашай школе навучаецца звыш 1500 дзяцей. Выдатнікаў вучобы з іх толькі каля трэці. Але гэта не значыць, што іншыя вучні не таленавітыя. Мы імкнёмся разгле­дзець патэнцыял кожнага навучэнца і ства­рыць усе неабходныя ўмовы для раскрыцця яго здольнасцей, — падкрэсліла Г.А.Віктарава.

Вучэбны працэс у школе арганізаваны з апорай на перадавыя адукацыйныя тэхналогіі. Увесь педагагічны калектыў знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку. Так, для павышэння вучэбнай матывацыі навучэнцаў пачатковых класаў ва ўстанове стварылі кабінет LEGO-тэхналогій. Ідэя стварэння такога класа належыць настаўніцы пачатковых класаў Ірыне Мікалаеўне Валуевай. Кабінет стаў свое­асаблівай творчай лабараторыяй настаўніцы.

— Для развіцця ў дзяцей цікавасці да тэхнічнай творчасці, навучання іх канструяванню школа набыла 12 канструктараў LEGO WeDo, а таксама спецыяльнае праграмнае за­беспячэнне. З’явілася магчымасць арганізаваць гурток “РОБОТ.ТИК”, які зараз наведваюць навучэнцы першых, другіх і чацвёртых класаў. Яго запатрабаванасць неаднаразова пацвярджалася павышэннем вучэбнай паспяховасці, перамогамі нашых навучэнцаў у разнастайных конкурсах тэхнічнай творчасці. Ініцыятыва педагога аказалася вельмі карыснай. У маёй кіраўніцкай дзейнасці гэта не адзіны выпадак, таму я заўсёды імкнуся падтрымліваць пачынанні настаўнікаў. Такі падыход таксама робіць калектыў зладжанай камандай аднадумцаў, — адзначыла Г.А.Віктарава.

Значную ўвагу Галіна Аляксееўна ўдзяляе развіццю інавацыйнай дзейнасці, бо лічыць яе асноўным механізмам і стымулам да развіцця як педагогаў, так і навучальнай установы. У школе заўсёды рэалізоўваюцца нейкія рэспубліканскія інавацыйныя ці эксперыментальныя праекты. Найбольш адметны з тых, што цяпер ажыццяўляюцца, — міжнародны пілотны праект цэнтральнага ўпраўлення па справах адукацыі школьнікаў за мяжой “Дыплом нямецкай мовы І ступені ў Беларусі”.

— У восьмых, дзявятых класах мы скамплектавалі моўныя групы для падрыхтоўкі вучняў да здачы экзамену на дыплом нямецкай мовы І ступені (DSD-I). Вучні могуць паглыблена вывучаць нямецкую мову на факультатыўных і стымулюючых занятках. Акрамя таго, мы арганізавалі навучанне нямецкай мове на павышаным узроўні ў пятых, шостых класах. Дзякуючы праекту, у школе істотна павысіўся ўзровень выкладання не толькі нямецкай, але і іншых замежных моў, — падкрэсліла Г.А.Віктарава.

З панядзелка па суботу з ранку да вечара Галіна Аляксееўна знаходзіцца ў школе. Штодня яна пагружана ў адміністрацыйныя і вучэбныя справы. Яе працоўны дзень распісаны па мінутах. Яна літаральна жыве школай. Як вынік — сёння тут створаны ўсе ўмовы для развіцця дзяцей. Якасна арганізаваны адукацыйны і выхаваўчы працэс, створана сетка гурткоў і аб’яднанняў, сфарміраваліся свае традыцыі. Усё гэта спрыяе адпаведным дасягненням. Навучэнцы — пастаянныя прызёры рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. За апошнія тры гады яны атрымалі 13 прызавых дыпломаў заключнага этапу алімпіяды. Вучні дэманструюць поспехі і ў навукова-даследчай дзейнасці. Кожны год яны пераможна выступаюць на разнастайных канферэнцыях, інтэлектуальных конкурсах. Таксама школьнікі выдатна праяўляюць сябе ў творчасці і спорце.

Дзякуючы кіраўніцкім прынцыпам Галіны Аляксееўны, сярэдняя школа № 21 ужо не першы год лічыцца адной з лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў горадзе. Пра выдатную дзейнасць у сферы адукацыі яскрава гавораць і асабістыя ўзнагароды Г.А.Віктаравай. У розныя гады яна была адзначана ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі рэспублікі, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Аднак, як і належыць кіраўніку, пра ўласныя дасягненні Галіна Аляксееўна гаварыць не любіць. Яна проста заўсёды знаходзіцца ў руху наперад, дзякуючы шчыраму жаданню стварыць установу, якая будзе другім домам для навучэнцаў. Над дасягненнем гэтай мэты разам са сваім творчым, ініцыятыўным калектывам яна плануе працаваць і надалей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі.