×

Змена праляцела, як стрыж

23.08.2019 10:43,

Як арганізаваць летні адпачынак падлеткаў і цікава, і карысна, і пазнавальна? Варыянтаў, безумоўна, знойдзецца шмат, яны будуць аб’яднаны адной ідэяй: улічыць асноўныя інтарэсы і патрэбы саміх прадстаўнікоў пакалення Z. А для іх важна ўсведамленне значнасці ўласнай ролі і ролі іншых у сваім жыцці, уменне прымаць індывідуальныя рашэнні, якія патрабуюць папярэдняга асэнсавання або абмеркавання, адчуванне ўласнай значнасці і важкасці свайго меркавання. Зыходзячы з усяго пералічанага, на працягу пяці гадоў на базе нашай установы адукацыі працуе лагер працы і адпачынку “Стрыжы”.

Што прываблівае старшакласнікаў у “Стрыжах”? У першую чаргу, гэта магчымасць камунікацыі з равеснікамі не праз сацыяльныя сеткі, а ў рэальнасці, бо адным з правілаў лагера з’яўляецца адмова ад гаджэтаў на час знаходжання ў атрадзе. Вабіць і тое, што ў перыяд змены настаўнікі ператвараюцца ў сапраўдных старэйшых сяброў, з якімі можна і пажартаваць, і шчыра паразмаўляць, і паспрачацца. У гэтым годзе — годзе малой радзімы — падлеткам быў прапанаваны праект “Летні карагод, або як у “Стрыжах” 18 дзён старанна працавалі, дасціпна жартавалі і зухавата танцавалі”. За аснову ўзята ідэя схільнасці беларусаў да калектыўнасці, што яскрава праяўляецца ў працоўнай дзейнасці праз талаку, якая, з аднаго боку, задавальняла натуральную чалавечую патрэбу ў гульнявым элеменце зносін, з другога — была добрым заахвочваннем у працы і спрыяла яе плённасці.

Кожны дзень змены быў тэматычным. У якасці дэвіза дня выкарыстоўваліся беларускія прымаўкі і прыказкі, цытаты айчынных паэтаў і пісьменнікаў. Былі распрацаваны законы і сімволіка лагера, прыдуманы самабытныя формы арганізацыі работы. Асабліва падлеткам спадабаліся стрыж-талака і хвілінкі-здаравінкі.

Карагодныя спевы і гульні выконвалі важную ролю кансалідацыі калектыўных намаганняў. Вось і мы вырашылі стварыць свой летні карагод, які, як паказала практыка, стаў эфектыўнай формай развіцця ў падлеткаў працавітасці, пачуцця калектывізму, творчых здольнасцей. Было ўлічана і тое, што падрыхтоўка і выкананне карагодаў патрабуюць значнай рухальнай актыўнасці, што, у сваю чаргу, садзейнічала фізічнаму развіццю дзяцей. Каб успаміны пра лагерную змену праіснавалі не адзін месяц, мы вырашылі выкарыстаць унікальныя здольнасці нашай памяці. Даўжэй за ўсё мы памятаем гукі, ад якіх шмат чаго залежыць. Няма лепшага правадніка для нашай памяці, чым музыка. Вось чаму менавіта беларускай народнай танцавальнай музыцы было ўдзелена так шмат увагі. За 18 дзён лагернай змены старшакласнікі развучылі і палюбілі такія народныя танцы як “Лявоніха карагодная”, “Верабей”, “Матлёт”, “Лысы”, “Зайчык”, “101”. Нават прапанавалі выкарыстаць іх у якасці рухальных перапынкаў на працягу навучальнага года.

Выхаванню асэнсаванага пачуцця гонару за сваю краіну і патрыятызму садзейнічалі мерапрыемствы, разнастайныя па сваім змесце і накіраванасці: танцавальны батл “Хто “Лявоніху” адплясвае, а каму і хіп-хопа дастаткова”, конкурс інсцэніраванай казкі, стварэнне відэаролікаў “Па вуліцах роднай вёскі”, шоу-праграма “Спадарыня “Купалінка” і спадар Купаліш”, гумарыстычная праграма “Хто добра працуе, той дасціпна жартуе”, квест-гульня “Ключы перамогі”, велапаход, сустрэча з публіцыстам, членам беларускага ПЕН-клуба Н.Б.Сандамірскім, выстава фотаздымкаў “Фота ў вышыванцы”, конкурс фотаздымкаў “Зямля пад белымі крыламі”, акцыя “Мне да твару нацыянальны ўзор”, спартыўныя мерапрыемствы, тэматычныя інфармацыйныя гадзіны і, несумненна, працоўная дзейнасць.

Паколькі ў мінулым годзе падлеткі ўжо набылі навыкі стварэння відэаролікаў, у якіх адлюстроўвалася жыццё лагера, то ў і бягучым годзе ім была прадастаўлена магчымасць удасканаліць свае творчыя арганізатарскія здольнасці ў напісанні сцэнарыяў, апрацоўцы відэаматэрыялаў, рабоце з камп’ютарнымі праграмамі, зборы матэрыялаў. І напрыканцы змены быў прадстаўлены інфармацыйны прадукт — творчы дзённік-справаздача “18 летніх імгненняў з жыцця “Стрыжоў”, лагерная насценгазета “Стужка часу”, а таксама калажы і відэаролік “Запрашаем у “Стрыжы”.

Змена праляцела, як стрыж, — імгненна, пакінула пасля сябе добрыя ўспаміны і жаданне сустрэцца зноў, каб наладзіць новы летні карагод з вясёлым і дасціпным школьным народам, які ўмее старанна працаваць, танцаваць і жартаваць.

Святлана ЛАБАДАЕВА,
начальнік лагера працы і адпачынку “Стрыжы” Заеліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глускага раёна Магілёўскай вобласці.