×

Зробім зялёнай малую радзіму!

04.05.2019 10:28,

Шосты школьны дзень 13 красавіка ў Махаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Магілёўскага раёна прайшоў з вялікай карысцю не толькі для яго навучэнцаў, але і для многіх жыхароў і спецыялістаў аграгарадка Махава.

З пачатку суботняга дня педагогі і вучні наводзілі чысціню на прыдваровай тэрыторыі ВПК: спілоўвалі сухія дрэвы, садзілі новыя, прыбіралі леташнюю лістоту, збіралі смецце, рыхтавалі школьны стадыён да летняга сезона. Вучняў, педагогаў, жыхароў аграгарадка і спецыялістаў розных структур раёна ў рамках месячніка па навядзенні парадку чакала добрая традыцыя — стварэнне сквера сямейных дрэў.

Надвор’е падарыла вясновае сонейка, і добрыя і клапатлівыя бацькі разам са сваімі дзецьмі спяшаліся пасадзіць сваё сямейнае дрэўца. Кіравалі працэсам старэйшае пакаленне. Кожны з вялікай цікавасцю і запалам хацеў зрабіць свой уклад у стварэнне сквера. Святочны настрой падтрымала музычнае суправаджэнне Махаўскага культурна-спартыўнага цэнтра.

Да будучай сямейнай алеі збіралася ўсё больш і больш жадаючых. Вось спяшаецца шматдзетная сям’я Раманьковых: сваю сямейную ліпку яны пасадзяць першай у шэрагу. Наступная ліпа пасаджана сям’ёй Ерашковых, бацькамі чатырох непаўналетніх дзетак. Тата і мама сям’і Ярашавец прыйшлі на пасадку з маленькім Ягорам і дзвюма школьніцамі Дзіянай і Янай, тут яны пасадзяць ліпу, дуб і клён. Калі алея была засаджаны маладымі дрэвамі, баючыся, што спазнілася на пасадку, бегла першакласніца Ангеліна. Разам з мамай яны папоўнілі сквер сваёй сямейнай ліпай Грыгор’евых. У добрай справе прынялі таксама ўдзел дэпутат Магілёўскага раённага савета дэпутатаў Міхаіл Уладзіміравіч Бандарэнка, выконваючы абавязкі Махаўскога сельвыканкама Віктар Уладзіміравіч Гаспадароў, дырэктар Махаўскога дзіцячага сада — сярэдняй школы Алег Уладзіміравіч Сёмкін.

Не хопіць слоў, каб апісаць атмасферу, якую стварылі ўдзельнікі нашай акцыі. Красавіцкае сонца пяшчотна цешыла прамянямі толькі што пасаджаны сквер. Дзеці радаваліся дрэўцам, якія яны пасадзілі разам з татам і мамай. Бацькі, задаволеныя працай, любаваліся сваёй працай.

Сёння ў цэнтры аграгарадка красуецца сямейны сквер з дубоў, клёнаў, ліп. Ёсць тут і драўляныя лаўкі для адпачынку. Няхай з кожным днём наш сквер усё вышэй цягнецца да сонца, распускае сваё лісце, цешаць вока гасцей і жыхароў аграгарадка і ўпрыгожвае маладымі галінамі нашу малую радзіму.

Кацярына МАКАРАВА,
педагог сацыяльны Махаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна.