×

Эх, Калядкі, бліны ды аладкі!

04.02.2019 15:59,

У сярэдняй школе № 109 горада Мінска ўжо 10 гадоў самааддана працуе фальклорна-харэаграфічны дзіцячы калектыў “Карункі беларускія”, якім нязменна з інтузіязмам кіруюць настаўніца Людміла Савельеўна Жоўтак і канцэртмайстар Аксана Віктараўна Назаранка.

У калектыве сёння 50 дзяцей рознага ўзросту з 1 па 8 клас, якія, акрамя індывідуальных і групавых заняткаў па вакале, вывучаюць музычную грамату, авалодваюць ігрой на розных музычных інструментах, атрымліваюць навыкі харэаграфіі. У рэпертуар уваходзяць творы як сучасных беларускіх аўтараў, так і перапрацоўкі гарадскога фальклору Беларусі, адаптаванага да ўзросту і магчымасцей юных выканаўцаў. Яркая традыцыя ў жыцці ансамбля — святкаванне Каляд, прычым не толькі ў самой 109-й школе, але і ў суседніх дзіцячых садах, іншых школах раёна.

Сёлета святкаванне пачалося калядным фэстам “Каляда-калядачкі, бліны ды аладачкі” на сцэне 109-й школы. Гледачамі былі вучні пачатковых класаў. У праграму Каляд уваходзяць як самабытны беларускі фальклор, так і яскравыя асучасненыя тэатральныя дзеі ўдзельнікаў калектыву ў ролях калядных беларускіх персанажаў — мядзведзя і казы. Таксама ў праграму ўключаны міні-канцэрт лепшых салістаў і вакальных ансамбляў з ліку ўдзельнікаў. Вельмі хацелася б адзначыць маленькую зорачку, таленавітую навучэнку 3 класа Сафію Халецкую, у ліку дасягненняў якой ужо маюцца дыпломы, заваяваныя на конкурсах “Прывітанне, свет!” і “Нашы таленты”.

17 студзеня пярвічная прафсаюзная арганізацыя сярэдняй школы № 109 горада Мінска разам з ансамблем “Карункі беларускія” правялі сцэнічнае мерапрыемства для ветэранаў педагагічнай працы Заводскага раёна. З вялікай павагай і падзякай звярнулася да гасцей з прывітальным словам дырэктар школы Людміла Васільеўна Кузняцова. Сустрэча прайшла вельмі цёпла, гледачы не толькі з задавальненнем назіралі за музычнай дзеяй, але і адгукнукліся на запрашэнні юных артыстаў і разам з імі танчылі беларускія полечкі і вальсы. У падзяку за цудоўную сустрэчу госці прачыталі вершы і адарылі юных выканаўцаў салодкімі пачастункамі.

Канцэртная і конкурсная дзейнасць калектыву — справа вельмі хвалюючая. Выступленне перад гледачамі — гэта заўсёды вельмі адказны і ў той жа час поўны захаплення момант у жыцці кожнага ўдзельніка калектыву, яго кіраўнікоў і, канечне, бацькоў дзяцей.
Далучэнне да вытокаў роднай культуры, захаванне беларускіх традыцый і звычаяў у маладзёжным асяроддзі — галоўная мэта існавання і дзейнасці калектыву “Карункі беларускія”.

Аксана НАЗАРАНКА,
Людміла ЖОЎТАК.