×

Лыжню маленькім спартсменам!

13.02.2019 10:51,

Зімовыя віды спорту прыносяць вялікую карысць для здароўя дашкалят. У яслях-садзе № 5  Смалявічаў штодзень праводзяцца заняткі па фізічнай культуры на свежым паветры, якія ўключаюць спартыўныя практыкаванні і спартыўныя гульні па спрошчаных правілах.

Гэтая зіма шчодра адарыла снегам, падараваўшы добрыя ўмовы для спартыўных забаў на паветры, спартыўнага зімовага свята “Зіма-чараўніца”. У выхадныя многія нашы малышы прысутнічалі на гарадскім свяце “Смалявіцкая лыжня — 2019”, а на спартыўным свяце ва ўстанове дашкольнай адукацыі самі змаглі прадэманстраваць навыкі і майстэрства. Цікавасць і захапленне ўзрасталі яшчэ і таму, што напярэдадні ў дзіцячым садзе з’явіліся новенькія лыжы, снежкалепы, клюшкі для хакея і іншы спартыўны інвентар.



На “Лыжні дзіцячага сада — 2019” было шматлюдна. Удзельнікамі сталі выхаванцы старшых груп “Рамонкі” і “Васількі”. А ў ролі балельшчыкаў — выхаванцы малодшых груп. Прыйшлі падтрымаць нашых спартсменаў іх бацькі, супрацоўнікі дашкольнай установы. Усё было як у дарослых і нават як у спартсменаў-біятланістаў. Толькі замест стральбы было кіданне снежак у кошыкі. Барацьба за перамогу на лыжні і ў іншых відах спаборніцтваў была яркая і дружная. Перамагло, вядома ж, сяброўства. Усе атрымалі медалі “Самаму спрытнаму”, “Самаму хуткаму”, “Самаму знаходліваму” і нават “За самае прыгожае падзенне”.





“Лыжня дзіцячага сада — 2019” прайшла вельмі весела, падарыла зарад бадзёрасці і цудоўнага настрою ўсім удзельнікам. А рыхтавалі спартыўнае свята кіраўнікі фізічнага выхавання Аксана Вікенцьеўна Капыш, Кацярына Іванаўна Любуціна, выхавальнікі дашкольнай адукацыі старшых груп Тамара Францаўна Мельнікава, Любоў Мікалаеўна Казлова.

Галіна САДОЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Смалявіч.