×

Сустрэча пакаленняў

01.01.1970 03:00,

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Камуністычнай партыі Беларусі, у Новапалескім ВПК дзіцячы сад сярэдняя школа Салігорскага раёна адбыўся  круглы стол “Сустрэча пакаленняў” з удзелам навучэнцаў 5—11 класаў нашай школы і запрошаных гасцей, якія былі сучаснікамі гісторыі БССР. Былі запрошаны Валянцін Іванавіч Шчарбін, Сафія Антонаўна Шчарбіна, Ніна Уладзіміраўна Чорная.


Вядучыя расказвалі пра БССР — жывы і яркі дакумент гісторыі. І кожнае з пакаленняў упісала ў яго сваю старонку. Для аднаго пакалення гэта былі рэвалюцыя, грамадзянская вайна, калектывізацыя і індустрыялізацыя краіны, першыя пяцігодкі, для іншых — Вялікая Айчынная вайна, гераічныя працоўныя гады пасляваеннага аднаўлення. Прэзентацыя “Гимн Советской Белоруссии” перанесла ў мінулыя часы і дазволіла адчуць дыханне той адметнай эпохі. Фотакадры  краналі сэрца.

З круглай датай у гісторыі павіншавалі навучэнцы 5 класа: Сяргей Іваноў, Сафія Касач, Дзмітрый Бань, Варвара Ярашэня, Вольга Грыцэвіч. Навучэнцы 10 класа Марк Караніха, Яўген Казюкевіч, Данііл Кіслічук згадалі біяграфіі навукоўцаў, грамадскіх і палітычных дзеячаў БССР, якія праслаўлялі салігорскую зямлю, і запрасілі наведаць выстаўку “Назад у БССР”. Навучэнцаў і гасцей зацікавілі не толькі кнігі савецка-беларускага перыяду, але і тагачасныя грашовыя знакі, узнагароды, дакументы, радыёла, касетны магнітафон.

Валянцін Іванавіч Шчарбін да выхаду на заслужаны адпачынак займаў пасаду галоўнага дзяржаўнага інжынера — інспектара дзяржаўнай інспекцыі Дзяржаўнага тэхнічнага нагляду ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Салігорскага райвыканкама, раней працаваў у саўгасе “Новае Палессе” сакратаром партыйнай арганізацыі. Валянцін Іванавіч прынёс з сабой граматы, узнагароды і нагадаў падзеі эпохі БССР, якія ён лічаць найбольш важнымі. Навучэнцы з цікавасцю слухалі ўспаміны Сафіі Антонаўны Шчарбіной, якая працавала ў галіне сельскай гаспадаркі, і Ніны Уладзіміраўны Чорнай, якая працуе загадчыцай сельскай бібліятэкі ў аграгарадку Новапалескі.

На адрас прадстаўнікоў сённяшняга пакалення гучалі пажаданні не баяцца цяжкасцей, дабівацца пастаўленай мэты, любіць малую радзіму.

Напрыканцы ўдзельнікам круглага стала ўручылі памятныя сувеніры. Прагучалі пажаданні міру, дабра, шчасця, дабрабыту ў кожнай сям’і і доме. Зрабілі памятную фатаграфію  гасцей і навучэнцаў 5—11 класаў.

Прайшло стагоддзе з таго моманту, калі беларускі народ сустрэў важную падзею: першыя і ўпэўненыя крокі ў гісторыі рабіла створаная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Мяняліся пакаленні і грамадскі лад, але гэта падзея назаўсёды застаецца ў летапісе роднай зямлі, таму што гэта наша вера, надзея, гісторыя.

Таццяна ЛІТВІНЮК,
класны кіраўнік 9 класа Новапалескага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Салігорскага раёна.