×

Выконваем законы дарог

19.01.2019 10:25,

На базе філіяла Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, што на вул. Ваўпшасава, 29 у Мінску, праходзіць выстаўка-конкурс творчых работ пад назвай “Выконваем законы дарог!”. Выстаўку ў рамках праекта “Дарожная бяспека” ладзіць для дзяцей і моладзі 6—18 гадоў сталічная Дзяржаўтаінспекцыя і цэнтр “Бяспечнае дзяцінства” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

Прадстаўлена больш за 300 работ у 12 розных намінацыях (малюнак, плакат, лепка, мяккая цацка, дэкаратыўнае пляценне і інш.), якія занялі прызавыя месцы на раённым этапе конкурсу. Кожная работа па-свойму ўнікальная, а галоўнае — усе яны прысвечаны важнай тэме — бяспечным паводзінам на дарозе.

Для юных наведвальнікаў выстаўкі спецыялісты цэнтра “Бяспечнае дзяцінства” і супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі падрыхтавалі пазнавальныя гутаркі і віктарыны па Правілах дарожнага руху. Асаблівая ўвага ўдзяляецца тэме захавання правілаў бяспечных паводзін на дарогах у складаных умовах надвор’я, правілах катання з горак на санках, цюбінгах, а таксама неабходнасці абавязковага выкарыстання святлоадбівальных элементаў. За правільныя адказы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць тэматычныя сувеніры ад Дзяржаўтаінспекцыі.

Усім наведвальнікам прадстаўлена магчымасць прагаласаваць за адну з работ, для таго каб вызначыць, хто ж з удзельнікаў конкурсу будзе ўдастоены прыза сімпатый гледачоў.

Кампетэнтнае журы вызначыць лепшыя работы ў кожнай намінацыі, аўтары якіх атрымаюць памятныя падарункі ад арганізатараў. Пераможцы прадставяць нашу сталіцу на рэспубліканскім этапе конкурсу “Выконваем законы дарог!”.

 

Вікторыя ЦАРУК,
старшы інспектар па АіП АДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска.