×

Аб’яднаныя касмічнымі праектамі

11.05.2019 14:27,

У сярэдняй школе № 3 Чэрвеня паспяхова дзейнічае клуб ЮНЕСКА “Факел”. Днём яго нараджэння з’яўляецца 31 кастрычніка 2013 года. За гэты час знаёмства і зносіны з равеснікамі па ўсёй Беларусі і не толькі дазволілі членам клуба ўсвядоміць, што толькі мы самі можам змяніць свет да лепшага. Удзельнічаючы ў розных мерапрыемствах, конкурсах, мы прыносім карысць сабе і навакольным.

Дзейнасць клуба рэгламентуецца статутам, ёсць інфармацыйнае суправаджэнне: інфармацыйны стэнд, у сацыяльнай сетцы створана група клуба “УКантакце” і вэб-сайт клуба, працуе прэс-цэнтр.

Члены клуба “Факел” удзельнічаюць не толькі ў традыцыйных мерапрыемствах (акцыя “Мы ў памяці захоўваем іх імёны”, вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны Чэрвеньскага раёна), але і з’яўляюцца ініцыятарамі і арганізатарамі мерапрыемстваў. Педагогі выступаюць у ролі каардынатара, кансультанта, эксперта.

За час існавання нашага клуба рэалізавана многа розных праектаў: “Падарожжа па ігуменскай зямлі”, “Разам мы мяняем свет да лепшага”, “Магчымасці для ўсіх”. Быў арганізаваны і праведзены Міжнародны маладзёжны форум “Свет без меж”. Удзел у рэалізацыі праекта дазваляе пазнаць сябе, прымераць тую ці іншую ролю, калі хочаце, адказаць на пытанне “Ці зможам, ці па сілах нам?”. Вынікі дазваляюць сказаць: “Можам!” Усё атрымаецца, калі разам, супольна! Члены клуба “Факел” ініцыіравалі стварэнне школьнага самакіравання — рэспублікі “МІК”. Сёння гэты орган прымае непасрэдны ўдзел у жыцці школы, дзеці з’яўляюцца арганізатарамі розных класных і агульнашкольных мерапрыемстваў. Галоўнае, што мы змаглі далучыць і дзяцей, у якіх ёсць праблемы з навучаннем, дысцыплінай.

Вельмі важнай падзеяй для членаў клуба ЮНЕСКА “Факел” аказаўся Міжнародны маладзёжны форум “Свет без меж”, які стаў пачаткам супрацоўніцтва Бранска і Чэрвеня па тэме “Космас у гісторыі нашых гарадоў”. Форум прысвечаны Году малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь і стаў пляцоўкай для абмену вопытам работы паміж клубамі ЮНЕСКА Беларусі і моладдзю Расіі. Праходзіў ён у Чэрвені. У рамках форуму было налаждана супрацоўніцтва членаў клуба ЮНЕСКА “Факел” з навучэнцамі муніцыпальнай бюджэтнай агульнаадукацыйнай установы “Сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 26 імя В.І Кугаева” Бранска. Таксама ў мерапрыемстве прынялі ўдзел члены клуба ЮНЕСКА “Этнасфера” гімназіі № 4 Магілёва, клуба ЮНЕСКА “Мерыдыян” гімназіі № 1 Горак Магілёўскай вобласці, клуба “Прайд” сярэдняй школы № 21 Віцебска, навучэнцы Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя.

Бранск і Чэрвень аб’ядноўвае тэма касманаўтыкі. Бранск праславіў Віктар Міхайлавіч Афанасьеў, вядомы расійскі лётчык-касманаўт, Герой Савецкага Саюза, які чатыры разы пабываў у космасе. З ім нашы дзеці знаёмы асабіста дзякуючы таму, што ён з’яўляецца старшынёй секцыі “Касманаўтыка і моладзь” Міжнародных грамадска-навуковых чытанняў памяці Ю.А.Гагарына, у якіх навучэнцы нашай школы ўдзельнічаюць не адзін год. А горад Чэрвень стаў вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі тым, што тут нарадзіўся Алег Віктаравіч Навіцкі, лётчык-касманаўт, Герой Расіі, які двойчы пакарыў прасторы Сусвету.

У музеі “Летапіс школы” нашай установы адукацыі ёсць стэнд, прысвечаны тэме космасу. У Бранску ж у школе № 26 нядаўна створаны музей касманаўтыкі, таму дзеці з захапленнем расказвалі адно аднаму пра сваю работу па падборы экспанатаў і матэрыялаў для іх стварэння.

Удзельнікі форуму наведалі музей касманаўтыкі ў сярэдняй школе № 2 імя А.К.Флегантава Чэрвеня, а ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч — музей Хаіма Суціна. Экскурсія “Падарожжа па ігуменскай зямлі” дазволіла дзецям азнаёміцца з работай пакоя спорту ў Запольскай сярэдняй школе, Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі, наведаць Музей Станіслава Манюшкі.

Дзеці прадставілі свае клубы, расказалі пра іх работу. Працавала таксама інтэрактыўная пляцоўка “Суперінтэлект”, навучэнцы праводзілі трэнінгі, майстар-класы на розную тэматыку, гульні “Скарбы нацыі” і “Народы свету”.

Форум скончыўся падвядзеннем вынікаў і словамі надзеі на далейшае супрацоўніцтва, якое знайшло адлюстраванне ў рэалізацыі праекта “Космас у гісторыі нашых гарадоў”. У далейшым у рамках праекта былі арганізаваны і праведзены цікавыя мерапрыемствы: касмічны фестываль, у якім дзеці з Бранска ўдзельнічалі анлайн, адначасовы веснавы крос у Чэрвені і Бранску, турнір “Што мы ведаем пра космас?”, віртуальная экскурсія ў музей касманаўтыкі, выраб буклета “Космас у гісторыі маёй малой радзімы”.

Завяршальным этапам рэалізацыі праекта стаў удзел дзяцей з Чэрвеня ў міжнароднай профільнай змене “Фестываль талентаў”, прысвечанай 100-годдзю сістэмы дадатковай адукацыі Расіі. Змена прайшла ў аздараўленчым лагеры “Вяснянка” Бранскай вобласці. Дзеці і кіраўнікі пражылі шэсць незвычайных, насычаных мерапрыемствамі дзён. Квесты, майстар-класы, трэнінгавыя заняткі, танцавальныя флэшмобы, баль, плац-парад, спартыўныя і тэматычныя мерапрыемствы нікога не пакінулі абыякавымі.

Кожны прывёз дадому цёплыя ўспаміны пра новых сяброў, незабыўныя ўражанні ад яркіх мерапрыемстваў, задумы на далейшае супрацоўніцтва.

Абмен вопытам, развіццё сяброўскіх кантактаў, умацаванне партнёрскіх сувязей устаноў адукацыі — усё гэта стала магчымым і рэальным для нас дзякуючы праекту. Мы вызначылі тэматыку далейшага супрацоўніцтва з дзецьмі з Бранска.

У нашай краіне створаны добрыя ўмовы для развіцця дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання, маладзёжнай ініцыятывы. Наш вопыт цікавы равеснікам Бранскай вобласці, што і стане аб’ектам новага сумеснага праекта.

Леанід ШАСЦЕЛЬ.