×

“Адкрыты мікрафон” для роднай мовы

27.02.2019 16:36,

21 лютага 2019 года ў гімназіі было наладжана сапраўднае свята роднай мовы. Гімназісты і настаўнікі абралі эмблему прыхільнікаў беларускай мовы — літару “Ў”.

Распачаўся святочны дзень радыёгазетай “Мова беларуская мая!”. На перапынках у фае другога паверха на імправізаванай пляцоўцы была арганізавана акцыя “Адкрыты мікрафон”. Кожны змог выказаць адносіны да роднай мовы, паразважаць, чаму трэба вывучаць і ведаць сваю мову, згадаць выказванні вядомых мовазнаўцаў пра ролю мовы ў жыцці грамадства, прачытаць вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мове, і нават праспяваць беларускамоўныя песні. Запамінальным стаў флэшмоб вучняў 11 класа, якія разам прачыталі верш Яўгеніі Янішчыц “Ты пакліч мяне, пазаві”.

Свята роднай мовы працягнулася ў актавай зале, дзе адбылося пасяджэнне клуба “Спадчына” (кіраўнік Н.М.Галушка). Члены клуба, вучні 7 класаў, для выхаванцаў пачатковай школы правялі ранішнік “Свята кнігі”. А дзед Абыдзісвет захапіў усіх інтэрактывам пра кнігу. Уся зала разам праспявала песню пра Беларусь. Ранішнік атрымаўся цікавы і захапляльны!

У бібліятэцы гімназіі асаблівай папулярнасцю карысталіся беларускамоўныя выданні. Гімназісты рабілі з імі сэлфі. Працавала тэматычная выстаўка “Родная мова — крыніца натхнення пісьменнікаў”.

Дзякуючы намаганням настаўнікаў гімназіі Дзень роднай мовы ў гімназіі прайшоў святочна і незабыўна!

Юлія ПЯТАКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Барысава.