×

Асенні адпачынак з “Лесавічком”

13.11.2019 14:53,

Сёлета восень выдалася цёплая. Скончылася першая чвэрць, вучні з ахвотаю адклалі сшыткі і падручнікі на верхнія паліцы. Асеннія канікулы ўсім хочацца правесці цікава і з карысцю. 

Так, для хлопчыкаў і дзяўчынак адчыніў дзверы школьны лагер “Лесавічок”, які размясціўся на базе сярэдняй школы № 5 Вілейкі. Дзякуючы сваім кадравым рэсурсам і метадычным матэрыялам ён увайшоў у “Топ - 10 асенніх лагераў Міншчыны”. Прыемна будзе падзяліцца вопытам з калегамі, таму што ўсе мы занятыя адной з найважнейшых спраў у свеце — выхаваннем дзяцей. 

Першы дзень у лагеры прысвечаны знаёмству. Як жа сябраваць, не пазнаёміўшыся? Лесавічок пабыў у трох атрадах і павітаў кожнага хлопчыка і дзяўчынку. Усё добрае і разумнае пачынаецца з любові да Радзімы. Дзецям прапанавана прэзентацыя “Родная Беларусь”. А працягам гаворкі стала віктарына “Вілейка — малая радзіма”. Быць у школе — значыць заўсёды пазнаваць нешта новае. Дзеці наведалі заняткі “Па сцежцы да роднай хаткі” ў школьным музеі, удзельнічалі ў спартыўных гульнях і спявалі песні на роднай мове. 

Шмат новага і цікавага прынёс “Дзень Восені”. Ён пачаўся з хвілінкі здароўя “Моцны імунітэт”. Пазнавальнай і вясёлай была гульня “Яе Вялікасць Бульба”. Дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах і стваралі замалёўкі “Асеннія матывы”. Спартыўныя спаборніцтвы “Навыперадкі з Лесавічком” развівалі і сілу, і лоўкасць, і хуткасць. Творчыя здольнасці дзеці рэалізоўвалі ў “Асенняй майстэрні”. 

Наступіў дзень новых спраў і адкрыццяў. Навука не можа быць сумнай, таму што яна цікавая. Паехалі ў краіну мовазнаўства на “Лінгвістычным цягніку”, дакрануліся да магнітнага поля,  убачылі вясёлку і пабывалі ў гасцях у вядомых казачнікаў. Умелым пальчыкам таксама знайшоўся занятак. Спадабаўся майстар-клас “Вясёлыя чарапашкі”,  у дзяцей засталіся сувеніры, створаныя сваімі рукамі. 

Здаецца, усё цікавае толькі пачынаецца. Работа па аздараўленні дзяцей і арганізацыі вольнага часу толькі набірае абароты. Традыцыйная ранішняя зарадка надала бадзёрасці і добрага настрою на ўвесь дзень. Дзеці ўдзельнічалі ў інтэлектуальных конкурсах “Займальная граматыка”, “Дзівосны свет фізікі”, “Матэматычны куфэрак”. А як весела было гуляць з маленькімі выхаванцамі дзіцячага садка, якія завіталі ў госці да “Лесавічка”. Сумесны музычны флэшмоб пад кіраўніцтвам маладога спецыяліста, настаўніцы музыкі, аб’яднаў усіх дзетак школы і сада. Малышы атрымалі падарункі ад “Лесавічка”. 

Восень блізіцца да заканчэння. Лістапад усцілае лісцем школьную дарожку. Нягледзячы на хуткае завяршэнне лагернай змены, “Лесавічок” застаецца па-ранейшаму актыўны. Сёння гэта “Дзень сяброўства”. І пачаўся дзень з “Гаварун-шоу”. “Вельмі цікава тое, што невядома” — і з гэтым не паспрачаешся. “Навука — справа сур’ёзная”, таму і спецыялісты класныя. “Без творчасці ні дня” — такі дэвіз сёлетняга лагера. Калаж “Што нам Восень падарыла” таму пацвярджэнне. Падчас усіх мерапрыемстваў дзеці працавалі ў спакойнай, камфортнай атмасферы. Выхавальнікі і настаўнікі стваралі неабходныя ўмовы для супрацоўніцтва і сяброўства.

 Апошні дзень з “Лесавічком” прайшоў весела і запомніўся ўсім выхаванцам. Урокі здароўя нагадалі, як трэба абыходзіцца з лекамі ў дамашняй аптэчцы. Гульні “Загадкавы свет прыроды”, “Што раскажа і пакажа мікраскоп” адкрылі шмат цікавага. З вялікім задавальненнем выхаванцы лагера паўдзельнічалі ў мерапрыемствах экалагічнага напрамку: “Захаваем энергію для будучага”, “Энергазберажэнне як стыль жыцця сучаснага чалавека”. Кульмінацыяй дня стала рэфлексійная гульня “А напаследак я скажу…” Усе засталіся задаволеныя мерапрыемствамі. Святочная дыскатэка падарыла добры настрой. На тым і скончыліся вясёлыя і пазнавальныя, спартыўныя і інтэлектуальныя, творчыя і актыўныя дні ў асеннім школьным лагеры “Лесавічок”. 

Здаецца, як зрабіць запамінальнымі гэтыя кароткія асеннія дні школьных канікул? Паспрабуйце аб’яднаць іх ідэяй, абыграць героем, знайдзіце матыватараў-педагогаў, запрасіце дзяцей — і цуд адбудзецца сам сабой. Кожны ўдзельнік працэсу павінен атрымліваць задавальненне ад таго, чым заняты яго рукі і думкі, з кім ён мае зносіны. Скласці план работы лагера — важная справа. Але зрабіць яго дзейсным — справа не менш складаная і важная. Толькі ўсмешкі і шчыры дзіцячы погляд падкажуць педагогам-арганізатарам лагера, што работа ідзе ў правільным напрамку.   


Іна НАВОША,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Вілейкі.