×

Аўдыякніга — у дапамогу настаўнікам і вучням

23.07.2019 11:40,

У гімназіі № 1 Барысава падчас рэалізацыі педагагічнага праекта “Электронны адукацыйны рэсурс як сродак фарміравання сацыякультурных кампетэнцый вучняў” стварылі дыск з аўдыякнігай “Спадчына”. Аўдыякніга складаецца з запісаў праграмных вершаў класікаў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і прадстаўніц жаночай паэзіі ў выкананні вучняў гімназіі на беларускай, рускай і англійскай мовах. У склад аўдыякнігі ўвайшлі таксама музычныя кампазіцыі (песні на вершы паэтаў) і фільмы, прысвечаныя жыццю і творчасці паэтаў.


Запіс вершаў у ме­дыяцэнтры гімназіі.

За тры гады працы над праектам 116 гімназістаў сталі выканаўцамі 110 вершаў беларускіх паэтаў, выканаўцамі песень на вершы паэтаў, сцэнарыстамі фільмаў. Медыяцэнтрам гімназіі запісана 27 вершаў Максіма Багдановіча, 24 вершы Янкі Купалы, 22 вершы Якуба Коласа, 37 вершаў беларускіх паэтэс Дануты Бічэль-Загнетавай, Канстанцыі Буйло, Еўдакіі Лось, Ніны Мацяш, Цёткі, Яўгеніі Янішчыц, Ганны Якубоўскай, Ірыны Хадарэнкі, Людмілы Рублеўскай, Таццяны Дзям’янавай, Эдзі Агняцвет, Лёлі Багдановіч.

Ідэя стварэння аўдыякнігі ўзнікла пасля правядзення ў гімназіі тыдняў беларускай літаратуры, прысвечаных святкаванню юбілейных дат беларускіх пісьменнікаў. Асабліва папулярным і масавым конкурсам быў конкурс чытальнікаў вершаў паэтаў. Таму, каб захаваць лепшыя ўзоры чытання вершаў, вырашылі стварыць аўдыякнігу. Удалым для сябе лічым тое, што на час рэалізацыі педагагічнага праекта прыпалі юбілеі класікаў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ніны Мацяш, Яўгеніі Янішчыц, Еўдакіі Лось.

Праект прадугледжваў арганізацыю разнастайнай дзейнасці ўдзель­нікаў адукацыйнага працэсу і арганізацыю ўзаемадзення з бацькамі вучняў, грамадскімі арганізацыямі, сацыякультурнымі ўстановамі з мэтай фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі вучняў падчас стварэння ЭАР.

На сённяшні дзень творы класікаў беларускай літаратуры, якія вывучаюцца ў школе, не сістэматызаваны ў медыяасяроддзі, у настаўнікаў і вучняў няма аўдыякнігі з падборкай праграмных твораў.

Сацыякультурная кампетэнцыя — гэта шматкампанентная характарыстыка асобы, якая праяўляецца ў веданні і прыняцці асноўных каштоўнасцей нацыянальнай і сусветнай культуры, здольнасці карыстацца такімі ведамі ў працэсе зносін.

У праекце былі задзейнічаны настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, англійскай мовы, педагогі эстэтычнага напрамку, вучні 5—11 класаў. Для дасягнення мэты праекта была арганізавана работа клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах “Традыцыі і культура беларусаў”, “Юні-нэт”, “Спадчына”, “Вытокі”, “Садружнасць”, “Роднае слова”, “Аматары беларускай мовы” “Аб’ектыў”, навуковага таварыства гімназістаў “Эрудыт”, медыяцэнтра гімназіі, які ўключае тэлецэнтр, радыёцэнтр, часопіс “Партфель гімназіста”. Фарміраванню сацыякультурнай кампетэнцыі са­дзейнічалі і мерапрыемствы па святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы, у рамках якога праводзілася акцыя “Адкрыты мікрафон”, удзел у міжнародным праекце “Паўночны тыдзень”, у міжнароднай акцыі “Чытаем дзецям пра вайну”, адкрытыя пасяджэнні клубаў з удзелам бацькоў, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі і дзеячамі культуры.

Вынікі сваёй дзейнасці клубы і аб’яднанні па інтарэсах прадстаўлялі падчас правядзення тыдняў беларускай літаратуры (“Незабыўны Максім Багдановіч”, “Купала і Колас у сэрцы маім”, “У паэзіі жаночае аблічча”). Асноўным мерапрыемствам тыдняў для далейшай работы над аўдыя­кнігай быў таксама конкурс чытальнікаў вершаў: выбіраліся пераможцы і рабіўся першапачатковы аўдыязапіс вершаў.

У 2018/2019 навучальным годзе была завершана работа над праектам, усе аўдыязапісы былі апрацаваны, сістэматызаваны і аформлены ў фармаце аўдыякнігі. ЭАР створаны з дапамогай праграмы AutoPlay Media Studio.

Інфармацыя для настаўнікаў пра ЭАР, рэкамендацыі па карыстанні размешчаны на афіцыйным сайце гімназіі, дзе можна спампаваць аўдыякнігу і азнаёміцца з яе фрагментамі (https://gymn1borisov.schools.by/news/954763). Для вучняў аўдыякніга размешчана ў сацыяльнай сетцы “УK” у групе “Першая — значыць лепшая!” (https://vk.com/club129564823).

Вынікам працы над праектам стала не толькі створаная аўдыякніга, але і сфарміраваныя сацыякультурныя кампетэнцыі вучняў. Настаўнікамі гімназіі ў Google-форме быў створаны апытальнік “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…” https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSd_FnqBIaZCUZbCg7cYsMhep8-lUnKgo_EI62hogTvN3_NZYQ/viewform) (QR-code 3). Былі апытаны 286 вучняў 8—11 класаў. Вынікі сведчаць, што вучні на высокім узроўні валодаюць ведамі пра нормы, каштоўнасці, традыцыі і культуру сваёй краіны.

Фрагменты аўдыякнігі былі прадстаўлены на абласным форуме “Дзень роднай мовы” ў межах рэспубліканскага маладзёжнага праекта “Беларусь — крыніца натхнення” і адзначаны падзякай Мінскага абласнога камітэта БРСМ.

Выкарыстанне настаўнікамі аўдыя­кнігі “Спадчына” ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці будзе садзейнічаць фарміраванню ў вучняў усвядомленай грамадзянскай пазіцыі і нацыянальнай самасвядомасці. А вучням ЭАР будзе цікавы перш за ўсё тым, што створаны ён такімі ж прадстаўнікамі маладога пакалення, якія ўжо сталі транслятарамі нацыянальнай культурнай спадчыны.

Юлія ПЯТАКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Барысава.