×

Бацькі першакласнікаў

13.01.2019 16:17,

У рабоце настаўніка пачатковай школы важна з першай сустрэчы ўцягнуць у школьнае жыццё бацькоў. Таму падчас першага знаёмства з мамамі і татамі першакласнікаў стараюся супакоіць насцярожаных, а часам і проста спалоханых бацькоў. Тлумачу, што вучыцца нескладана і ў дзяцей усё атрымаецца, калі настаўнік і сям’я будуць працаваць разам.

Першай праверкай для нас стаў “Асенні кірмаш”. Бацькі маіх вучняў паставілісяда яго сур’ёзна: не толькі прыйшлі самі, але і прывялі бубуль і дзядуль, прынеслі так шмат салодкага, што не хапала месца на імправізаваных “вітрынах”. З таго моманту я ім давяраю і магу цалкам на іх разлічваць.

Пасля мы разам прайшлі безліч конкурсаў, экскурсій, акцый. Наведвалі Мінскі лялечны тэатр і навагодняе шоуў Дудзінцы, збіралі батарэйкі і макулатуру, удзельнічалі ў акцыях “Дзень без аўтамабіля” і “Цуды на Каляды”, прымалі пасвячэнне ў чытачы ў гарадской бібліятэцы і сустракаліся з паэтэсай Аленай Маеўскай. Цяпер рыхтуем работы адразу на некалькі конкурсаў дзіцячай творчасці, і вучням, якія пакуль не ўсё могуць зрабіць самі, дапамагаюць зацікаўленыя і неабыякавыя бацькі. Яны шмат часу праводзяць з дзецьмі, цікавяцца іх жыццём. А я магу толькі падзякаваць ім за падтрымку!

А.Б. ЖАВАНАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Барысава.